![](/upload/iblock/424/42423653bfd93052440eecd011b2dd0d.jpg)
Палічка з лапцямі
Рамяство лапцепляцення захоўваюць і працягваюць у народным гісторыка-краязнаўчым музеі «Невычэрпная крыніца гісторыі» пры гімназіі № 25 Мінска. Тут праводзяць экскурсіі і майстар-класы. Жадаючых набыць пару лапцей просяць гімназію не турбаваць. Продажам музей не займаецца. Усе маніпуляцыі з лыкам праводзяць толькі ў культурна-гістарычных мэтах. Аліна Пахвалёная, кіраўнік музея, такiм чынам выхоўвае любоў да беларускай культуры ў сваіх вучняў.
Справа ад увахода ў музей бачу вузкую высокую паліцу з лапцямі розных памераў: ад зусім дзіцячых да дарослых. Адзін з экспанатаў нагадвае мне своеасаблівыя пакарочаныя шкарпэткі.
— Гэта канапляныя лапцікі, — тлумачыць мне Аліна Казіміраўна. — Між іншым, лічыліся самымі трывалымі.
Бяру ў рукі незвычайны абутак і разглядаю. Пляценне выклікае асацыяцыю з чарадой вонкава-вываратных вочак на ваўняным пуловеры. Лапці выглядаюць акуратнымі, хоць зараз выстаўляй на продаж. Доўгую гісторыю гэтай пары выдае толькі пацёртая падэшва. Дарэчы, рарытэтаў у музеі шмат.
![](/upload/iblock/c03/c036c67d5a3132b14b837889de59fbee.jpg)
Каля паліцы з лапцямі нас чакае вучань Аліны Казіміраўны — дзевяцікласнік Кірыл Дзеннiшкін. Прыбраны хлопец паглыбляецца ў гісторыю рамяства.
— Лапці плялі на спецыяльных драўляных прыстасаваннях — капылах. А iх рабілі ў залежнасці ад памеру ног. Сам жа абутак плялі з розных матэрыялаў. Абрадавымі лічыліся лапцікі з саломы. Іх насілі толькі ў царкву і па святах. Лапці са скуры з’яўляліся прыкметай дабрабыту. Каб зрабіць адну пару, трэба было забіць ягня. А самымі трывалымі i надзейнымi лічылі абутак з канапляных нітак. Ён мог пратрымацца ў тры разы даўжэй, чым звычайныя лапці. Між тым часцей за ўсё нашы продкі карысталіся лыкам — пластом дрэва пад ліпавай карой. Яго здымалі з расліны і замочвалі ў гарачай вадзе. Сплецены лапаць вешалі сохнуць на гарышча. А калі абутак быў гатовы, абвязвалі нітачкамі — аборамі. Перад абуваннем лапцей, каб сялянам было зручней і цяплей, на ногі завязвалі анучкі. Звычайна для гэтых мэт карысталіся суконным або канапляным палатном.
Каб набрацца спрыту i пазнаць болей пра мастацтва лапцепляцення, Аліна Казіміраўна і яе вучні разам ездзілі ў вёску Смілавічы. Майстар Іван Ярашэвіч запрасіў гасцей у музей аграрнага каледжа. Там прайшоў майстар-клас. Аліна Казіміраўна ўспамінае: фатаграфавала кожны паварот лыка ў руках абутнiка. На выпадак, калі які-небудзь з этапаў забудзецца.
— Раней у нас пляла лапцi майстрыха Янка Канаплёва. Менавіта яе вучыў Іван Паўлавіч. А калі Янка школу скончыла, стаў асвойваць рамяство Кірыл. Навуцы гэтай мы знікнуць не дадзім, — абяцае Аліна Казіміраўна.
Генетычная памяць
Бяросту на лапці нарыхтоўвалi вясной. Менавіта ў гэты час года самая падатлівая кара. На адзін лапаць сыходзіць чатыры палоскі драўнянай кары даўжынёй каля 30 сантыметраў. Гэта лычкі, ад шырыні якіх залежыць памер вырабу.
![](/upload/iblock/1ff/1ff95ead654d0cf68758ccb00df443a7.jpg)
Кірыл Дзеннішкін невыпадкова займаецца лапцепляценнем. Успамінае, што з дзяцінства ў руках трымаў то дрот, то леску — усё хацелася скручваць з iх розныя канструкцыi, вязаць вузлы. Праца ў хлопца ідзе лёгка, быццам хто яму падказвае.
Музей у гімназіі стаў для Аліны Казіміраўны родным месцам. Амаль усе хатнiя рэчы ў iм — розныя пралкi, старыя прасы i слоiкi — прывезены з дома яе бабулі. Настаўніца ўспамінае вячоркі, што шумна праходзілі ў яе родным вясковым доме. Яна, зусім яшчэ дзіця, слухала песні прысутных, гукі прадзільнага станка і глядзела на суконнае палатно, што хваляй выходзіла з-пад яго.
— Вось ён, тут стаіць, — узрушана паказвае мне на прыстасаванне Аліна Казіміраўна.
Галоўнае ў музеі настаўніца называе без сумнення — старажытнае рамяство. Запэўнівае: цікавасць з боку моладзі ёсць.
— Гэта толькі кажуць, што дзеці зараз дрэнныя. Яны ж добрыя. Я клянуся, добрыя. Неяк мы праводзілі майстар-клас у парку. Дык такая цікавасць была да нашых лапцей! Малодшыя падыходзілі: а што гэта, а мы не ведаем, а пакажыце. Сталыя людзі таксама назіралі. Гэта ж усё іхняе, знаёмае, роднае, — запэўніла Аліна Казіміраўна.
З кожным годам носьбітаў старажытнай культуры становіцца ўсё менш. Але пакуль яны застаюцца, трэба пераймаць навуку. У гэтае шчыра верыць настаўніца. Я пасачыла за гарачым запалам Аліны Казіміраўны і, здаецца, сама захварэла на лапці. Самой захацелася не тое што набыць — змайстраваць парачку плеценага абутку.
Наталля ТЫЧКО
Фота аўтара