Нядаўна былі ў музеі ў Браславе. Экскурсаводы расказвалі, што ён размешчаны ў будынку былога млына. Акрамя таго, яны паведамілі, што часам у музеі можна бачыць нейкія прывіды, якія добра бачна на фотаздымках. У народзе кажуць, каб млын добра працаваў, неабходна было пры яго будаўніцтве абавязкова прынесці ў ахвяру якую-небудзь жывую істоту. Ці праўда гэта?
Сям’я Супрановічаў, Нясвіж
- У культуры шматлікіх народаў млын стаў сімвалам лёсу, божага наканавання. Нездарма ўзнік такі выраз, як “усё пройдзе, усё перамелецца”, бо лічылі, што млын “жыцця” дробніць зерне дабра і зла, а таму ўраўнаважвае падзеі лёсу.
- Паўсюдна лічылася, каб млын спраўна працаваў, млынар павінен быў перыядычна прыносіць нячыстай сіле, якая знаходзілася (жыла) побач, ахвяраванні: лусту хлеба, зерне ці муку, парсюка, шмат сала, а ў святы — гуску або курыцу, у ваду ліць гарэлку.
- Лічылася, што з кожнага новага млына вадзянік возьме ахвяру, г. зн. патопіць чалавека, таму неабходна было прынесці ахвяраванне і тады, як пачыналі яго будаўніцтва. Млынар павінен быў утапіць у рацэ жывую курыцу. Калі млынар не рабіў гэтага, то лічылася, што вада зацягне яго самога.
- Святочнымі днямі для млынароў лічылі 3 і 25 кастрычніка. У гэтыя дні ніколі не працавалі: давалі млыну адпачыць, а млынароў запрашалі ў госці, надзялялі падарункамі.
- У Ашмянскім раёне калісьці існаваў такі звычай: галоўнай святочнай ежай абавязкова была гуска, а для таго, каб пачаставацца, яе і іншыя прысмакі неабходна было раскласці на жорнах.