Набережная и городской сад: в Бресте возле реки Мухавец появится новое место для прогулок

Шыкоўны падарунак гораду

Брэст прыхарошваецца да тысячагоддзя. Міленіум горад адсвяткуе ўжо ў верасні. Да круглай даты пабудавалі нямала значных аб’ектаў: Кобрынскі пуцеправод, Заходні абход, новы аўтавакзал, парк Тысячагоддзя, станцыю хуткай дапамогі, футбольны манеж, школы і дзіцячыя сады. Надаючы першасную ўвагу сацыяльным і інфраструктурным аб’ектам, гарадскія ўлады не забываюць пра лакацыі, якія робяць горад больш утульным і прывабным. Набярэжная ракі Мухавец і гарадскі сад — у гэтым спісе.

Гарадскі сад ужо становіцца адным з любімых месцаў адпачынку брастаўчан.

Добрыя прыклады трэба пераймаць

Набярэжная змянілася літаральна за пару гадоў. Акрамя самой ракі, раней тут не было амаль нічога з таго, што магло б быць цікавым гараджанам і турыстам. Старшыня гарвыканкама Аляксандр Рагачук паставіў задачу выправіць сітуацыю: 

— Набярэжная павінна стаць папулярным месцам адпачынку, як вуліца Савецкая. Мы сінхранізуем яе з гарадскім садам, таму тут будзе нармальны трафік з выхадам у цэнтр горада і ў крэпасць.

Работы пачаліся яшчэ ў 2014 годзе. За гэты час з’явіліся новыя пешаходныя і веласіпедныя дарожкі, парковачныя месцы, арт-аб’екты. Уздоўж ракі ўстанавілі агароджу, зрабілі пляцоўку з антывандальнымі трэнажорамі, сучасную дзіцячую пляцоўку. Цікавы аб’ект — сонечны гадзіннік. Кампазіцыю ўпрыгожваюць 16 мініяцюр. Сярод іх — гарнізонны храм у Брэсцкай крэпасці, вакзал, вежа старажытнага горада, драмтэатр і іншыя будынкі.

Нядаўна гарадскі сад упрыгожыла ўваходная арка.

Зараз набярэжная «расце» далей — у бок Брэсцкай крэпасці. Яшчэ нядаўна гэтае месца займаў рачны порт. Зараз тут шчыруюць будаўнікі, працуюць бульдозеры і экскаватары. 

«Брэстводаканал» аднавіў 12-метровую вежу водазабеспячэння.
З паўночнага боку — гарадскі сад. Хутка дзве лакацыі аб’яднаюцца ў адну. У жыхароў Брэста з’явіцца магчымасць адпачыць ва ўтульнай зялёнай зоне, размешчанай у цэнтры горада. 

Вяртанне з мiнулага

Гараджане радуюцца пераменам: 

— Брэст — даволі вялікі горад, але месцаў для спакойнага адпачынку ў цэнтры не сказаць што многа. Набярэжная, парк, раён вуліцы Савецкай. Амаль што і ўсё. Упэўнены, што гарадскі сад будзе вельмі запатрабаваным. Ужо зараз мы з унукамі любім бавіць тут час, а работы яшчэ далёка не скончаныя, — расказвае пенсіянер Віктар Цып. 

Упершыню брэсцкі гарадскі сад узгадваецца ў нарысах пісьменніка-этнографа Паўла Шпілеўскага «Падарожжа па Палессі і беларускім краі», якія былі апублікаваныя ў расійскім часопісе «Сучаснік» у сярэдзіне 1850-х. Сад займаў вялікі ўчастак на скрыжаванні Кветкавага бульвара і вуліцы Шасэйнай. Гэта было любімае месца адпачынку берасцейцаў. Аднак яно прыйшло ў заняпад.

Тут ужо з'явіўся невялікі музейны куточак.

Канцэпцыю аднаўлення распрацаваў калектыў архітэктараў ААТ «Брэстжылпраект». Усё будзе зроблена максімальна аўтэнтычна: без атракцыёнаў і забаўляльных устаноў. У прыярытэце — ціхі, «зялёны» адпачынак.

Работы ў гарадскім садзе пачаліся адносна нядаўна, але зрабіць паспелі шмат. Першая чарга рэканструкцыі ўжо завершана. Будаўнікі праводзяць экскурсію: 

— Глядзіце, мы дэманціравалі рэзервуары старога водазабора, прыбралі агароджу з боку праспекта Машэрава, ачысцілі спуск да ракі ад хмызняку. Паабапал дарожак — маладыя дрэвы. Устанавілі новыя ліхтары, лаўкі, арку на ўваходзе.Ужо з’явіліся першыя кампазіцыі кветак. 

Вялізны валун — цэнтральны аб'ект саду. 

Цэнтральны аб’ект саду — велізарны камень-валун, які паднялі з дна вадаёма ў Чырвоным Двары. Ён стане часткай кампазіцыі, якую дапоўняць берасцейскі ручнік і лагатып 1000-годдзя Брэста. Зараз будаўнікі робяць прыступкі да валуна і выкладваюць тратуарны камень вакол будучай кампазіцыі. Побач — вялікая драўляная альтанка. Вечарамі тут будзе іграць аркестр. 


Дарэчы, удзел у аднаўленні гарадскога саду прымаюць не толькі камунальныя і будаўнічыя арганізацыі, але і простыя гараджане. Нядаўна гарвыканкам запрасіў брэстаўчан прыняць удзел у суботніку, дапамагчы ў добраўпарадкаванні саду. Людзі ў баку не засталіся, падтрымалі ініцыятыву.

losich@sb.by

Автор фото: Александр ШУЛЬГАЧ


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter