Як гарадcкiя паркi сустракаюць восень

Што такое восень? Гэта паркі

Нават тыя, хто не любіць холад, не супраць палюбавацца сезоннай пазалотай. У гэтым годзе восень нас не абдзяліла — пейзажы ў кастрычніку што трэба. Вакол ліловы, чырвоны, жоўты, барвяны. Буянне фарбаў цешыць вока, настрой стварае і лістота, што шалясціць пад нагамі. Мы прагуляліся па мінскіх вуліцах і даведаліся, што памянялася з прыходам халадоў.

Кіра з мамай кожны дзень прысвячаюць некалькі гадзін для пешых прагулак.

Сезон адпачынкаў заканчваецца, і нам даводзіцца зноў прывыкаць да працоўных будняў. Яшчэ і сонечных дзён стала менш — і як тут не ўпасці ў восеньскую хандру?

— Рухацца больш трэба, — бадзёра адказала Алена Аляксееўна, якая гуляе з сабакам.

Кожны дзень Алена Аляксееўна гуляе ў парку з суседкай і іх гадаванцамі.

Пенсіянерка ведае, пра што кажа: ёй сумаваць не прыходзіцца. Кожны дзень у парку імя Горкага яна гуляе з суседкай і іх гадаванцамі. І няважна, спякота на вуліцы або шчокі шчыпае марознае паветра. Сяброўка Галіна Рыгораўна дадае:

— Восень на вуліцы ці зіма — гэта няважна. Трэба любіць прыроду ў любым яе выглядзе. Раю больш часу праводзіць на свежым паветры, чым ляжаць на канапе ля тэлевізара.

Атракцыёны ў парках ужо не працуюць, але народу хапае. Па акуратных алеях між дрэў шпацыруюць закаханыя пары.

Атракцыёны ў парках ужо адключылі, але народу хапае.

— Апранаемся цёпла і ідзём качак карміць, — сустракаю студэнтаў, якія закупіліся хлебам і ідуць у бок Свіслачы. У планах, прызнаюцца, яшчэ з’ездзіць на Мінскае мора. Там, кажуць, цяпер прыгожы захад сонца — можна добрыя фатаграфіі на памяць зрабіць.

У гарадскім парку гуляюць маладыя мамы з дзецьмі. Двухгадовая Кіра, напрыклад, у захапленні ад рознакаляровага лісця. Збірае яго для гербарыя. Яны з мамай жывуць недалёка, таму могуць кожны дзень прысвячаць некалькі гадзін для пешых прагулак.

Гараджане раяць: трэба больш часу праводзіць на свежым паветры, чым ляжаць на канапе ля тэлевізара.

Дарэчы, у сярэдзіне восені горад моцна памяняўся: дзе-нідзе ўжо апала лісце, з’явіліся вялікія лужыны, настрой гараджан псуюць і цёмныя хмары, што навіслі над Мінскам. Але маладыя людзі імкнуцца ўзбадзёрыцца, як могуць. Дзяўчыны дадаюць яркіх фарбаў у свой гардэроб, малююць вусны бардовай памадай, а хлопцы частуюць дам гарачай кавай або шакаладам. Такую карціну застаю на вуліцы Кастрычніцкай, якая славіцца маладзёжнымі тусоўкамі круглы год. Афіцыянт мясцовага кафэ ўвесь у працы:

— Як наступіла восень, кліенты сталі часцей заказваць гарачыя напоі і браць іх з сабой. Ужо рэдка бяруць салаты, больш высокакаларыйныя стравы. Напрыклад, бургеры, бульбу з мясам, салодкія дэсерты. Бліжэй да зімы ў кафэ будзе не праціснуцца.

Шмат хто, вядома, у гэтую пару года адседжваецца дома, але большасць гараджан жывуць у звыклым рытме.

…Нельга сказаць, што з прыходам халадоў і дажджоў вуліцы апусцелі. Шмат хто, вядома, у гэтую пару года адседжваецца дома, але большасць гараджан жывуць у звыклым рытме. І ні ў чым сабе не адмаўляюць — так, кажуць, весялей. І дэпрэсія не прычэпіцца.

— Людзі не ляцяць на поўдзень, як птушкі, не спяць у холад, як мядзведзі. Нам трэба далей жыць: чакае школа, праца, сям’я і сябры. Надвор’е змяняецца, але гэта не прычына сумаваць! — у канцы маёй пешай прагулкі падняў настрой выпадковы прахожы. А што, ідэя!

Галодныя вавёркі самі бягуць да людзей, каб выпрасіць пачастунак.

ypopko@bk.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter