Редкие фото жизни белорусских крестьян «при Польше» нашли в Браславском историко-краеведческом музее

Пазбаўлялі сялян усіх правоў...

На Браслаўшчыне захоўваюць рэдкія дакументы, якія адлюстроўваюць жыццё пад польскім гнётам

17 верасня наша рэспубліка адзначае дзяржаўнае свята — Дзень народнага адзінства, зацверджаны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 7 чэрвеня 2021 года № 206. Знакавая падзея прымеркавана да гадавіны пачатку вызваленчага паходу Чырвонай арміі ў Заходнюю Беларусь у 1939 годзе, у выніку якога беларускі народ, падзелены па ўмовах Рыжскай мірнай дамовы, уз'яднаўся. Гэта дазволіла краіне выстаяць у гады Вялікай Айчыннай.


Пасля вызвалення нашых зямель Чырвонай арміяй восенню 1939 года па­дзеяй асаблівай важнасці стала правядзенне 28—30 кастрычніка ў Беластоку Народнага сходу Заходняй Беларусі. Менавіта тады афіцыйна пачалася юрыдычная працэдура ўсталявання савецкага дзяржаўнага ладу, а таксама ўключэння Заходняй Беларусі ў склад БССР.

Паводле палажэння ўдзельнічаць у выбарах у гэты орган мелі права ўсе жыхары, якія дасягнулі 18-гадовага ўзросту. У галасаванні прынялі ўдзел больш за 2,6 мільёна чалавек (96,71 працэнта), з іх звыш 2,4 мільёна прагаласавалі за вылучаных кандыдатаў (90,67 працэнта).

Вырашэнне пытання аб уваходжанні Заходняй Беларусі ў склад БССР пачалося на трэцім, ранішнім пасяджэнні сходу 29 кастрычніка 1939 года. Асноўны дакладчык — Флор Манцэвіч. Нарадзіўся ў вёсцы Іказнь сучаснага Браслаўскага раёна. Пасля атрымання адукацыі настаўнічаў на Міёршчыне і Браслаўшчыне. Вытрымкі з яго выступлення беражліва захоўваюцца ў Браслаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі. Па нашай просьбе намеснік дырэктара Браслаўскага раённага аб'яднання музеяў Валерый Гордаў знайшоў арыгінал у фондах.

Валерый Гордаў з партрэтам Флора Манцэвіча.

«Таварышы, я па прафесіі настаўнік!» — пачынае даклад Фларыян Данатавіч. Далей расказвае, што за ўвесь час сваёй дзейнасці яго шмат разоў выклікала польскае кіраўніцтва і пыталася пра адно і тое ж: «А якой вы нацыянальнасці?»

«Яму добра вядома было, што я беларус, але ён відавочна чакаў ад мяне, што я польскай нацыянальнасці, — працягвае настаўнік. — …успомнім, што ў нас рабілася ў вобласці культуры і адукацыі. Нацыянальныя школы былі пазачыняныя, гэтым нават хваліліся польскія чыноўнікі».

Трэба адзначыць, што Флор Манцэвіч — не радавы педагог. Ён першы настаўнік народнага артыста СССР Генадзя Цітовіча, збіраў фальклор, займаўся музыкай, друкаваўся ў газетах пад псеўданімам Якiм Пярэчка. Выступаў за адкрыццё беларускіх школ пры польскай уладзе, а пасля далучэння Заходняй Беларусі ўдзельнічаў у стварэнні новай сістэмы народнай адукацыі.

«Не раз на працягу гісторыі варожая рука раз'ядноўвала беларускі народ з рускім, раз'ядноўвала і сам беларускі народ, раздзіраючы на часткі нашу Радзіму, — сказана ў яго прамове. — Ужо зараз вызвалены народ Заходняй Беларусі карыстаецца свабодай і сваімі правамі. Доказам таму служыць тое, што мы тут сабраліся».

Флор Манцэвіч адзначаў, што ўз'яднанне вырашыць пытанні эканамічнага развіцця, загоіць глыбокія раны на целе змучанай Радзімы. Гаспадарка Заходняй Беларусі зменіцца. Дзякуючы гэтаму знікнуць беспрацоўе, адсталасць, з'явяцца новыя кваліфікаваныя рабочыя, тэхнікі, інжынеры.

І яго словы мелі пад сабой абгрунтаванне. Разам з галоўным захавальнікам фондаў Браслаўскага аб'яднання музеяў Галінай Ворах мы прагледзелі фота Браслаўшчыны 1930-х. Аніякага намёку на развіццё прамысловасці ці наяўнасць тэхнікі ў сельскай гаспадарцы. Усё гэта было шмат пазней, у 1950-я. Знайшлі некалькі здымкаў сельскіх працаўнікоў, якія выкарыстоўвалі ў якасці цяглавой сілы коней. Фатаграфавалася тады ў асноўным панства. Напрыклад, удзельнікі таварыства «Рольнік», пра якое ніжэй.


У газеце «Браслаўская звязда» ад 19 кастрычніка 1989 года, што захоўваецца ў архіве музея, прыводзяцца такія факты пра часы панавання палякаў у рэгіёне: «Звыш 55 тысяч сялянскіх двароў мелі надзелы менш за 1 гектар, у той час як сярэднія памеры памешчыцкіх уладанняў складалі каля 500 гектараў. На тэрыторыі Браслаўскага павета не было ніводнага буйнога прадпрыемства. За 20 гадоў пабудавана толькі некалькі невялічкіх аб'ектаў, у асноўным па перапрацоўцы сельскагаспадарчай сыравіны — накшталт механічнай пякарні і маслабойкі, паравога млына і цагельні ў Браславе».

У той жа час палякі вывозілі ад нас тое, што закупляла ў сялян таварыства «Рольнік». А таксама рыбу і лес, масівы якога аддавалі буйныя ўладальнікі на водкуп гандлярам. Вялікай праблемай стала беспрацоўе. Невялікія надзелы не давалі магчымасці многім сялянам пракарміцца, таму яны хадзілі ў суседнюю Латвію і працавалі там на заводах у буйных гарадах. Але часцей адпраўляліся туды дзецюкамі на сезонную работу да заможных гаспадароў. Шмат хто падаўся за мяжу: на шахты Францыі, Бельгіі, у ЗША і Лацінскую Амерыку. Ехалі з надзеяй хутчэй зарабіць грошай, каб пасля набыць кавалак зямлі на Бацькаўшчыне.

Шмат несправядлівасці зведалі насельнікі Браслаўшчыны.


— Палякі пазбаўлялі сялян правоў, якія тыя мелі са старажытных часоў, — расказвае Валерый Гордаў. — Напрыклад, пасвіць жывёлу, збіраць сухое галлё, грыбы і ягады на панскай зямлі.

У якасці прыкладу: жыхары Азяраўцаў пазбавіліся права пасвіць жывёлу на вялікім лузе за вёскай. Яны не маглі пагадзіцца з гэтай стратай і на працягу некалькіх гадоў вялі цяжбу з графіняй.
Быў наняты адвакат, патрачана шмат грошай, але безвынікова. Толькі калі сервітутныя землі спадарыні перайшлі сялянам, луг быў вернуты.

Найбольш буйнымі земле­ўладальнікамі на Браслаўшчыне лічыліся Плятары. Ім належалі таксама маёнткі, лясныя масівы, азёры. Напрыклад, уласнасцю графаў было возера Дрывяты — адно з найвялікшых у нашай краіне. Арандаваў яго Шнэер, выкарыстоўваючы  па сваім меркаванні. Сялянам прыбярэжных вёсак, для якіх рыбалоўства заўсёды з'яўлялася часткай жыцця, арандатар забараніў здабычу рыбы сеткай, а за вуды ўвёў плату.

Сяляне Браслаўскага павета, 1930-я гады.

У пэўныя перыяды панаваў голад. Захаваліся апісанні яго на Віленшчыне ў 1929 годзе. Прычына — папярэдні недарод і позняя вясна. Але ці хвалявала гэта панства?

Да 1939-га ў нашу краіну перасялілі каля 9 тысяч асаднікаў, распавядаюць дакументы. Гэта польскія каланісты, якія атрымлівалі зямлю як легіянеры — удзельнікі вайны з Савецкай Расіяй. Дарэчы, у архівах Браслаўскага аб'яднання музеяў мы адшукалі цікавы фотаздымак. Падпісаны ён так: «Гурт вайскоўцаў з музычнымі інструментамі перад Домам спорту». Палякі выкарыстоўвалі Браслаў таксама як месца адпачынку для сваіх вайскоўцаў.

Беларускі народ пазбавілі правоў. Многія засталіся непісьменнымі, адзначае ў іншай крыніцы з архіва музейнага аб'яднання сведка, браслаўскі ветэран працы А. Кулаковіч: «Давялося бачыць таксама, з якой радасцю сустрэлі жыхары Заходняй Беларусі вызваленне. Быў я тады школьнікам. 17 верасня, калі чырвонаармейцы перайшлі граніцу, апоўдні ў вёску Агаркі прыйшла група настаўнікаў і вучняў старэйшых класаў Рогаўскай сярэдняй школы на чале з яе дырэктарам Собалем. У іх былі партрэты кіраўнікоў партыі і ўрада, некалькі чырвоных сцягоў».

 Да іх далучыліся іншыя аднавяскоўцы, і калона накіравалася ў Радашковічы (размова ідзе пра населеныя пункты Мала­дзечанскага раёна), толькі што вызвалены пасёлак, на захад ад былой мяжы. Там яны правялі мітынг. «Мясцовыя жыхары віталі воінаў-вызваліцеляў, частавалі фруктамі, дарылі кветкі», — узгадвае сведка.

…У сваёй прамове на Народным схо­дзе ў Беластоку Флор Манцэвіч заклікаў да добраахвотнага аб'яднання з брацкім народам Савецкай Беларусі, і яго падтрымалі. Народны сход прыняў дэкларацыю, якая абвясціла ўсталяванне савецкай улады на ўсёй тэрыторыі Заходняй Беларусі і ўваходжанне Заходняй Беларусі ў склад СССР. На жаль, лёс самога беларуса склаўся трагічна: у пачатку нямецкай акупацыі па даносе яго арыштавалі гітлераўцы і пасля катаванняў расстралялі. Заходнія акупанты паспрабавалі зноў захапіць нашу зямлю, але гэта ў іх не атрымалася. І не атрымаецца ніколі.

  yasko@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter