Большасць нажоў, што прыходзяць на экспертызу, былі набытыя ўладальнікамі на кітайскіх сайтах.
Праз паўгадзіны сядзення на азіяцкай гандлёвай анлайн-пляцоўцы пераконваюся — тут можна знайсці ўсё. І традыцыйны непальскі нож, ці, па некаторых класіфікацыях, кароткі меч кхукры, і нескладны нож з серпападобным клінком керамбіт з гульні Counter Strike, і нават нож з вінтавым профілем для забойства. Хапае танных копій прадукцыі вядомых фірмаў накшталт Sander, Sabatier альбо Gude. Яны як дзве кроплі вады падобныя да арыгіналу, але прайграюць яму, напрыклад, у цвёрдасці. Але ж не кожны пакупнік мае пад рукой цвёрдамер.
Цяжкасці з такой пакупкай узнікнуць на этапе мытнага кантролю. У выпадку выяўлення сканарам у пасылцы нажа, клінок адправяць на экспертызу ў Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз. Там эксперты павінны адказаць на пытанне: з’яўляецца ён халоднай зброяй ці не.
— Да халоднай зброі адносяцца шаблі, шашкі, нажы, кінжалы, корцікі, кастэты і штылеты. Усе яны спецыяльна прызначаныя альбо прыстасаваныя для паражэння жывой цэлі. Да зброі не адносяцца вырабы, сертыфікаваныя ў якасці прадуктаў гаспадарча-бытавога і вытворчага прызначэння. Гаворка ідзе пра складныя, кухонныя і садовыя нажы, — праводзіць для мяне кароткі лікбез эксперт Маскоўскага раённага аддзялення ГКСЭ па Мінску Дзмітрый Папко.
У залежнасці ад прызначэння нажы дзеляцца на паляўнічыя, баявыя, апрацоўчыя, турыстычныя і нажы для выжывання. У кожнага з іх ёсць свае асаблівасці, разабрацца ў якіх неспецыялісту часам бывае цяжка. Гэтым карыстаюцца нячыстыя на руку прадаўцы колюча-рэжучага тавару, вырабленага без захавання тэхналогій і параметраў.
— У нажа ёсць тры асноўныя часткі. Іх памеры і наяўнасць альбо адсутнасць уплываюць на аднясенне экзэмпляра да халоднай зброі. Гэта даўжыня клінка, таўшчыня абуха і наяўнасць гарды ці абмежавальніка, — эксперт дэманструе складовыя часткі нажа.
Перш чым аднесці ўзор да пэўнага віду, яго тэсціруюць. Сёння ў вопытных руках эксперта керамічны нож з падпальцавымі выемкамі на ручцы.
— Такія падпальцавыя выемкі і абмежавальнік на ручцы ёсць на большасці паляўнічых нажоў, — эксперт круціць у руках экзэмпляр, які будзем даследваць. — Пры нанясенні ўдару абмежавальнік альбо падпальцавыя выемкі забяспечваюць трывалае ўтрыманне нажа і яго бяспечнасць пры гаспадарчых работах і пры занятках пэўнымі відамі спорту.
Тэсціраваць наш экзэмпляр бу-дзем у лабараторыі на звышдакладных прыборах. Перш за ўсё вымяраем даўжыню і таўшчыню клінка. Затым на спецыяльным прыборы вызначаем індэкс трываласці і пругкасці сталі. Для вымярэння забойнай сілы наносім нажом удары па манекене, які імітуе мышачную тканку. Пасля завяршэння эксперыменту спецыяліст робіць выснову — гэты нож халоднай зброяй не з’яўляецца.
Часцяком на даследаванне прыходзяць складныя нажы. У большасці сваёй яны выраблены завадскім спосабам і халоднай зброяй таксама не з’яўляюцца. Яшчэ адзін распаўсюджаны тып — нож керамбіт, альбо ў народзе «кіпцюр». Такую назву ён атрымаў з-за выгнутага клінка. Яны ў большасці сваёй таксама дазволеныя.
У камітэце даследуюць не толькі нажы, але і кінжалы, шпагі, мачэтэ і корцікі.
— Трапляюцца і зусім ужо эксклю-зіўныя экзэмпляры, — эксперт узгадвае выпадкі з практыкі. — У гэтым годзе ў мяне на экспертызе была марская шабля з Францыі ХІХ стагоддзя. Мінулым летам даследваў кавалерыйскую шаблю таксама ХІХ стагоддзя. Яе канфіскавалі ў аднаго з пасажыраў метрапалітэна падчас праверкі багажу. Улічваючы вялікую эфектыўнасць у блізкім баі, такімі шаблямі ў свой час узбройваліся конная артылерыя, жандармы, гусары і конныя піянеры.
Хапае і тых, хто хоча мець дома нажы, вырабленыя па індывідуальных заказах з элітных матэрыялаў: тытана ці дамаскай сталі. Для аздаблення ў такіх мадэлях могуць выкарыстоўвацца натуральны перламутр, ракавіны галіатысаў, скура ската і іншыя экзатычныя матэрыялы. Аднак пры вырабе нажоў па індывідуальным заказе не ўсе майстры вытрымліваюць крыміналістычныя патрабаванні. У выніку ўладальнік такога экзэмпляра можа ў лепшым выпадку яго пазбавіцца, у горшым — атрымаць штраф да шасці базавых велічынь за незаконны абарот халоднай зброі. Майстру, што вырабіў такі клінок, пагражае зняволенне.
Як не парушыць закон, купіўшы нож з рук, расказаў старшы інспектар па дазвольнай працы Партызанскага РУУС Мінска Дзмітрый Кондраль:
— У грамадзянскім абароце халодная зброя забаронена. Прадаўцы, якія гандлююць прывезенымі з іншых краін нажамі нелегальна паблізу рынкаў і падземных пераходаў, не маючы пры гэтым ніякіх дакументаў на тавар, рызыкуюць патрапіць пад крымінальны артыкул. У рамках закона халоднай зброяй гандлююць толькі спецыялізаваныя крамы, якія маюць ліцэнзію на гэты від дзейнасці і сертыфікат адпаведнасці на тавар. Увесь іх тавар прамаркіраваны. Для набыцця, напрыклад, паляўнічага нажа неабходна прад’явіць пасведчанне паляўнічага і спецыяльны дазвол, выдадзены ў органах унутраных спраў. Пры куплі серыйны нумар нажа і дату продажу прадавец упіша ў гэты дазвол.
gorbatenko_inna@mail.ru
Фота аўтара