Як і людзі, пабудовы маюць свой лёс. Адны пражываюць адпушчаны век годна і сыходзяць, надоўга застаючыся ў памяці тых, хто ў іх жыў або працаваў. Старасць некаторых заслугоўвае спачування — напаўразбураныя, адзінокія, гібеюць яны пад дажджом і ветрам, з’яўляючыся, па сутнасці, абузай для сваiх гаспадароў і крыніцай небяспекі для тых, хто вырашыць туды наведацца. Ёсць і тыя, што нават не бачылі росквіту: недабудаваныя, незапатрабаваныя, пачынаюць рассыпацца, так і не пачуўшы ў сваіх сценах людскога гоману, не падарыўшы нікому цеплыні. Хапае такіх будынкаў і ў Мінску — па стане на май іх было 186. Карэспандэнт «Р» агледзела некаторыя закінутыя пабудовы, каб даведацца, ці проста ў іх пранікнуць і якім бачыцца іх далейшы лёс.
Закінуты будынак па вуліцы Вільямса, 37 знаходзіцца ў свабодным доступе.
Зносу ім няма
Бадай што найбольш вядомым закінутым будынкам у Мінску стаў корпус былой дзіцячай абласной бальніцы на вуліцы Петруся Броўкі. Некалькі гадоў таму ён карыстаўся вялікай папулярнасцю ў бяздомных і так званых сталкераў, прычым апошнія падкрэслівалі жудаснасць апусцелых калідораў і палат. Паспрабавала наведаць яго і я — з гэтым будынкам звязаны некаторыя ўспаміны дзяцінства. Сёння пацвердзіць наяўнасць прывідаў у корпусе, які стаіць у вялікім закінутым парку, цяжка: ад 1-й гарадской клінічнай бальніцы тэрыторыю аддзяляе высокая капітальная агароджа, ад вуліцы Акадэмічнай — старая бетонная агароджа. Пераадолець яе, здаецца, нескладана, але даследчыцкі запал значна ахалоджвае шыльда з паведамленнем, што тэрыторыя знаходзіцца пад аховай супрацоўнікаў міліцыі. Да нядаўняга часу будынак, выкананы ў стылі канструктывізму, значыўся ў спісе гісторыка-культурных каштоўнасцей, але зараз пазбаўлены гэтага статусу. Па інфармацыі Мінскага гарадскога агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры, з мая мінулага года ён належыць 1-й гарадской клінічнай бальніцы.
Заходзь, гуляй хто жадае...
Яшчэ адзін закінуты будынак, што нязменна займаў першыя радкі ў хіт-парадзе мінскіх сталкераў, — фарфоравы завод на Крапоткіна, 91. Закрылі яго яшчэ ў 2009 годзе з-за адсутнасці сродкаў на мадэрнізацыю. Зараз ад 9 яго цэхаў і 14 збудаванняў мала што засталося — на месцы завода ўзводзіцца шматфункцыянальны грамадскі цэнтр з жылымі дамамі, дзіцячым садком. Але дзецям і бяздомным яшчэ ёсць дзе пагуляць. З тэрыторыяй будоўлі суседнічае вялікі закінуты будынак, доступ у які абсалютна свабодны. За ўвесь час, што я там гуляла, падышла да мяне толькі экзатычнага выгляду бабуля, якая пацікавілася, ці не памяшканне пад офіс я шукаю. На пытанне, што размяшчалася ў гэтым будынку, адказаць не змагла — маўляў, прыезджая. Але пахвалілася, што зносіць туды кардонныя скрынкі з-пад кніг ад кнігарні непадалёк. Сапраўды, гара скрынак, рэшткі мэблі, вялізная дзіцячая цацка тут ствараюць пажаранебяспечную сітуацыю.
А паблізу вабіць разбітымі вокнамі двухпавярховы будынак з чырвонай цэглы. Каб дабрацца да яго, давялося зайсці на тэрыторыю будоўлі, у гасцінна расчыненыя вароты. Кожную секунду чакаю вокліку, аднак нікому да мяне справы няма. Закінуты дом, відаць, спрабавалі агароджваць, але зараз вароты адчыненыя, а на тэрыторыі, што прылягае, амаль уткнуўшыся бамперамі ў чырвоныя вышчарбленыя сцены, стаяць машыны. Заходжу ў дом, гуляю па пакоях... Некалі ў гэтых сценах знаходзілася вытворчае памяшканне, пра гэта сведчаць рэшткі магутных выцяжак. Цэлых вокнаў не засталося, кафляная плітка пазбівана са сцен... Падымацца на другі паверх не рызыкую, ды і дарэмна гэта — слядоў прысутнасці чалавека на пыльных прыступках, засыпаных будаўнічым смеццем, не відаць.
Руіны глядзяць ва ўпор
Бясслаўна дажываюць свой век рэшткі былога клуба камбіната сілікатных вырабаў на вуліцы Мініна, 12. У ранейшых планах на яго месцы павінен быў узнесціся вышынны адміністрацыйны будынак, але ні знос, ні рэканструкцыя так і не адбыліся. Фактычна руіны знаходзяцца ў свабодным доступе. Ад вуліцы іх аддзяляе бетонная агароджа на высокіх апорах — дастаткова нахіліцца, каб пралезці пад ёй. Але і гэтыя намаганні лішнія: за вугал заварочваюць толькі два пралёты, а далей, з боку сквера, — заходзьце, калі ласка. Мяркуючы па сцежцы, пратаптанай сярод зараснікаў крапівы, месца гэта досыць папулярнае. Сапраўды, сярод рабочага дня двое маладых людзей частуюцца там півам і чыпсамі. На мой погляд, антураж для адпачынку малаапетытны, але ў кожнага свой густ. Над некаторымі пакоямі захавалася столь, але знаходзіцца пад ёй я асцераглася б — усё тут відавочна трухлявае. Пра падлогу і гаварыць не прыходзіцца, у памяшканні, дзе некалі было фае, паспелі вырасці дрэвы. Пажар гэтым руінам наўрад ці пагражае — няма чаму гарэць, за выключэннем некалькіх паперак ды пластыкавых бутэлек, а вось цэгла на галаву можа зваліцца ў любы момант. У такіх выпадках супрацоўнікі МНС патрабуюць ад уласніка перакрыць доступ, але тут невядома нават, да каго звяртацца. Восенню мінулага года рэшткі будынка на аўкцыёне набыло замежнае прыватнае ўнітарнае гандлёва-сэрвіснае прадпрыемства «Прэстасэрвіс» кампаніі «Олман Бізінес Інк». Сёлета ў студзені прадпрыемства заключыла дагавор куплі-продажу ў дачыненні да яго з рэлігійнай абшчынай Міжнароднага таварыства свядомасці Крышны. Пакуль што праваўладальнікам з’яўляецца менавіта яно.
Калісьці ў гэтых сценах размяшчалася вытворчае памяшканне.
Дарожкі ў крапіве
На некаторых інтэрнэт-сайтах да гэтага часу захавалася інфармацыя пра сталовую, што знаходзіцца ў Дзяржаўным вучэбным цэнтры Дэпартамента па хлебапрадуктах Мінсельгасхарчу. Але падсілкавацца там ужо немагчыма: будынак на вуліцы Вільямса ў прыватным сектары недалёка ад чыгуначнай станцыі Мінск-Паўднёвы і комплексу «Мінск Мір», даволі прыстойны здалёк, пры бліжэйшым разглядзе аказваецца закінутым. Ніякай агароджы тут і блізка няма — тры блокі, што сімвалічна перагароджваюць пад’езд да будынка, наўрад ці стануць істотнай перашкодай для бяздомных або дзяцей. Дзверы таксама закладзены блокамі, але ж побач мноства вокнаў, якімі відавочна карыстаюцца. Пах гару і чорныя плямы над вокнамі другога і трэцяга паверхаў красамоўна сведчаць, што пажар тут ужо быў. Заглядваю ў акно побач і разумею, што паўтор надзвычайнай сітуацыі вельмі верагодны — у кучу звалены матрацы, рэшткі мэблі, тазікі. Вакол будынка пратаптана адметная сцяжынка, якая вядзе да аднаго з вокнаў. З шыбы клапатліва вынуты ўсе аскепкі, да сцяны прыстаўлены ў выглядзе прыступачкі абломак блока. Недзе на другім паверсе рыпіць крыху адчыненая рама, калі прыслухацца, здаецца, набліжаюцца крокі па лінолеуме... Пры далейшым абходзе ледзь не правальваюся ў каналізацыйны калодзеж каля цэнтральнага ўваходу. Побач яшчэ адзін. Люкі, відаць, забраў нехта гаспадарскі, а глыбокія ямы засталіся. Кінуты побач рэкламны шчыт выглядае насмешкай з тых, хто можа прыехаць сюды ў пошуках гарачага смачнага абеду.
Паводле выпісак з рэгістрацыйнай кнігі аб правах, абмежаваннях (абцяжараннях) праў на ізаляванае памяшканне, будынак мае двух уласнікаў: адна частка належыць ААТ «Мінскаблхлебапрадукт», другая — дзяржаве, якая перадала права аператыўнага кіравання ім Цэнтру павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў па хлебапрадуктах Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання. У такіх выпадках цяжка прымусіць уласнікаў будынкаў, што не эксплуатуюцца, абмежаваць доступ у іх. Устаноўка шчыльнай агароджы вакол або кратаў на вокны — даволі затратны працэс, якога кожны імкнецца пазбегнуць.
— Праблемным пытаннем сёння застаецца абмежаванне доступу ў падобныя будынкі, іх знос, устанаўленне вінаватых у невыкананні вышэйпаказаных мерапрыемстваў асоб або арганізацый. Прычынай таму могуць быць, напрыклад, смерць уласніка, адсутнасць дзяржаўнай рэгістрацыі, стан, калі пабудова мяняе гаспадара або іх налічваецца некалькі, — пацвярджае Андрэй Гнуда, першы намеснік начальніка Маскоўскага аддзела па надзвычайных сітуацыях Мінскага гарадскога ўпраўлення МНС. — У такіх выпадках супрацоўнікамі МНС рыхтуецца інфармацыя на імя кіраўніка адміністрацыі раёна з указаннем неабходных даручэнняў суб’ектам прафілактыкі. Упраўленне па архітэктуры і будаўніцтве просім вызначыць уласнікаў неэксплуатуемых будынкаў, прыняць меры арганізацыйна-распараджальнага характару. У раённае ўпраўленне ўнутраных спраў накіроўваем даручэнне арганізаваць там патруляванне, жыллёва-эксплуатацыйным службам, «Зелянбуду» раёна — ачысціць тэрыторыю, якая да іх прылягае, каб мінімізаваць рызыку ўзнікнення надзвычайнай сітуацыі.
КАМПЕТЭНТНА
Алена РАМАНОВІЧ, намеснік начальніка аддзела па выкарыстанні дзяржаўнай маёмасці камітэта дзяржаўнай маёмасці Мінгарвыканкама:
— У Мінску ёсць будынкі, якія знаходзяцца ў камунальнай уласнасці, прыватнай уласнасці, а таксама рэспубліканскага падпарадкавання. Задача камітэта — кантраляваць у першую чаргу тыя, што знаходзяцца ў камунальнай гаспадарцы. Хаця мы праводзім інвентарызацыю ўсіх пабудоў, якія размешчаны на тэрыторыі горада і не эксплуатуюцца, фарміруем пералік па формах уласнасці.
Вызваленыя будынкі, што могуць яшчэ выкарыстоўвацца, як правіла, не пустуюць — адразу з’яўляюцца арганізацыі, якія жадаюць туды засяліцца. У дрэнным стане звычайна знаходзяцца пабудовы, што дасталіся гораду яшчэ ад савецкіх часоў. Існуе графік уцягвання іх у гаспадарчы абарот, выдзяляюцца сродкі або на капітальны рамонт, або на рэстаўрацыю, або на знос. Праўда, затраты ў апошнім выпадку вельмі вялікія, ачысціць зямельны ўчастак каштуе прыкладна столькі ж, колькі пабудаваць новы дом. Падобныя ўчасткі лепш аддаваць пад інвестпраекты, тады затраты па зносе бярэ на сябе інвестар.
А свабоднага доступу ў неэксплуатуемыя пабудовы быць не павінна, гэта парушэнне караецца вялікімі штрафамі. Але перыядычна такое здараецца.
nevmer@sb.by
Фота аўтара.
Свободный доступ и отсутствие хозяев: чем опасны прогулки по заброшенным зданиям Минска
Прывіды старых сцен
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.