Разам са знакамiтым дыктарам сышла цэлая эпоха. Аднак у фондах Беларускага радыё захавалася вялiкая колькасць пастановак, падрыхтаваных «беларускiм Левiтанам», дзясяткi празаiчных i паэтычных твораў, што не губляюць сваёй актуальнасцi. Сёння яны складаюць залаты фонд радыётэатра, якiм Першы нацыянальны канал падзелiцца са сваiмi слухачамi.
Ужо ў панядзелак, 9 верасня, у эфiры прагучыць iнсцэнiраванае апавяданне Янкi Маўра «Апошнi вылет», дзе словы аўтара агучыў Iлья Курган. Пасля ў яго ж выкананнi — паэма Пятра Глебкi «Мужнасць».
10 верасня тыдзень памяцi працягне радыёкампазiцыя «Сцяг брыгады» паводле аднайменнай паэмы Аркадзя Куляшова. У галоўнай ролi Алеся Рыбкi Iлья Курган.
Ён заклiкаў любiць слова, берагчы яго, бо родная мова, паводле дыктара, «гэта жыватворная крынiца, якая ў самай цяжкай сiтуацыi надае сiлы, спаталяе смутак». 11 верасня ў выкананнi таленавiтага майстра слова прагучыць фрагмент паэмы Адама Мiцкевiча «Пан Тадэвуш», а на наступны дзень — урывак з аповесцi Кузьмы Чорнага «Скiп’ёўскi лес».
13 i 14 верасня ў праграме «Тэатр Беларускага радыё» чакаем аўдыёспектакль «Крыж мiласэрнасцi» паводле аднайменнага рамана Валянцiны Коўтун, а на завяршэнне — знакамiты «Курган» народнага паэта Беларусi Янкi Купалы. У нядзелю слухачы Першага нацыянальнага канала пачуюць фрагмент аповесцi Уладзiмiра Караткевiча «Чазенiя».
Да апошнiх гадоў жыцця прафесар Iлья Курган выкладаў, дзялiўся са студэнтамi вопытам i прафесiяналiзмам. Вучнi i калегi з Беларускага радыё захоўваюць светлую памяць пра майстра i згадваюць яго творчую дзейнасць з захапленнем i словамi глыбокай удзячнасцi.Юлiя АЛЯКСАНДРАВА.