![](/upload/iblock/09c/09c2e775a29b4236cab42e0949e6602b.jpg)
— Пік затрыманняў непаўналетніх прыпадае на пятніцу і выхадныя, — уводзіць мяне ў курс справы ўчастковы інспектар ІСН Фрунзенскага РУУС Дзмітрый Нагібовіч, разам з якім мы патрулюем начныя вуліцы Мінска. — Таму ў выхадныя ў горадзе працуюць мабільныя групы. Патрулюем у цывільным адзенні, каб падлеткі не паспелі ўцячы.
У кожным раёне ёсць асабліва праблемны ўчастак. У Фрунзенскім гэта невялікая зялёная зона на скрыжаванні вуліц Прытыцкага і Нёманскай. Паблізу многа шматпавярховых дамоў, дзе часам можна сустрэць юных жыхароў з бутэлечкай піва і чыпсамі. Сёння тут бачым на паваленым дрэве двух хлопцаў. На вуліцы сцямнела, і здалёк іх відаць дрэнна. Падыходзім і правяраем дакументы. Абодвум па 18 гадоў — не наш кантынгент. На супрацьлеглым баку зялёнай зоны — яшчэ адна кампанія, але і там усе аказаліся паўналетнімі.
А што з забаўляльнымі ўстановамі? Вырашаем зазірнуць у кафэ на вуліцы Прытыцкага, 156. Унутры непаўналетнія наведвальнікі п’юць выключна безалкагольныя напоі. Яно і зразумела: кафэ абсталявана сістэмай відэаназірання. У такіх месцах рэдка грашаць продажам алкаголю дзецям. Затое кафэ на Прытыцкага, 193 нядаўна трапляла ў зводкі. Афіцыянтка стамілася пад канец змены і забылася праверыць пашпарт у кампаніі падлеткаў, якія заказалі піва. Сёння ўнутры выключна паўналетнія. Мабыць, заплаціўшы буйны штраф за парушэнне, установа павысіла пільнасць. Дарэчы, калі афіцыянт адмаўляе ў продажы алкаголю, падлеткі часам просяць іншых наведвальнікаў набыць ім спіртное. Хтосьці згаджаецца.
— За такую паслужлівасць можна паплаціцца рублём, — папярэджвае Дзмітрый Нагібовіч. — За набыццё алкаголю падлетку прадугледжаны штраф ад 10 да 30 базавых велічынь. Прычым пратакол складаецца за кожнага непаўналетняга. Па кожным прадугледжана і адказнасць — ад 5 базавых. А школьніка з дзесяцігадовага ўзросту ставяць на ўлік да дзіцячага нарколага.
Разам з інспектарам правяраем фастфуд каля метро «Каменная Горка». Гэта папулярнае месца ў мясцовых жыхароў, і сярод наведвальнікаў можна знайсці парачку падлеткаў. За столікамі сядзяць некалькі кампаній. Візуальна ўсе паўналетнія, але дакументы ўсё ж правяраем. Знешнасць, як вядома, падманлівая. Размаўляю з афіцыянтам.
— Пашпарты заўсёды гляджу. Мяне ж потым аштрафуюць, калі што. Яно мне трэба? Тым больш падлеткі цяпер часта выглядаюць старэйшымі за свае гады. Барада ці яркі макіяж яшчэ не гарантыя, што перад табой дарослы чалавек, — разважае ён.
Падлеткаў у рэстаранчыку не аказалася. Вырашаем вярнуцца сюды пазней і праверыць зноў. Падчас патрулявання інспектар расказвае, што летам, асабліва ў выхадныя, міліцыі даводзіцца выязджаць на флеты. Так моладзь называе тусоўкі на кватэры. Пакуль бацькі на дачы, дзеці не губляюць магчымасці запрасіць у госці сяброў на піва.
Ужо сцямнела, стрэлкі гадзінніка наблізіліся да адзнакі 23.00. Пасля гэтага часу ўсіх, каму яшчэ няма 16 гадоў, на вуліцы без суправаджэння дарослых быць не павінна.
![](/upload/iblock/903/903cba444f2f85f851be465dba183048.jpg)
— Калі зараз кагосьці знойдзем, то хто будзе адказваць: дзіця ці бацькі? — цікаўлюся.
— Адказваць будуць бацькі. Хто-небудзь з іх павінен прыехаць і забраць дзіця дадому. Мы складаем пратакол, дзе дэталёва прапісваем абставіны, пры якіх затрымалі школьніка. У далейшым дакумент накіруем у камісію па справах непаўналетніх.
Бачым на вуліцы Калеснікава хлопчыка. Ігару 11 гадоў. Кажа, загуляўся з аднакласнікамі. Да 23.00 засталося 7 хвілін. Праводзім дзіця да пад’езда і перадаём маці.
На гадзінніку амаль 23.30. Каля дома № 15 на вуліцы Берута 15-гадовы хлопец гуляе адзін, без бацькоў. Пазней высветлілася, што яго тата пазбаўлены бацькоўскіх правоў. Адказваць давядзецца маці. На першы раз справа абыдзецца папярэджаннем.
Вяртаемся да станцыі метро «Каменная Горка» ў рэстаран. Каля стойкі заўважаем хлопчыка гадоў сямі. Кажа, бацька пакінуў яго забраць заказ, а сам пайшоў па справах. А на гадзінніку ўжо амаль апоўначы. Інспектар тэлефануе мужчыне і разам з сынам адпраўляе яго ў апорны пункт міліцыі для высвятлення ўсіх абставін.
![](/upload/iblock/182/18273f6e410e6a72bbb0f2e354f1c496.jpg)
Мы ж тым часам правяраем дакументы пасажыраў, якія выходзяць з метро і якім на першы погляд яшчэ няма шаснаццаці. Наогул, тут нярэдка затрымліваюць нецвярозых падлеткаў. Дзмітрый Нагібовіч напрыканцы нагадвае:
— Калі ўзнікае падазрэнне, што падлетак нецвярозы, то вязём яго на вуліцу Перадавая, 11 для медагляду. Калі прыборы паказваюць праміле, то складаем пратакол, які накіроўваем у камісію па справах непаўналетніх, у навучальную ўстанову і ў дзіцячы наркалагічны дыспансер.
gorbatenko@sb.by
Фота аўтара.