Сестры Надежда и Раиса из полесского рода Прокопчуков родились в Парагвае, а 63 года назад вместе с родителями вернулись на родину предков — в полесскоую деревню Хоромск

Радзіма ў чалавека толькі адна

У розныя часы давялося бываць на пяці зямных кантынентах. Так атрымлівалася, што ўсюды сустракаў беларусаў. Кожнага з землякоў у рознай ступені выдавала настальгія па родных мясцінах. Памятаю, як пры развітанні ў тлумным Нью-Йорку наш эмігрант ледзьве стрымліваў сябе, што мяне чакае сустрэча з радзімай, а ў яго па волі лёсу такой магчымасці няма. Як і не магу забыць шчымлівае прызнанне састарэлага земляка ў далёкай Аўстраліі, які некалькі дзесяцігоддзяў ужо кожную ноч у снах блукае па родных росных лугах. 

У розных кутках свету людзі шукалі лепшую долю. Урады Аргенціны, Бразіліі, Уругвая, Парагвая яшчэ з другой паловы ХІХ стагоддзя ўзялі курс на аграрную іміграцыю і гэта зрабіла іх прывабнымі для многіх жыхароў еўрапейскіх краін. Беларускія эмігранты пачалі масава пераязджаць у «сярэбраную краіну» (назва Аргенціны паходзіць ад лацінскага «аргентум» — серабро). Перасяленцам выдзяляліся ўчасткі неасвоенай зямлі. Жыхары Заходняй Беларусіі, якая апынулася пад уладай буржуазнай Польшчы, масава папаўнялі атрад эмігрантаў у краінах Лацінскай Амерыкі...

Такім парадкам пакінулі родныя мясціны дзясяткі сем’яў з глыбінных палескіх вёсак. Сярод іх апынулася і сям’я Аляксандра і Варвары Котка з вёскі Харомск, што стагоддзямі красуецца ўздоўж Тураўска-Пінскага шляху. Амаль месяц плылі з польскага порта Гдыня да Паўднёвай Амерыкі. Дабраліся ў невядомы ім Парагвай. Атрымалі надзел зямлі і атабарыліся. Праз некалькі гадоў у такое ж падарожжа адправілася сям’я Пятра і Ульяны Пракапчукоў з суседняй ад Харомска вёскі Рубель, што за Гарынню. Шлях да лепшага жыцця прывёў іх таксама ў экзатычны Парагвай. 

Выхадцы з Усходняй Еўропы імкнуліся трымацца разам. Трывожна ўспрынялі яны навіну пра нападзенне фашысцкай Германіі на Польшчу. Сэрцам перажывалі за родных, землякоў на далёкай Бацькаўшчыне. Праца на зямлі адганяла старшэнныя думкі пра вайну. Паспявалі за год атрымліваць па тры ўраджаі. Тутэйшыя індзейцы здзіўляліся іх працавітасці. 

Жылі невялікімі калоніямі. Ладзілі сустрэчы. За вялікае шчасце было парадніцца з землякамі. Сыну беларускіх эмігрантаў Пракапчукоў Аляксею прыглянулася маладзенькая Таццяна Котка. Пасваталіся і справілі на парагвайскай зямлі палескае вяселле. Сваёй першай дачцы маладыя бацькі далі аптымістычнае імя Надзея. Праз два гады нарадзілася другая дзяўчынка. Назвалі яе іспанскім імем Росса. Так атрымалася, што праз гады, народжаная ў Парагваі Росса Пракапчук, была піянерважатай у маёй роднай школе ў Століне. Энергічная,прыгожая наша піянерважатая гарэла працай і нас, сваіх выхаванцаў, заўжды падбадзёрвала. Памяць моцна захавала арганізаваныя ёю паходы па родным краі з песнямі каля начнога вогнішча, шэфства над нямоглымі састарэлымі людзьмі. Па яе ініцыятыве ладзіліся ў школе конкурсы, спаборніцтвы, іншыя масавыя мерапрыемствы. Ніхто з вучняў не заставаўся без увагі любімай піянерважатай. Такой запала яна ў душу. Больш як паўвека мінула з тых школьных гадоў. Сустрэчу падараваў артыкул са здымкам у столінскай раёнцы пра сясцёр Надзею і Раісу, якія больш як 60 гадоў таму з бацькамі вярнуліся з эміграцыі на радзіму продкаў. 

Без папярэджвання адправіўся ў вёску Харомск, дзе, як паведамлялася ў газетным матэрыяле, жывуць сёстры. У мясцовай паштальёнкі ўдакладніў маршрут. Адколатым ад вёскі астраўком выглядае вулачка з некалькімі ладнымі сядзібамі, сярод якіх і патанаючы ў густых шатах садовых дрэў дом сясцёр Раісы і Надзеі. Вуліцу перад падворкам упрыгожвае акуратна дагледжаны кветнік з хрызантэмамі і вяргінямі. Праз веснічкі крочу ў дом. Прасторная веранда застаўлена гарбузамі, кошыкамі з гароднінай. На стук дзверы адчыніла немаладых гадоў жанчына. Па газетнаму здымку пазнаў, што гэта старэйшая сястра. На маё пытанне: ці дома Раіса Аляксееўна, гаспадыня гучна паклікала: «Росса!» Нам насустрач выйшла статная жанчына. Мяне Раіса Аляксееўна не пазнала. Выхаванцаў у яе было сотні ў нашай школе. З успамінаў пачалася размова.

Раіса Аляксееўна.

— Раставацца з сябрамі дзяцінства і юнацтва было вельмі цяжка, — уздыхае Раіса Аляксееўна. — На маіх руках засталіся сляды: пры расставанні да болю шчыпала іх. У Буэнас-Айрэсе застаўся Эдуардо — маё першае каханне. У гонар яго назвала сына. Ён з сям’ёю жыве ў расійскім Ніжнім Ноўгарадзе. Мы з сястрою нарадзіліся ў Парагваі. Пачыналі вучобу ў парагвайскай школе. Дзеці мясцовых жыхароў з намі не вучыліся. Дома з бацькамі размаўлялі на змешанай руска-польска-беларуска-украінскай мове. У вольны ад заняткаў час займаліся ў розных гуртках. 

Надзея Аляксееўна.
— Беларусы, украінцы, палякі і перасяленцы з іншых усходнееўрапейскіх краін жылі калоніямі, накшталт хутароў, — далучылася да размовы Надзея Аляксееўна. — Бацькі клапаціліся, каб мы вывучыліся. Яны самі па-рускі не ўмелі чытаць і пісаць. Ведалі толькі польскую мову. Бацька закончыў сем класаў польскай школы. У Парагваі хутка засвоіў іспанскую. І маці добра авалодала ёю. Мяне дома вучылі чытаць па-польску. У польскім алфавіце, як і ў іспанскім, лацінскія літары. Таму лёгка давалася чытанне і мяне адразу перавялі ў другі клас. У ім было амаль 40 вучняў з сямей эмігрантаў. Школьны будынак аднапавярховы, драўляны. Там усе пабудовы лёгкія. Круглы год 26 градусаў цяпла. Тропікі. У спякоту ўсё навокал высыхае. Пасля ліўня на вачах прырода ажывае.

Наш двор увесь быў агароджаны і акуратна вымецены. Ні адной травінкі не пакідалі, каб было відаць, калі рэптыліі па зямлі паўзуць. Там глеба чырвонага колеру і двор утаптаны, як ток. 

Пасля заканчэння першага класа пераехалі ў парагвайскі горад Энкарнасьён. Там вучыліся разам з парагвайскімі дзецьмі. Побач з намі жылі і дзве бабулі.  

Бацькава маці з заможнай сялянскай сям’і. У іх было шмат зямлі. Перад ад’ездам прадалі надзелы і за атрыманыя грошы ў 1939 годзе набылі ў Парагваі маёнтак у немца. Ён спяшаўся ў Германію, спадзяючыся, што вайна будзе выйграна. Пасля Сталінградскай бітвы, калі адбыўся відавочны пералом на фронце, нямецкі гаспадар вярнуўся і запатрабаваў назад маёнтак. Дзядуля і бабуля аддалі сядзібу, забралі свае грошы назад і пераехалі да нас у горад Энкарнасьён. Там бацькі пабудавалі прасторны мур. Але доўга ў ім не жылі. Бацька даведаўся, што за ракой Парана, у суседняй Аргенціне, лепшыя заробкі. Памятаю, як на кацеры перапраўляліся праз рачную плынь у сталіцу Аргенціны — Буэнас-Айрэс. Там спыніліся ў рускім квартале. 

Пасля пераезду ў Аргенціну заўважыла, што іспанская мова адрозніваецца ад парагвайскай, як руская ад беларускай. Клімат ў Аргенціне іншы: менш спякотны. Нездарма Калумб, калі прыплыў да гэтага берага Паўднёвай Амерыкі, усклікнуў «Буэнас-Айрэс — чыстае паветра!» Зімою зацяжная непагадзь, здараюцца замаразкі, але снега не бывае. 

Бацька хутка знайшоў сабе працу вагаўшчыком у халадзільным цэху на мясакамбінаце. Маці займалася нашым выхаваннем. А калі мы з Россай падраслі, уладкавалася на рыбны камбінат. У сямейным альбоме захаваўся здымак, як яна ў белым халаце ўпакоўвае марскую рыбу ў бляшаныя кансервы.

— Вы з сястрою пасля правінцыйнага жыцця ў Парагваі хутка прызвычаіліся да сталічнага рытму?

— Квартал, дзе здымалі жыллё, размешчаны на ўскрайку Буэнас-Айрэса. Пасля васьмігодкі я паступіла вучыцца на мадэльера. На заняткі дабіралася на метро. З сябрамі гуляла па сталіцы. Часта бывала ў клубе імя Мікалая Астроўскага, дзе збіраліся нашы эмігранты. Дзейнічалі і клубы імя Максіма Горкага, Уладзіміра Маякоўскага. Кіравалі імі ў асноўным камуністы-эмігранты. Тагачасны ўрад Аргенціны адмоўна адносіўся да камуністычнага руху. У жалобныя дні развітання са Сталіным у нашым клубе Мікалая Астроўскага на сцэне стаяў вялікі партрэт яго, і людзі прыходзілі з кветкамі і вянкамі. Многія не ўтойвалі слёз. Мужчыны неслі вахту каля партрэта. На заводах не сціхалі жалобныя гудкі. Кампартыя ў Аргенціне была пад забаронай. Мы збіраліся ўпотайкі і чыталі рускія кнігі. 

Вяселле беларускіх эмігрантаў у Аргенціне. 1955 г.

— А як у вашай сям’і з’явілася думка вярнуцца на радзіму продкаў?

— У клубе пастаянна дэманстраваліся савецкія фільмы. Пасля перамогі Савецкага Саюза над фашысцкай Германіяй мы ганарыліся, што родам з Беларусі. Бацькі сталі гаварыць пра вяртанне на Палессе, і я для лепшага засвойвання мовы бацькоў пайшла на спецыяльныя курсы, што ладзіліся ў клубе імя Мікалая Астроўскага. Рыхтавалі канцэрты і выступалі перад землякамі-эмігрантамі. Дзейнічала ў клубе руская бібліятэка. Памятаю, як урываўся прадстаўнік улады і загадваў выносіць на двор творы савецкіх пісьменнікаў, і там іх палілі. А назаўтра на паліцах зноў з’яўлялася гэта літаратура. Мы з захапленем чыталі яе. Усёй сям’ёй жылі вяртаннем на радзіму. 

— Калі гэта здарылася?

— У чэрвені 1958 года. У Аргенціне гэта пачатак зімы. Памятаю, як бацька апоўдня вярнуўся з працы. Да нас завітала яго сястра Аляксандра і сказала, што карабель стаіць на прычале перад адпраўленнем у Еўропу. Хуценька сабралі дакументы і яна аднесла іх у савецкае пасольства. Да вечара нам аформілі візы на выезд і выдалі білеты на параход. Бацька нават з працы не паспеў звольніцца. У чатыры гадзіны раніцы да дома пад’ехаў грузавік. Пагрузілі багаж. Памер яго быў абмежаваны. Узялі з сабою пасцель, неабходную вопратку і дакументы. Раніцай былі ў парту. Карабель увесь дзень грузіўся. Сотні ад’язджаючых чакалі пагрузкі на прычале. Ад імжы ахопліваў холад. Засланыя агітатары падыходзілі і адгаворвалі вяртацца на радзіму. 

— Удавалася ім каго пераканаць?

— Да адпраўкі карабля яны няспынна дзейнічалі. На ўзгорку стаялі невялікія групкі з агітацыйнымі плакатамі ў руках. Іх ніхто не ўспрымаў. Людзі адчувалі, што ў эміграцыі не мелі будучага. У нас не было палітычных правоў. Пасля заканчэння школы маглі атрымліваць толькі рабочыя прафесіі. Мяне і сястру прываблівала і сама вандроўка праз акіян. Пачалася яна 28 чэрвеня 1958 года.

Былы ваенны карабель прыняў звыш 700 пасажыраў. Нас размясцілі ў асобную каюту. Адчальваў лайнер ў прыцемках. Многія выйшлі на палубу і глядзелі на заліты электрычнымі агнямі Буэнас-Айрэс. Плылі па акіяну тыдзень без прыпынку. Потым прычалілі ў порт Лос-Пальмас на Канарскіх астравах. Перасяклі Міжземнае мора праз пралівы Басфор і Дарданелы і выйшлі ў Чорнае мора. 23 ліпеня лайнер прышвартаваўся ў Адэсе. Нас пасялілі ў плавучай гасцініцы порта, дзе правялі некалькі дзён. Вечарамі гулялі па ціхіх вулачках цёплай летняй Адэсы. У цяністых скверах сэрца краналі спевы пад гітару. Прыемным успамінам пра партовы горад засталося знаёмства з маладым мараком. 

Нам прапаноўвалі для жыхарства выбіраць любы куток Савецкага Саюза. Бацькі настроіліся вярнуцца ў родныя мясціны. Ад прыморскай Адэсы цягніком праз Львоў адправіліся да беларускай чыгуначнай станцыі Гарынь. 

Сёстры наперабой узгадвалі, як за акном цягніка мільгалі невядомыя ім збудаванні на прыдарожных лугах. Бацькі тлумачылі: гэта стагі сена. У Аргенціне такога не ўбачыш. Круглы год жывёла пасецца на вечназялёных прасторах. Уразілі сялянскія хаты з саломеннымі дахамі. Сляды вайны адчуваліся паўсюль. У палове мінулага стагоддзя краіна толькі залечвала раны, нанесеныя страшэннай вайной. 

Раіса Аляксееўна Пракапчук у Іспаніі. 2001 г.
— Не магла зразумець, чаму бярозы пафарбаваныя чорнымі рыскамі, — усміхаецца Раіса Аляксееўна. — Прырода, клімат — абсалютна ўсё іншае. Мы выраслі сярод тэмпераментных лацінаамерыканцаў, пастаяннага вяселля, танцаў. Сястра хоць крыху ведала рускую мову. А я пачынала з нуля. У Харомскай сямігодцы па росту мне вызначылі, у якім класе вучыцца. Першыя паўгода ў шостым класе на ўроках нічога не разумела. Засвойваць навуку дапамагаў бацька. Ён з першых дзён працаваў вагаўшчыком у калгасе, а маці даіла кароў на ферме. Нам выдзелілі хату, якая пуставала. На ўскрайку вёскі ўзялі ўчастак і хутка ўзвялі прасторны драўляны дом. Ён і зараз адзін з самых прывабных у Харомску.

Надзея толькі перазімавала з бацькамі. Вясною паехала ўладкоўвацца працаваць на пінскую фабрыку мастацкіх вырабаў. Паспяхова зарэкамендавала сябе і засталася там працаваць. Выйшла замуж за выпускніка гідрамеліярацыйнага тэхнікума Паўла Лузгіна. Паехалі з мужам на яго радзіму ў Чашніцкі раён. Там свякроў навучыла яе даіць карову, па гаспадарцы ўпраўляцца. Павел пайшоў служыць у армію. Нарадзілася дачка. Пасля службы муж закончыў Белдзяржсельгасакадэмію і працаваў ў меліярацыі. Сям’ю папоўніў сын. У той жа год нарадзіла сына і Раіса Аляксееўна. Яна пасля заканчэння Львоўскага нацыянальнага ўніверсітэта імя Івана Франко тры дзесяцігоддзі выкладала іспанскую мову ў Кобрынскай сярэдняй школе № 5. 

На пытанне: ці даводзілася наведвацца ў краіну свайго дзяцінства, сёстры ўсміхнуліся. Адразу ім не дазвалялася туды ехаць. Пасля распаду СССР магчымасць была, але справы не пускалі. Бацькоўскі дом трымае магнітам. Маці пражыла больш за 90 гадоў. А бацькі рана не стала. Сёстры Надзея і Раіса з вясны пачынаюць упраўляцца на агародзе. Адзін сусед трактарам пераворвае зямлю, другі забяспечвае арганікай. Цяпліцу плёнкай накрываюць і там вырошчваюць таматы, перцы, баклажаны, агуркі. На градах растуць некалькі відаў капусты, цыбуля, буракі, морква, кабачкі, гарбузы, бульба. Выспяваюць кавуны-веліканы. Перад домам узвышаецца пасаджаная бацькам антонаўка. У акуратна дагледжаным садзе розныя сарты яблынь, груш, сліў, вішань, абрыкосаў і персікаў. На ўсё ў сясцёр стае часу і цярпення. 

Дзеці з унукамі кожнае лета бавяць ва ўтульным радавым куточку. Дачка Надзеі Аляксееўны Галіна настаўнічае ў сталіцы. З Германіі штогод у водпуск да бабулі прыязджае ўнучка Ганначка. З сем’ямі едуць сыны шчаслівых сясцёр Васіль, Вадзім і Эдуард. Прымаюць гаспадыні ў бацькоўскім доме і сваіх іспанскіх гасцей. Пасля чарнобыльскай трагедыі Раіса Аляксееўна 11 гадоў суправаджала беларускіх дзяцей на аздараўленні ў Іспаніі. Двойчы там пабывала і Надзея Аляксееўна. На працягу двух дзесяцігоддзяў да іх у беларускую вёску Харомск едуць іспанскія сябры. Яны з асалодай вандравалі па розных кутках Беларусі. Захапляліся краявідамі, гістарычнымі помнікамі. Цяпер з імі з-за пандэміі толькі па тэлефону даводзіцца размаўляць.

На развітанне пацікавіўся ў працавітых сясцёр, як бавяць доўгія асеннія вечары?

Надзея Аляксееўна зірнула на сястру, а потым позірк перавяла на стопку кніг, што ўзвышаліся на пісьмовым стале і дадала:

— Шмат чытаем літаратуры. У нашай сельскай бібліятэцы па некалькі разоў класіку перачыталі. Толькі што закончыла чытаць раман «Фаварыт» Пікуля. Вялікае шчасце, што вярнуліся на Бацькаўшчыну. Толькі на сваёй зямлі сябе можна адчуваць шчаслівым.

subbat50@mail.ru

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter