307 человек за девять дней: целые бригады нелегальных рабочих и выявили на строительстве коттеджей

Радавыя пяcчаных кар'ераў

Не сакрэт, што Беларусь прываблівае працоўных мігрантаў. На жаль, некаторыя замежныя рабочыя пры гэтым парушаюць закон — спрабуюць абысціся без рэгістрацыі або спецыяльнага дазволу на працу. У гэтым карэспандэнт «Р» упэўнілася падчас рэйду з супрацоў-нікамі аддзела па грамадзянстве і міграцыі Мінскага РУУС.

Катэджныя пасёлкі — вось месцы, дзе могуць знаходзіцца замежнікі, якія  працуюць, не маючы на тое спецыяльнага дазволу.
tv.ru

Пабудуюць  дом  і  баню


Катэджныя пасёлкі, фермы і прадпрыемствы — вось месцы, дзе могуць знаходзіцца замежнікі, якія застаюцца тут без рэгістрацыі або працуюць, не маючы на тое спецыяльнага дазволу. Гэтыя работнікі, асабліва неславянскай знешнасці, не застаюцца незаўважанымі — іх бачаць суседзі, прахожыя, у ліку якіх можа быць і ўчастковы інспектар. Так што супрацоўнікі падраздзяленняў ГіМ рэдка выязджаюць наўдачу, звычайна ў іх ёсць інфармацыя аб з’яўленні новых работнікаў.

Вёска Чарцяж Мінскага раёна ўяўляе сабой, хутчэй, катэджны і дачны пасёлак. Тут заўсёды знойдзецца прымяненне рукам, якія могуць і ўмеюць працаваць. Вось вакол зруба невялікай пабудовы завіхаюцца чацвёра мужчын рознага ўзросту, якія відавочна хвалююцца пры набліжэнні супрацоўнікаў міліцыі.

Будаўнікі аказваюцца грамадзянамі Украіны, якія прыехалі да нас з Чарнігаўскай вобласці. Рэгістрацыі не маюць, але яна ім пакуль і не патрэбна: украінцы могуць знаходзіцца ў Беларусі «проста так»  30 дзён. Дарэчы, многія гэтым карыстаюцца: на трыццаты дзень яны выязджаюць на радзіму, а вяртаюцца праз некалькі дзён, а то і гадзін. Паступаць так можна хоць круглы год — адлік вядзецца з даты апошняга пагранічнага штампіка ў пашпарце. Парадокс: тэрмін знаходжання тут пры рэгістрацыі праз месяц не павінен перавышаць у каляндарным годзе 90 дзён. Рабочыя ж прыехалі ў Чарцяж толькі тры дні назад. Што значна горш — не маюць яны і спецыяльнага дазволу на працу, а гэта ўжо адміністрацыйнае правапарушэнне.
У катэджных пасёлках заўсёды знойдзецца прымяненне рукам, якія могуць і умеюць працаваць.
baikal-info.ru

— Няўжо ў вас там так дрэнна з заробкамі? — пытаюся ў аднаго з мужчын.

— Каб было добра, хіба ж мы паехалі б з дому? — пытаннем адказвае ён.

Сяргей Дзям’яненка, інспектар АГіМ Мінскага раёна, правярае замежных рабочых па спецыяльнай базе — ці не знаходзяцца яны ў вышуку, ці не падазраюцца ў якіх-небудзь злачынствах. Але нашы новыя знаёмыя аказваюцца амаль законапаслухмянымі грамадзянамі. Таму, верагодна, на першы раз атрымаюць невялікі штраф за парушэнне парадку заняткаў працоўнай дзейнасцю. Гаспадару, на якога яны працуюць, таксама давядзецца заплаціць штраф за прыцягненне замежнай працоўнай сілы і, акрамя таго, паклапаціцца аб афармленні для работнікаў спецыяльнага дазволу на працу. Без гэтага нельга — за паўторнае парушэнне ўкраінцам пагражае значна большы штраф або нават дэпартацыя.

Экзатычныя рабочыя


Далейшы шлях ляжыць у Калодзішчы, дзе таксама шмат катэджаў, а значыць, людзей, якія могуць працаваць на іх рамонце або ўзвядзенні.

Каля аднаго з дамоў па вуліцы Саўгаснай стаіць белы мікрааўтобус з украінскімі нумарамі, а на даху завіхаецца цэлая брыгада з шасці чалавек рознага ўзросту — усе смуглыя, чарнавокія, залатазубыя і вясёлыя. Мяркуючы па дакументах, родам яны з Закарпацкай вобласці Украіны, але на славян зусім не падобныя.

— А мы мадзьяры! — тлумачыць адзін з работнікаў.

Аказваецца, так называюць сябе венгры цыганскага паходжання. Усе яны з адной вёскі, магчыма, нават сваякі —  прынамсі, прозвішча ва ўсіх аднолькавае. Імёны — ад звыклага Сяргей, модных Данііла і Багдана да экзатычных Лімон і Раджа. Дазволу на працу ў іх, зразумела, няма. Мадзьярам прапануюць праехаць разам з намі на вуліцу Ціміразева, дзе знаходзіцца АГіМ Мінскага раёна.

Нелегальным рабочым даводзіцца пачакаць, пакуль правераць іх рэпутацыю. Тое, што бачыць на маніторы камп’ютара Сяргей Дзям’яненка, яму не падабаецца: шмат-лікія пратаколы за перавышэнне хуткасці, а адзін з мадзьяраў ужо быў пакараны за спробу нелегальна працаваць у Беларусі. Хутчэй за ўсё, дах дома ў Калодзішчах давядзецца перакрываць каму-небудзь іншаму: за парушэнні заканадаўства нелегалы падлягаюць дэпартацыі з забаронай уезду ў нашу краіну на год. Але, здаецца, мужчын гэта не вельмі засмучае: яны прыветліва ўсміхаюцца, жартуюць.

Дысцыпліна без падаткаў


Куды больш змрочны настрой у Музафара, госця з таджыкскага горада Гісар. Ён, дарэчы, атрымаў калісьці і рэгістрацыю, і спецыяльны дазвол на занятак працоўнай дзейнасцю ад будаўнічай фірмы, але на этапе падпісання кантракта нешта «не зраслося», на працу яго не ўзялі. І Музафар застаўся: яго кліенты — прыватныя асобы, гэта значыць, ён парушыў умовы знаходжання і працы тут.

— Я не понимаю разницы между частным и официальным разрешением, — заяўляе ён на нядрэннай рускай мове.

Але падпісваць дакументы Музафар адмаўляецца — кажа, што ўсё ж дрэнна разумее. Давядзецца яму і заўтра прыехаць у АГіМ — да таго часу для яго знойдуць перакладчыка.

Не выключана, што госця з Таджыкістана дэпартуюць — парушэнне парадку заняткаў працоўнай дзейнасцю ён дапускае не ўпершыню.
На гэтай машыне рабочыя прыехалі, у ёй і жылі. 
Фота аўтара


Нелегальных рабочых чамусьці вітаюць і на пілараме, што знаходзіцца недалёка ад вёскі Новае Поле. Тут супрацоўнікі АГіМ таксама знаходзяць украінцаў, якія працуюць «па вуснай дамоўленасці». На заработную плату не скардзяцца — кажуць, працуюць вахтавым метадам: за два тыдні атрымліваюць паўтары тысячы рублей і з’язджаюць дадому, дзе столькі ж адпачываюць. Упэўнена, за такія грошы гаспадар піларамы мог бы наняць і суайчыннікаў, але ён са мной не пагаджаецца: маўляў, усе мясцовыя празмерна выпіваюць, украінцы ж больш старанныя і дысцыплінаваныя. Пасля гэтага ён просіць некалькі дзён для афармлення спецыяльнага дазволу на працу для работ-нікаў.

— Большасць нелегальных рабочых, амаль 70 працэнтаў ад агульнай колькасці, — грамадзяне Украіны, — падлічыў Руслан Ліштван, начальнік АГіМ Мінскага раёна. — Шмат таксама прыезджых з Узбекістана, Таджыкістана. Для іх парадак знаходжання тут крыху іншы, чым для ўкраінцаў, — толькі 5 дзён без рэгістрацыі і 90 дзён на працягу каляндарнага года.


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter