Вушкі з кутасікамі, вочкі карыя
Прайшоўшы КПП, апынуліся ля гарнізоннага клуба вайсковай часці. Справа ад яго стаіць вялікая вальера. Тут і жыла калісьці пара рысяў. Зараз гэта месца аблюбаваў новы маленькі жыхар. Праўда, штосьці яго тут не відаць... Начальнік аддзялення ідэалагічнай работы вайсковай часці 3214 маёр Аляксандр Бражыцкі адразу тлумачыць:
– Бачыце, робім насціл, камфортны для рысі, усталёўваем лазы і кіпцюрытачылку. Зараз вядзём работы, а Фенікс — у клубе.
Пазнаёмімся? Пакуль падымаемся па лесвіцы, цікавімся, адкуль жывёла ўзялася і чаму ёй выбралі такое імя. Аказваецца, Фенікс прыехаў да нас у ліпені са зверагаспадаркі Маскоўскай вобласці, дзе ён нарадзіўся ў няволі. Купілі яго нашы афіцэры за свае грошы. А рысяў, якія жылі тут раней, калісьці сюды перадаў Мінскі заапарк.
– У нашай краіне рысяў ніхто не прадае, у Расіі – так. Дык вось: мы купілі яго, каб прыцягнуць увагу да захавання віду, – Міністэрства прыродных рэсурсаў у сваёй статыстыцы паказвала, што ў краіне ў нас засталося 500 асобін рысі. Да таго ж рысь – сімвал спецназа. Мы купілі яе, народжаную ў няволі, падалі ўсе заяўкі, дакументы пра законнасць куплі і перавозу ў Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Нацыянальную акадэмію навук. Калі б усё гэта не пацвердзілі, у нас бы рысь проста забралі. Дорага каштуе? Фенікс – гэта ўжо наш сябар, пра грошы не гаворым. У нас было пяць імёнаў на выбар, але пакінулі менавіта гэтую мянушку. Коратка называем яго Феням, – разам з Аляксандрам Бражыцкім мы ў холе клуба.
Відаць, што аблюбаваў гэтае месца, хай і на час, нейкі звер – ляжыць кілімок, цацкі, латок. Ану, пакажыся! Выбягае драпежнік, які выклікае не страх, а чыстае замілаванне. Вушкі з кутасікамі, вочкі карыя, лапкі вялікія, а сам – маленькі. Кацяня!
– Зараз яму ўжо чатыры месяцы, важыць амаль пяць кілаграмаў, – Аляксандр прысядае бліжэй да Фенікса, і той, як кот, трэцца аб яго рукі. – Феня, есці будзеш?
Вайскоўцы вырашылі, што дзень, калі Фенікс у іх з'явіўся, – 20 ліпеня — і стане днём яго нараджэння.
Хто сказаў «мяў»
Баец прыносіць місачку з сырой ялавічынай, і рысяня пачынае аплятаць яе па кавалачках.
– У дзень з'ядае па 500—600 грамаў мяса, а яшчэ дзве мышы, якіх мы купляем у заапарка. Потым абавязкова даём яму вітаміны, – баец, які прынёс паёк рысі, расказвае пра рацыён. – Пакуль у яго «буфетны» перыяд кармлення – калі ён захацеў, тады і кормім.
Аляксандр бярэ цацкі – мяккіх зайца і сабачку, і Фенікс, адчуваючы пачатак забаў, пачынае круціцца. Выглядае і сапраўды як коцік, хіба што шэрстка ў яго незвычайная, вушы ды лапы.
– І паводзіны ў яго, як у кошкі. Незалежны, цікаўны, ласкавы і спаць любіць, – Аляксандр гуляе з рыссю. – У цэлым, ён прыязны да ўсіх, падабаюцца яму больш жанчыны, а дзяцей увогуле моцна любіць.
А як жа яго сабраты – жывёлы? Можа, Феніксу з імі было б усё ж цікавей?.. Аказваецца, без людзей яму вельмі сумна. Калі ніхто перад вачамі не мільгае, пачынае грызці клетку, мэблю. Што тычыцца суродзічаў, то ладзіць з катамі, якія жывуць на тэрыторыі часці. Ён бы з імі гуляў часцей, ды вось толькі яны не настолькі актыўныя ў параўнанні з ім. Кошкі, расказваюць, стамляюцца ад яго і залазяць куды-небудзь вышэй – проста глядзяць на яго, каб не чапаў.
Добры, але — драпежнік
Рысь ужо рэагуе на сваё імя, але дрэсіроўцы не паддаецца. І не будзе. У часці яна будзе проста жыць. Нікуды вазіць, паказваць яе таксама не будуць. Кажуць: «Гэта ж не заапарк, не цырк. Ён наш сябар».
Што ж, пара б і мне адважыцца, паспрабаваць пагладзіць звярка. «Фенікс, давай гуляць», – бяру ў рукі нітачку, на канцы якой цацка. Рысь падбягае, а я пужаюся. Можа ўкусіць сваімі малочнымі зубамі, ды кіпцікамі як учэпіцца!
– Не, ну што ты, проста з ім пагавары, дамоўся, і ўсё будзе добра. Ён у нас не канфліктны. Рысь не мядзведзь – цішком не нападзе, – супакойвае Аляксандр. – Калі нешта не падабаецца, Феня можа рыкаць, пабіць хвастом, але не цапне. Бачыш, ты яму спадабалася, пагладзь.
Феня падышоў, паглядзеў сваімі велізарнымі вачамі і такі даў сябе крануць.
– А калі ён быў зусім малым, хто яго выходжваў? – цікаўлюся.
— Усе. Раз нават дадому яго браў, калі ўмоў тут не было. Спачатку мы кармілі яго казіным малаком, спецыяльнымі сумесямі. Фенікс прайшоў як агульны, так і разгорнуты аналіз свайго здароўя, зроблены яму ўсё прышчэпкі. Паталагічных хвароб не мае. Ён заўсёды на кантролі ветэрынараў, спецыялістаў заапарка, – маёр гладзіць белаваты плямісты жывоцік Фені, а той яго злёгку пакусвае за руку, гуляючыся.
Ай! Пакуль мы загаварыліся, рысяня збегла. Дзе ж яно? Заходзім у адзін з аддзелаў бібліятэкі клуба, а яно там з байцом гуляе – той лазернай указкай свеціць на падлогу, а Фенікс за чырвонай кропкай ганяецца. Аляксандр Бражыцкі бярэ малога на рукі і пытаецца: «Пойдзем на вуліцу?» Пакуль яго, вядома, на руках насіць можна. А яшчэ пару гадкоў, і будзе ён важыць як дарослы самец – прыкладна 25—30 кілаграмаў.
Мы на вуліцы. Фенікса адпускаюць. Пакуль фатограф робіць здымкі рысі, а тая быццам пазіруе, Аляксандр Бражыцкі дзеліцца задумкамі па рэканструкцыі вальеры:
– Рысь расце, развіваецца, і трэба зрабіць усе ўмовы для яе пражывання камфортнымі. Мы прыглядаемся, якія месцы ў вальеры Фенікс аблюбаваў, з чым больш падабаецца гуляць і чаго нестае. Вось, напрыклад, падабаецца спаць у тым кутку – значыць, усё тут трэба змяніць, каб спальнае месца было менавіта там. А захоча ад усіх схавацца, значыць, трэба зрабіць зацішнае месца ў цені.
– А зімой што, ён таксама будзе тут, на вуліцы? – шкадую рысь. – Можа, хоць сябра завесці?
– Вядома, і зімой, гэтая жывёла ўстойліва да холаду, – тлумачыць Аляксандр. – Ці будзе ў яго сябар свайго віду, пакуль не ведаем. Пра гэта нават не думалі.
У завяршэнне пытаюся, ці змянілася што-небудзь у часці пасля з'яўлення рысі. Суправаджаючыя задумаліся:
– Любая жывёліна прыцягвае дабрыню. Мы вельмі клапоцімся пра Фенікса і ўжо вельмі моцна любім яго. Спадзяёмся, і ён нас.
alinakasel@gmail.com