Как спустя полтора года после запуска работает единственная в стране установка по переработке батареек

Справа бытавой тэхнікі

Тры гады таму прадпрыемства БелВТІ выйграла тэндар на вываз батарэек на перапрацоўку за мяжу. Аднак далёка яны не з’ехалі. Па ініцыятыве Мінжылкамгаса ў краіне прыступілі да стварэння ўласнай вытворчасці па перапрацоўцы адпрацаваных элементаў сілкавання. І ў лістападзе 2017 года запушчана першая і пакуль адзіная ўстаноўка. За гэты час праз яе прайшло каля 200 тон адслужыўшых свой век батарэек.

У дзень ад насельніцтва паступае больш за 100 заявак на вываз адходаў электратэхнікі.

Тэхналогія рассартавання

У мінулым годзе Грузія адмовілася ад выкарыстання поліэтыленавых пакетаў, Францыя да 2040 года перастане прадаваць дызельныя і бензінавыя аўтамабілі. Такой палітыкі крок за крокам пачынаюць прытрымлівацца ўсё больш краін. Оду экалогіі спяваць можна бясконца. Аднак ёсць пакуль рэчы, ад якіх чалавек адмовіцца не можа. А значыць, іх трэба перапрацоўваць. Тут неабходна памятаць, што атрыманне другасных рэсурсаў — пытанне эканамічнае, грашовае.

Прадпрыемства БелВТІ збірае адходы тэхнікі ў насельніцтва самастойна, праз службу вывазу БелВТІ-таксі і ўласныя прыёмныя пункты, а таксама праз заключэнне дагавораў даручэння з прадпрыемствамі ЖКГ, Белкаапсаюза, іншымі нарыхтоўчымі арганізацыямі і прыёмнымі пунктамі, праз аб’екты гандлю. Юрыдычныя асобы самастойна здаюць тэхніку і аплачваюць перапрацоўку.


Начальнік экалагічнага сектара Дар’я Капціліна праводзіць да склада выкарыстанай бытавой тэхнікі. Карціна вельмі постапакаліптычная — перад намі могілкі пральных машын, тэлевізараў, халадзільнікаў, здаецца, сотні кантэйнераў, з якіх выглядаюць камп’ютарныя клавіятуры і электрачайнікі. Нават абсталяванне стаматалагічнага кабінета чакае другога жыцця. 

— У дзень ад насельніцтва паступае больш за 100 заявак на вываз адходаў электроннага і электрычнага абсталявання. Калі раней ездзілі тры машыны, то цяпер іх восем. Адна дастаўляе, як правіла, больш за тону тэхнікі. А самастойна прывозяць 20—30 чалавек. Да таго ж з лютага гэтага года збор распаўсюдзіўся на ўсю Мінскую вобласць. Але асноўны аб’ём усё роўна паступае з Мінска — 70 адсоткаў. Населеныя пункты Мінскай вобласці пакуль менш дасведчаныя, — расказвае Дар’я Капціліна.

За мінулы год група кампаній БелВТІ па ўсёй краіне сабрала больш за 8000 тон адходаў тэхнікі. Вялікі скачок у параўнанні з 2017-м — 3895 тон. І гэта, згодна з данымі даследаванняў, няшмат, калі ўлічваць, што ў цэлым па краіне ў год утвараецца каля 7,7 кілаграма адходаў тэхнікі на аднаго чалавека. Значыць, на ўсё насельніцтва больш за  70 000 тон у год. Прадпрыемства збірае толькі 11 адсоткаў гэтых адходаў.

Але гэта толькі даныя БелВТІ. Ёсць таксама частка арганізацый, якія займаюцца зборам і перапрацоўкай, а таксама фізічныя асобы, якія самастойна разбіраюць тэхніку і здаюць вынятыя другасныя матэрыяльныя рэсурсы. 

З буйнавузлавой разборкі пераходзім да больш глыбокай перапрацоўкі, дзе здабываюць другасныя матэрыяльныя рэсурсы — чорныя, каляровыя, каштоўныя металы, пластык, гуму. Іх здаюць на перапрацоўчыя прадпрыемствы. Чорныя (жалеза і яго сплавы), каляровыя (медзь і алюміній) металы могуць выкарыстоўвацца паўторна. З пластыкам складаней.

Элементы, якія змяшчаюць каштоўныя металы, напрыклад платы і мікрасхемы, узбагачаюць, выдаляюць лішняе. Калі назапашваецца партыя, яе адпраўляюць на спецыялізаваныя афінажныя прадпрыемствы. Непасрэдна атрыманне каштоўных металаў у выглядзе чыстага золата, срэбра, плаціны, паладыю, родыю адбываецца за мяжой. А затым яны вяртаюцца да нас у краіну.

Ні многа, ні мала

Калі фізічныя асобы самі прывозяць тэхніку, у Мінску за кілаграм ім выплачваецца 25 капеек. Альбо прадпрыемства самастойна забірае тэхніку бясплатна, выносіць з кватэры і плаціць 10 капеек за кілаграм у Мінскай вобласці.

За 2018 год сабрана 174,3 тоны батарэек.

— Людзям здаецца, што гэта досыць нізкая цана. Але ж яна параўнальная з цэнамі на макулатуру, шкло, рыззё. Вядома, калі здаваць чорныя і каляровыя металы напрамую, то кошт будзе вышэй. Калі макулатура, па сутнасці, гатовая другасная сыравіна, то з тэхнікай у некалькі разоў складаней, улічваючы, колькі стадый яна праходзіць — выманне, ачыстка, сартаванне. Як бы мы ні стараліся, усё роўна нейкая частка адходаў адпраўляецца на захаванне — тое, што нельга выкарыстоўваць альбо не знайшло прымянення ў краіне. Напрыклад, ўцяпляльнікі з халадзільнікаў, кінескопы, — удакладняе начальнік экалагічнага сектара.

Прадпрыемства не можа пакрыць другаснымі матэрыяльнымі рэсурсамі выдаткі на перапрацоўку, паколькі для большасці відаў тэхнікі выманне і сартаванне другасных матэрыяльных рэсурсаў вельмі затратна.

Асноўная праблема акупнасці — немагчымасць замяніць карпатлівую ручную працу на аўтаматызацыю. Пакуль выдаткі на збор тэхнікі ад насельніцтва кампенсуюцца ДУ «Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў». Яны назапашваюць бюджэт ад вытворцаў або пастаўшчыкоў тэхнікі. Гаворка пра так званы ўтылізацыйны збор, які вытворцы і пастаўшчыкі выплачваюць пры ўвозе бытавой тэхнікі ў Беларусь у залежнасці ад яе кошту.

Увогуле, збор і перапрацоўка бытавой тэхнікі ў краіне наладжаны добра, такая ж праца актыўна вядзецца з батарэйкамі. Адзін з напрамкаў работы прадпрыемства — устаноўка зялёных кантэйнераў для збору батарэек у крамах, гіпермаркетах, офісах. Па Мінску і Мінскай вобласці іх налічваецца больш за тысячу.

За мінулы год сабрана 174,3 тоны батарэек. Пакуль адзінай у Беларусі ўстаноўкі па іх перапрацоўцы дастаткова. Устаноўка ў дзве змены можа перапрацаваць больш за 200 тон батарэек. А да гэтага паказчыка яшчэ збіраць і збіраць.

Частка другасных матэрыяльных рэсур­саў, вынятых з батарэек, знайшла прымяненне ў краіне. Аднак вугляродна-марганцавая і цынкавая сумесі пакуль не запатрабаваны. У іх ёсць толькі патэнцыяльныя спажыўцы з Расіі, але аб’ёмы для продажу недастатковыя. Партыі яшчэ назапашваюцца.

У той жа час вядзецца праца па наладжванні працэсу здабывання металічнага марганцу і цынку. Гэта планавалася яшчэ пры ўкараненні ўстаноўкі. Цяпер гэта пытанне часу і грошай.

malyshchyts@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter