Што ў мяху ў Цярэшкі?

НА СЦЭНЕ хлопцы і дзяўчаты ў прыгожых нацыянальных касцюмах так і сыплюць прыпеўкамі. Пары закручваюць віхуру танца. А ў цэнтры ўсім запраўляе балагур і весяльчак Цярэшка, з нагоды якога і разгулялася вяселле. Так пачынаецца выступленне народнага фальклорнага тэатра з Глыбокага, які першым у вобласці пятнаццаць год таму назад аднавіў абрад «Жаніцьба Цярэшкі» і ўзяў потым для назвы свайго калектыву яго імя. Сёння народны тэатр фальклору «Цярэшка» з Глыбокага вядомы далёка за межамі краіны. Ён быў удзельнікам каля дзесяці міжнародных фестываляў. А сёлета стаў лаўрэатам рэспубліканскага фестывалю народнага мастацтва «Берагіня», які праходзіў у пасёлку Акцябрскі Гомельскай вобласці. Стваральнік тэатра і яго кіраўнік Наталля НІКІФАРОВІЧ удастоена прэстыжнай рэспубліканскай прэміі «За адраджэнне».

Або незвычайны тэатр Наталлі Нікіфаровіч з Глыбокага

НА СЦЭНЕ хлопцы і дзяўчаты ў прыгожых нацыянальных касцюмах так і сыплюць прыпеўкамі. Пары закручваюць віхуру танца. А ў цэнтры ўсім запраўляе балагур і весяльчак Цярэшка, з нагоды якога і разгулялася вяселле. Так пачынаецца выступленне народнага фальклорнага тэатра з Глыбокага, які першым у вобласці пятнаццаць год таму назад аднавіў абрад «Жаніцьба Цярэшкі» і ўзяў потым для назвы свайго калектыву яго імя. Сёння народны тэатр фальклору «Цярэшка» з Глыбокага вядомы далёка за межамі краіны. Ён быў удзельнікам каля дзесяці міжнародных фестываляў. А сёлета стаў лаўрэатам рэспубліканскага фестывалю народнага мастацтва «Берагіня», які праходзіў у пасёлку Акцябрскі Гомельскай вобласці. Стваральнік тэатра і яго кіраўнік Наталля НІКІФАРОВІЧ удастоена прэстыжнай рэспубліканскай прэміі «За адраджэнне».

Цярэшка чаху-чаху, Што ў цябе ў мяху-мяху? Шпілечкі — іголачкі, золата, пярсцёначкі.

Паэт Віталь Гарановіч  напісаў пра тэатр Наталлі Нікіфаровіч верш:

Студзень гурбы

з ветрам вершаць,

Замятае сцежкі.

Жаніх першы, хлопец лепшы,

Вяселле Цярэшкі.

Прыйшло грышча, дуда грае,

Вогнішча палае.

У плоце жэрдкі лічаць дзеўкі,

Лёс свой выбіраюць.

 Падбіраюць бацька, маці

 У Каляды пару,

Каб у дзеўках не застацца

Ва ўзросце сталым.

Хлопец вывераным скокам

«Вішаньку» зрывае:

«Не будзе лава так высока», —

Слова прамаўляе.

На прыпеўкі і пацешкі

Ноч багатай будзе.

Кожнай Мар’і па Цярэшку

Наварожаць людзі.

З Наталляй сустрэцца аказалася не так проста. У раённым метадычным цэнтры, да якога «прыпісаны» тэатр, паведамілі, што яна вось ужо другія суткі знаходзіцца ў вёсцы Дзеркаўшчына, дзе вучыцца выпякаць хлеб па старадаўняму рэцэпту.

З’явілася Наталля пад вечар з некалькімі боханамі духмянага, яшчэ гарачага, на кляновых лістах,  хлеба, водарам якога адразу напоўніўся ўвесь кабінет. Адрэзала лусту і запрасіла пакаштаваць.

— Ну як?! — усміхнулася загадкава.

— Смаката, не перадаць словамі! Здаецца б, цэлы бохан з’еў. І як удалося стварыць такі цуд?

— Сапраўды, удалося, — не хавае задавальнення Наталля. — Каго ні спытаеш — то пазабываліся, як хлеб пяклі даўней, ці не могуць ужо. Знайшла-такі адну бабулю, завуць яе Сцепаніда Аляксандраўна Лупач, якая пагадзілася па рэцэпту, што застаўся яшчэ ад маці, выпечы хлеб. Паехала ў вёску я ўчора. Зрабілі разам з Аляксандраўнай закваску. А сёння на ранічку замясілі цеста, пачакалі, пакуль падыдзе яно — і ў печ!.. Атрымалася тое, што бачыце. Гэта — скарб!

— Ды яшчэ які! — не магу не пагадзіцца з ёй. — Але ж, прабачце, выпякаць хлябы — справа кулінараў, кухараў. Якое дачыненне гэта мае да вашага тэатра?

— Самае непасрэднае!

Так пачынаецца наша гаворка пра тэатр і яе стваральніка.

— Наш тэатр — фальклорны, — падкрэслівае Наталля. — У сцэнках, і асабліва ў песнях, якія выконваем, нярэдка ўпамінаюцца словы, сэнс якіх страчаны або падзабыты. Каб данесці да гледача, нам самім усё трэба глыбока ведаць, «паспытаць». Гэта адносіцца і да хлеба. Той хлеб, што сёння ў краме, і той, што выпякаўся нашымі бабулямі дома, — гэта не адно і тое ж. І справа не толькі ў рэцэпце. Кожны бохан тады быў «абласканы» рукамі гаспадыні, укладзена часцінка яе душы. Артыстам тэатра, на маю думку, гэта варта ведаць.

— Што ж гэта ў вас за тэатр такі?

— Калі пачынаць з гісторыі, то хачу сказаць, што на глыбоцкай зямлі ў вёсцы Палевачы нарадзіўся Ігнат Цярэнцьевіч Буйніцкі, заснавальнік беларускага нацыянальнага тэатра. У яго рэпертуары напачатку мінулага стагоддзя было шмат народных танцаў, сцэн з тагачаснага жыцця. Мы наважыліся прадоўжыць справу Буйніцкага: стварылі падобны тэатр і назвалі яго — народны тэатр фальклору «Цярэшка».

— Што ўвогуле ў праграме выступлення тэатра?

— Гумарэскі з сучаснага жыцця. Высмейваем незласліва розныя заганы. Выконваем песні, прыпеўкі і шмат танцаў. У тым ліку тыя, якія танцаваў сам Буйніцкі.

— Нават так? Гэта ж трэба было іх неяк убачыць, аднавіць?

— Справа ў тым, што нам спачатку вельмі пашанцавала, што мы засталі яшчэ ў жывых кагосьці з жыхароў Празарокаў, якія танцавалі некаторыя танцы, і музыканта, які іграў тую ж «Каробачку», «Свеціць месяц», «Лысы». Асобныя ж танцы, такія рэдкія як «Абэрак польскі», «Полька з падкіндэсам», «Полька-кошык», давялося збіраць, як кажуць, па крупінках, складваць па кавалачках. Адзін рух «падгледзелі» ў Галубічах, другі — на Псуеўшчыне. Гэта была надта карпатлівая праца.

— Затое — і заслужаны поспех.

— У нас сапраўды адразу атрымаўся нейкі ўзлёт. Мы зрабілі першую праграму «Вячоркі», і да нас прыехаў вядомы рэспубліканскі фалькларыст Васіль Літвінка, які якраз вёў тэлеперадачу «Запрашаем на вячоркі». Ён нас паглядзеў і кажа: «Вельмі цікава. Мне надта прыглянуўся абрад «Жаніцьба Цярэшкі» ў вашым пераказе, таму запрашаю на сваю перадачу «Вячоркі». Мы паехалі, не пабываўшы нават дагэтуль на сцэнах сельскіх дамоў культуры. Наш тэледэбют прайшоў паспяхова, і Літвінка паса- дзейнічаў таму, што мы трапілі на міжнародны фестываль «Каляда» ў горад Роўна ва Украіне. Там сабралася 44 калектывы. Палова з іх была адабрана на гала-канцэрт. У тым ліку — і мы. Калі ўсё закончылася, мяне абступілі карэспандэнты і засыпалі пытаннямі. Я ўпершыню бачыла столькі журналістаў і зусім разгубілася. Выручыў Васіль Літвінка, які расказаў пра наш калектыў і раён.

— Дзе яшчэ вам давялося пабываць, акрамя Украіны?

— Мы ездзілі ў Расію, Латвію, Літву, Польшчу, Венгрыю. Кожны фестываль па-свойму цікавы. Аднак самы яркі, на маю думку, быў у Венгрыі — фестываль фальклорнага танца. Мы і працавалі там, але мелі час і для адпачынку. Паглядзелі, чым багаты той край. У сваю чаргу венгры былі вельмі прыемна здзіўлены нашым выступленнем. Ім спадабаліся нашы касцюмы, а пра нашу польку гаварылі, што гэта — фантастыка. Такая задорная, вясёлая. У нас ёсць карагод такі, дзе хлопец выбірае дзяўчат, а дзяўчаты выбіраюць мужчын з гледачоў. Гэта настолькі для іх было цікава…

— Вашаму тэатру 15 год. Рэпертуар застаўся той жа, што і напачатку?

— Засталася толькі аснова, а сам рэпертуар абнаўляецца часта. Мяняюцца песні, складваюцца новыя танцы, гумарэскі.

— Калі глядзіш выступленне тэатра «Жаніцьба Цярэшкі», складваецца ўражанне, што там выступаюць прафесіяналы. Ва ўсялякім разе — адны работнікі культуры.

— Пры заснаванні амаль так і было. Калі дырэктар раённага метадычнага цэнтра Ала Віктараўна Юргель 15 год таму папрасіла стварыць падобны калектыў па адраджэнні забытых традыцый (гэта яе задумка), мы глядзелі, колькі ёсць у нашых культустановах хлопцаў, і пад іх падбіралі дзяўчат. Але ішоў час. Хтосьці выходзіў замуж, хтосьці выязджаў з раёна. Сёння ў складзе тэатра ледзь не палова людзей — не работнікі культуры. Але ўсе жывуць тэатрам, усе стараюцца выступіць. І нават Таццяна Малтоўнік, якая стала начальнікам аддзела культуры райвыканкама, нягледзячы на загружанасць, працягвае іграць у тэатры. Вось такая самаадданасць! Я вельмі ўдзячна ўсім артыстам тэатра, як цяперашнім, так і былым. А яшчэ — уладам раёна за падтрымку, і асабліва старшыні райвыканкама Алегу Віктаравічу Морхату, які знайшоў ажно 70 мільёнаў рублёў, каб поўнасцю абнавіць наш гардэроб.

— Наталля, у 2003 годзе вам як стваральніку і кіраўніку народнага тэатра фальклору «Цярэшка» была прысуджана прэстыжная рэспубліканская прэмія «За адраджэнне». Як вамі быў успрыняты гэты факт?

— Лічу, што на той час гэту прэмію на сто працэнтаў я не заслугоўвала. Але ў наступныя гады я старалася гэтыя працэнты навярстаць. Каб не было сорамна.

— Некалькі слоў пра сябе. Адкуль вы? Калі не мясцовая, як трапілі на Глыбоччыну?

— Я нарадзілася на Гродзеншчыне, у 30 кіламетрах ад знакамітага Мірскага замка. А сюды як трапіла? Вучылася ў Віцебску, у культпрасветвучылішчы. Пасля яго заканчэння быў выбар: ехаць у Лепельскі раён ці Глыбоцкі. Падалася ў Глыбокае, бо там ужо быў мой старэйшы брат. Трапіла ў Вярхнянскі сельскі Дом культуры. Працавала там жа, у мясцовай школе, піянерважатай. Потым трапіла ў раённы метадычны цэнтр, дзе і змагла раскрыць свае здольнасці.

— Але, Наталля, акрамя культуры, у вас ёсць і іншае жыццё?

— Люблю кветкі. У вольную хвілінку хочацца пакапацца ў невялікім агародзе ля дома. Любое свабоднае месца там у мяне займаюць кветкі. Калі яшчэ была мама, то мякка дакарала мяне: «Ты б пасадзіла лепш моркву ці бульбу!» Я — не. Кветкі нічым не заменіш!

Уладзімір САУЛІЧ, «БН»

Фота аўтара

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter