Крыніца і капліца
КРЫНІЦА знаходзіцца на самым краі Міёрскага раёна, але па прыходзе належыць да чарневіцкай царквы Параскевы Пятніцы Глыбоцкага раёна. Ды і ад самога аграгарадка Чарневічы яна куды бліжэй, чым ад таго ж Язна, што на Міёршчыне. У самым яго цэнтры, на скрыжаваннi вуліц, нельга не заўважыць таблічку, на блакітным фоне якой указаны стрэлкай напрамак да крыніцы Іаана Хрысціцеля. Адсюль да яе каля трох кіламетраў. Палявая дарога сцелецца па ўскрайку вялікага поля, а з другога боку ўшчыльную падступаюць арэшнік з альхоўнікам, хваёвы лес. Нечакана дарога робіць круты паварот на дзевяноста градусаў і рэзка спускаецца з гары ў даліну, а пасля гэтак жа імкліва падымаецца. Адсюль да святой крыніцы — рукой падаць. Сваё аўто прыезджыя пакідаюць на імправізаванай стаянцы на гары, а самі спускаюцца з розным посудам па вельмі крутой сцяжыне ўніз. Там, крыху вышэй падножжа, стаіць беласнежная капліца Іаана Хрысціцеля, з-пад якой і вырываецца магутны паток вады, што за метр ад зямлі ўпадае ў мураваную неглыбокую студню і выліваецца з яе па трох трубках ужо больш павольнымі ручаямі, хаця таксама даволі імпэтна. Далей, праз дзясятак крокаў, купальня, зладжаная з тоўстых дубовых дошак, куды сцякае крынічная вада. Побач драўляны павільён для пераапранання, лаўкі для адпачынку.
Алег ВАЙЦЯХОВІЧ
Калі трапляеш сюды, адразу адчуваеш асаблівую энергетыку. Аб гэтым сведчыць і пакручастая сасна ля самой капліцы. Сама ж крынічная вада лечыць, дапамагае пры розных хваробах. У прыватнасці, людзям, у якіх баляць суставы.
Тутэйшыя жыхары прыгадваюць пра адну жанчыну з Оршы, якую прынеслі на руках, бо не магла хадзіць. Ёй далі тады крынічнай вады, акунулі ў купальні. Праз год яна з’явілася зноў. Рухалася ўжо самастойна, апіраючыся на палачку. А яшчэ праз год і зусім без яе. Асабліва ж цудоўная вада дапамагае бяздзетным жанчынам, што пацвярджае айцец Сергій Чарневіцкай царквы.
— Пасля наведвання крыніцы многія жанчыны займелі дзяцей. А ў пяці выпадках мне давялося нават хрысціць нованароджаных, якіх прывозілі шчаслівыя маці.
Нешта падобнае прыпамінае жыхар Чарневічаў, у мінулым настаўнік мясцовай школы Віктар Норка, які, дарэчы, заўзята вывучаў гісторыю свайго краю:
— У аграгарадку Узмёны Міёрскага раёна працавала мая дачка. Насупраць яе дома жыла пара, у якой нарадзілася дачка Наташа, і потым на працягу пятнаццаці гадоў у іх дзяцей не было, з-за чаго вельмі гаравалі. Дачка ўгаварыла суседзяў з’ездзіць да крыніцы, набраць вады, акунуцца ў купальні. І праз некалькі месяцаў, дзесьці ў кастрычніку, жанчына заявіла, што ў яе будзе дзіцё.
Сама па сабе крынічная вада мае сілу. Яна доўгі час стаіць у посудзе, не псуецца. Яе гаспадыні бітонамі бяруць для засолу гародніны, кансервавання. Некаторыя кажуць, што не трэба нават кіпяціць. Бываюць дні, калі крыніцу наведвае да паўтысячы чалавек. А тры разы ў год — 7 ліпеня, на нараджэнне Іаана Хрысціцеля, 11 верасня, адсячэнне яго галавы, і асабліва 19 студзеня, на Вадохрышча — тут збіраецца да дзвюх тысяч. Заўважыўшы такое шматлюднае паломніцтва, бізнесмены з вялікага горада захацелі наладзіць разліў святаянскай вады на продаж. Аднак вета на гэты “бізнес” наклаў айцец Сергій.
Гарой стаяць за сваю крыніцу і мясцовыя жыхары. Яшчэ ў савецкі час, калі тут хацелі правесці меліярацыю, яны дружна выступілі супраць. Увогуле ж, месца гэта гістарычнае, яго яшчэ называюць “залатой злучынай”. Сярод высокіх пагоркаў раскінулася даліна, па якой цячэ рака Авута. Непадалёку, за паўкіламетра, захаваліся сляды гарадзішча. Археалагічныя раскопкі паказваюць, што тут яшчэ каля тысячагоддзя таму, а мо, нават і больш, жылі людзі і, магчыма, пілі ваду з гэтай самай крыніцы.
ПРА яе застаецца шмат загадкавага. Каб хоць крыху высветліць некаторыя тайны, тутэйшыя людзі параілі звярнуцца да жыхара аграгарадка Язна Міёрскага раёна Алега Вайцяховіча, які вельмі шмат зрабіў і робіць па добраўпарадкаваннi святога месца.
— Алег Мікалаевіч, два дзясяткі гадоў таму менавіта вы ўзялі шэфства над крыніцай Іаана Хрысціцеля. Як атрымалася, што яна “нарадзілася” не ў нізіне, як звычайна бывае, а на схіле самай высачэзнай гары?
— Гэту тайну спрабуюць разгадаць вучоныя, археолагі. Адназначнага адказу пакуль няма. На маю думку, крыніца, прыціснутая ў падзямеллі нейкімі цяжкімі пластамі, усё-такі знайшла сабе дарогу ў пародах і прабілася праз іх.
— Але як растлумачыць у такім разе факт, што цячэ не слабы ручаёк, а вывяргаецца сапраўдны вадаспад?
— Справа ў тым, што з-пад зямлі ў гары б’е не адна, а каля дзевяці крыніц, якія амаль побач. Яны зліваюцца ў асобны ручай, утвараючы той самы вадаспад. Я прыкінуў, што за суткі выцякае каля 250 тон вады, або 5—6 чыгуначных цыстэрнаў. Прычым адна і тая ж колькасць, незалежна ад пары года, засухі ці макраты, і нязменная тэмпература — 4—6 градусаў вышэй нуля.
— Вада мае адметныя ўласцівасці?
— Так, аналіз рэспубліканскай лабараторыі пацвердзіў, што яна ўтрымлівае шмат карысных для чалавека элементаў. Але і проста, калі прыгледзецца, можна заўважыць, што вада з трох-чатырох крынічак мае афарбоўку вокісу жалеза, а з адной – чорнага вокісу серабра. Наконт апошняга, што ў вадзе крыніцы ёсць элементы серабра, аднойчы паміж мясцовым хлопцам і гасцямі зайшла спрэчка: “Ну што ж, калі не верыце, то зараз я вам пакажу!” І прама з таго месца, адкуль цячэ вада крынічкі, дастаў жменю зямлі, у якой можна было ўбачыць акісленае серабро.
— Значыць, гэта праўда, што калісь, каля тысячы гадоў таму, а мо, і болей, як сцвярджаюць археолагі, у гэтых мясцінах сапраўды жылі людзі, кавалі з мясцовай руды прылады для земляробства і зброю?
— Сапраўды, непадалёк, на ўзвышшы, было паселішча старажытных людзей, хутчэй за ўсё, крывічоў. Аб гэтым сведчаць каменныя сякеры і пікі, якія знаходзілі пры раскопках археолагі. Няма сумненняў у тым, што нашы далёкія продкі якраз і пілі ваду з гэтай самай крыніцы.
— Як яны адкрылі яе?
— Ёсць некалькі легенд на гэты конт. Вось адна з іх. Прыйшлі бацька з сынам у тутэйшы лес па дровы. Заўважылі, што з-пад каранёў аднаго з дрэў сочыцца вада. Калі ссеклі яго, то забіў моцны струмень. А яшчэ кажуць, што жыў тут сляпы чалавек, які памыў гаючай вадой з гэтай крыніцы вочы і стаў бачыць. Крынічная вада сапраўды паляпшае зрок, і не толькі. Дапамагае і тым, хто хварэе на ногі. Ведаю, што чалавек з Празарок, які слаба хадзіў, папіў вады, некалькі разоў акунуўся ў купелі і выздаравеў. У знак удзячнасці ён выкаваў жалезны крыж для крыніцы, які стаіць там і зараз.
— А чаму крыніца носiць iмя Іаана Хрысціцеля?
— Таксама ад пакалення да пакалення перадаецца легенда, што адна жанчына ў разводдзе пайшла да крыніцы і знайшла ля яе абразок Іаана Хрысціцеля, які прыплыў па вялікай вадзе.
— Алег Мікалаевіч, гэта святое месца “ўдалечыні ад цывілізацыі” досыць прыстойна акультурана: тут ёсць і мураваная капліца, і купальня, і павільён для пераапранання, і альтанка для адпачынку, і лаўкі. А сама крынічка аздоблена ў мармур. Як вам, фактычна аднаму, усё гэта ўдалося зрабіць?
— Пачну з гісторыі. Раней капліца была драўляная. У савецкі час, калі адносіны да рэлігіі былі, мякка кажучы, раўнадушныя, капліцу разабралі, і з яе бярвенняў на ферме склалі бытоўку для вартаўніка. А жыў у той час у нас такі добры чалавек, Леанід Мікалаевіч Бортнік, які скарыстаўся падтрымкай мясцовых жыхароў і зладзіў новую капліцу з белай цэглы, якая асвечана ў 1985 годзе. Што тычыцца мяне, то я з малых гадоў разам з маці, якая надта веруючая, а потым і адзін прыязджаў на веласіпедзе да крыніцы. Яна давала мне моцы, настрою. І калі стаў працаваць, то заняўся далей яе добраўпарадкаваннем. Але сваіх грошай на гэта яўна не хапала. І вось аднойчы прывёз сюды адпачыць добрага веруючага чалавека, земляка Васіля Лукашэвіча. Ён быў вельмi ўражаны ўбачаным і пагадзіўся дапамагчы фінансамі ў здзяйсненні маіх задумак. Адзначу такі факт, што мармур для корабу крыніцы прывезлі ажно з Італіі. Самае складанае было – “утаймаваць” паток, каб спакойна набраць ваду. Для гэтага была зладжана спецыяльная неглыбокая мураваная студня, у якую па трубе, пракладзенай пад капліцай, трапляла вада і па трох трубачках меншага дыяметра ўжо струменілася больш павольна на зямлю, не пераліваючыся праз край самога рэзервуара.
— Але ж адно — збудаваць, а па-другое – падтрымліваць парадак. А ён, калі нi прыедзеш сюды, ідэальны…
— Тут трэба сказаць дзякуй уладам і жыхарам бліжэйшых населеных пунктаў Міёрскага і Глыбоцкага раёнаў. Дапамагаюць па першай просьбе вучні старэйшых класаў Язненскай сярэдняй школы, якія і кветкі высаджвалі, і лаўкі пафарбавалі. Кіраўніцтва акцыянернага таварыства “Чарневічы”, а таксама ДЭУ-145 ніколі не адмаўляюць у тэхніцы, каб падправіць дарогу, зімою расчысціць яе ад снегу. Слухаюцца мяне і нашы маладыя хлопцы, каб падкасіць траву на тэрыторыі крыніцы. Агульнымі намаганнямі і робім добрую справу для людзей, каб ніколі не зарастала сцяжына да крыніцы Іаана Хрысціцеля з гаючай вадой.
saulich@bk.ru