Ветеран войны Петр Пчелинцев - о строительстве бункеров, рассекреченных диверсантов и задержании банды, которая ограбила пассажиров поезда

Па шляхах-дарогах франтавых

Пётр Iльiч сёння.
Фота Вячаслава КАЛАМІЙЦА
Некалькi гадоў на прыгарадным цягнiку езджу на свой дачны ўчастак, i нярэдка ў той жа вагон падсаджваецца мужчына, знаёмства з якiм нашай пастаяннай кампанii, як кажуць, абмяжоўвалася звычайным прывiтаннем «Добры дзень, добрага здароўечка!», ды рознымi спадарожнымi размовамi.

I вось аднойчы пасажыр суседняга з намi купэ, мяркуючы па ўсiм, яго знаёмы, ды i пытае:

— Няўжо вам, Пётр Iльiч, у свае 95 гадоў яшчэ па сiлах капацца ў зямлi?

Названы ўзрост прымусiў нас па-новаму зiрнуць на мужчыну: якiя 95 гадоў? Вышэй сярэдняга росту, статны, моцнага складу. Аднак, як высветлiлася, Пётр Iльiч Пчалiнцаў, на выгляд якому не больш як 75 гадоў, шмат пабачыў на сваiм вяку: пачынаў у Вялiкую Айчынную з працы на будаўнiцтве лiнii абароны, а пасля — нават выявiў нямецкага дыверсанта.

Сустрэча з Будзёным


А ветэран, адказваючы на пытанне пасажыра, ажыў:

— З зямелькай упраўляцца яшчэ магу, бо вырас у сялянскай сям’i, дзе было пяцёра двухжыльных дзяцей, якiя дапамагалi бацькам упарадкоўваць свае агароды i працаваць на калгасных палях. Адтуль, з маленства, усё i пайшло. А яшчэ пяць гадоў таму ў маiм садова-агародным таварыстве ў капаннi зямлi за мной нiхто ўгнацца не мог. Цяпер, праўда, таго спрыту ўжо няма.

Тут Пётр Iльiч крыху задумаўся i павярнуў размову ў нечаканы бок.

— Як успомню, што ў пачатку вайны мы, «фабзайцы», каму па 15, каму па 17 гадоў, пад Ржэвам капалi супрацьтанкавыя рвы i будавалi доты (за змену кожны выкопваў 4,5 куба цяжкога камянiста-глiнiстага грунту), дык ажно не верыцца, што было такое. Гэту лiнiю абароны, дарэчы, з ваеннымi спецыялiстамi прымаў сам маршал Сямён Мiхайлавiч Будзёны, якога, праўда, мы бачылi здалёк.

На прыпынку «Плёсы» Пётр Iльiч развiтаўся, а мы паехалi далей. А мужчына з суседняга купэ перасеў да нас i пачаў расказваць пра яго. Ветэран дэмабiлiзаваўся ў 1951 годзе. З’яўляецца Ганаровым чыгуначнiкам Беларусi. Шмат чытае як кнiг, так i газет, часопiсаў. Дагэтуль, як i раней, складае вершы, пастаянна займаецца фiззарадкай, гуляе па свежым паветры, ахвотна сустракаецца са школьнiкамi.

Калi пасля я пазнаёмiўся з Пятром Iльiчом блiжэй, да сказанага дадам: гэта вельмi сцiплы чалавек, у яго добрая памяць, якую ён трэнiруе не толькi чытаннем, але i адгадкамi рэбусаў, красвордаў, ён выдатны расказчык, якi валодае пачуццём гумару.

Асколак на ўсё жыццё

Пётр Пчалiнцаў нарадзiўся i вырас у Спасскiм раёне Разанскай вобласцi. Пасля сямiгодкi паступiў у Маскве ў школу фабрычна-завадскога навучання, а праз некалькi дзён «фабзайцаў», забяспечыўшы iх сякерамi ды рыдлёўкамi, адправiлi пад Ржэў. Ён трапiў у групу з 25 сталяроў-цесляроў i быў прызначаны ў ёй старшым. Работа — з шасцi ранiцы да дзевяцi гадзiн вечара. Супрацьтанкавы роў — глыбiнёй у тры i шырынёй у пяць метраў, а ў дотах — лабавая сценка ў паўтара метра жалезабетону таўшчынёй, астатнiя — па аднаму метру, а зверху — мяшкi з пяском, якiя закладвалiся дзёрнам.

— Мне, — распавядае Пётр Iльiч, — як самаму моцнаму фiзiчна ў групе (бо з маленства займаўся лёгкай атлетыкай, лыжамi i самба) даводзiлася не толькi прыклад у працы паказваць, але i дапамагаць iншым.

Вораг рваўся да Масквы. Чырвоная ж Армiя адступала на ўсход, i мы з ёй таксама. Да Арэхава-Зуева. Паратунак шукалi ў акопах, ды гэта мала дапамагала, бо пастаянныя бамбёжкi i атакi фашыстаў наносiлi вялiкiя страты. Не магу дакладна сказаць, колькi чырвонаармейцаў тады загiнула, але з нашай Маскоўскай школы № 3 ФЗН з 250 навучэнцаў засталося ў жывых толькi 27.

Пры такiх абставiнах майстар сказаў нам: хлопцы, хто як можа, дабiрайцеся дадому. Праз некалькi дзён мне ўдалося ўцiснуцца ў цягнiк, я трапiў у сваю вёску Зарэчча. Гэта было ў кастрычнiку 1941 года.

Дома, закончыўшы курсы тракта­рыстаў, працаваў на калгасных палях да жнiўня 1942 года, калi мяне прызвалi ў армiю. Ужо ў вераснi я апынуўся ў вайсковай часцi 73 палка 94 дывiзii войскаў НКУС. Там навучаўся майстэрству стралка-бранябойшчыка, аўтаматчыка, мiнамётчыка, станкавага кулямётчыка i г. д. Займаючы розныя пасады ў вайсковых падраздзяленнях, ахоўваў чыгункi, масты, iншыя важныя аб’екты стратэгiчнага прызначэння, дастаўляў па чыгунцы боепрыпасы i харчаванне ў вайсковыя часцi, забяспечваў парадак на станцыях i перагонах, займаўся аператыўнай работай.

У час суправаджэнняў цягнiкоў з наменклатурнымi грузамi да фронту нярэдка на нас наляталi нямецкiя самалёты i скiдвалi бомбы цi абстрэльвалi вагоны. У мяне дагэтуль у целе знаходзiцца асколак.

Затрымаць i абясшкодзiць

У абавязкi вайскоўцаў НКУС уваходзiла i выяўленне нямецкiх шпiёнаў, дэзерцiраў, марадзёраў, iлжэпартызан. У затрыманнi аднаго з такiх агентаў, якi дзейнiчаў на вызваленай тэрыторыi ў Гомелi, Добрушы i на iншых станцыях, прымаў удзел i Пётр Iльiч. На станцыi горада Шчорса (зараз Сноўск) ён з салдатам правяраў выкананне пашпартнага рэжыма i звярнуў увагу на старшага лейтэнанта, якi абедаў у кафэ. Папрасiў яго прад’явiць дакументы, i той паказаў толькi камандзiровачнае пасведчанне. На патрабаванне прад’явiць пашпарт цi ваенны бiлет, нярвова агрызнуўся: не твая справа, яфрэйтар, хопiць таго, што пабачыў.

Старшага лейтэнанта адвялi ў мiлiцэйскi кабiнет станцыi, i там ён «раскалоўся». Сiбiрак, трапiў у палон, ў Германii прайшоў абучэнне ў дыверсiйнай школе, быў закiнуты на самалёце ў Беларусь i паслаў дзве шыфроўкi аб скапленнi вагонаў на станцыях Гомель i Шчорс. Ён быў аснашчаны радыёстанцыяй, рабоча-сялянскай вопраткай, працоўнымi кнiжкамi пуцявога абходчыка i калгаснiка i савецкiмi грашыма ў суме трох тысяч рублёў. Усё гэта хаваў у патаемным месцы ў лесе, якое i паказаў.

У другi раз Пётр Пчалiнцаў абяззброiў i затрымаў трох бандытаў, якiя рабавалi пасажыраў, што перамяшчалiся ў пустых таварняках. Паведамiў яму, прыёмшчыку вагонаў, ва Унечу аб гэтым дыспетчар з Бранска. Створаны з пяцi чалавек нарад не знайшоў злодзеяў, аб чым папярэдзiлi Гомель, куды накiроўваўся цягнiк. Пасля гэтага Пётр Iльiч пачаў абход вартавых пастоў i ў цемры ночы заўважыў тых траiх, прыкметы якiх былi яму вядомы.

Яны спыталi ў яго, як прайсцi на станцыю, i Пчалiнцаў, слiзгануўшы па iх святлом лiхтарыка i канчаткова ўпэўнiўшыся, што перад iм тая самая банда, паказаў напрамак. Апынуўшыся ж ў iх за спiнамi, двух ён аглушыў ручкай рэвальвера, а трэцi са страху ўпаў на зямлю...

Малодшы сержант Пётр Пчалiнцаў пасля вайны служыў у сiстэме войскаў Мiнiстэрства ўнутраных спраў, а пасля — у ваенiзаванай ахове Беларускай чыгункi. Калi ж закончыў тэхнiкум, да выхаду на пенсiю ва ўзросце 73 гадоў, працаваў у Гомельскiм аддзяленнi Беларускай чыгункi.

Уладзiмiр Пернiкаў

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter