Почему сражаются за феминитивы в языке, и что это такое?

Назавi мяне iнжынеркай

Нядаўна былi названыя пераможцы Х Рэспублiканскага конкурсу Беларускага саюза жанчын «Жанчына года». У стужках навiн мы можам прачытаць, што сярод лаўрэатаў — дырэктар, урач, бухгалтар...

Але аказваецца, што гэтыя вызначэннi ў мужчынскiм родзе — «урач», «дырэктар» i т.п. — выклiкаюць сёння гарачыя спрэчкi... Згодна з афiцыйнымi правiламi i рускай мовы, i беларускай ёсць спiс слоў, якiя абазначаюць прафесii, пасады, навуковыя ступенi, вайсковыя званнi, што не маюць жаночых форм — фемiнiтываў. Не ўсе з гэтым згодныя. Сёння мы з пiсьменнiцай, перакладчыцай  Аленай Казловай (яна ж Анка Упала) i паэткай, перакладчыцай Юлiяй Цiмафеевай таксама спрачаемся пра фемiнiтывы.

Фото  ЕвгениЯ  КолЧева.

Л.Рублеўская: Нярэдка даводзiцца чуць пра жанчын–лiтаратараў «пiша як мужчына» ў сэнсе ўхвалы. Калiсьцi ў юнацтве я прачытала, што Марына Цвятаева патрабавала, каб яе называлi «паэт», а не «паэтэса». Я таксама тады называла сябе «паэт». Цяпер высветлiлася, што гэта ўжо не камiльфо.

Ю.Цiмафеева: А вы ведаеце, чаму Цвятаева называла сябе паэтам? Таму што ў XIX стагоддзi тэрмiн poetesse абазначаў пэўны вобраз аўтаркi той эпохi: крыху экзальтаваная, пiша пра чыстае каханне. Цвятаева бунтуе супраць гэтага.

А.Казлова: Негатыўнае ўспрыняцце фемiнiтыва звязана з нiжэйшым статусам жанчыны ў мiнулым.

Л.Рублеўская: Так, жанчына заўсёды хацела быць на роўных з мужчынамi ў сваёй прафесii. Мой калега — урач, i я ўрач, а не «ўрачыха».

А.Казлова: Мова ўплывае на нашу свядомасць. Амерыканская даследчыца Лена Барадзiцкi кажа, што ў 85 працэнтах выпадкаў мастак, якi стварае антрапаморфныя вобразы абстрактных паняццяў, iдзе за граматычнай катэгорыяй. Я праводзiла эксперымент у пісьменніцкай школе. Прасiла намаляваць год i намаляваць зiму. Многія намалявалi год як мужчыну, а зiму як жанчыну. Калi мы не маркiруем прысутнасць жанчыны ў грамадстве, не ўжываем фемiнiтывы, атрымлiваецца, што жанчыны выпадаюць з нашага ўспрыняцця.

Л.Рублеўская: I як назваць жанчыну–iнжынера?

Ю.Цiмафеева: Iнжынерка. Нядаўна перачытвала дарэвалюцыйныя вершы Купалы, у творы, прысвечаным Цётцы, ён ужывае фемiнiтыў «пяснярка». Не думаю, што такое слова магло пакрыўдзiць Цётку.

Л.Рублеўская: I ў рускай мове вы за такую форму?

Ю.Цiмафеева: Канешне.

Л.Рублеўская: Працытую расiйскую... ужо не ведаю, як назваць, блогера, блогершу цi блогерку: «Когда меня вполне серьезно назвали «врачихой», то я думала, что это такая местная шутка, а потом мне объяснили, что «врачиха» — это вообще суперуважительно и классно, не то что там какой–то «врач». Слово «врач» мужского рода! Ты что, женщин не уважаешь? Нет, просто «врачиха» звучит унизительно, всего–то. А еще в одном паблике серьезно обсуждали тему, что, к примеру, если женщина врач–психиатр, то она должна быть психиаторкой, а, к примеру, гинеколог — гинекологичка. Ну как вам? Как будто ожил Чикатило и решил насиловать не людей, а пройтись по словам».

А.Казлова: Мы не можам правесцi хiмiчны эксперымент, каб выпала ў асадак адмоўнасць, якую мы нiбыта адчуваем у фемiнiтывах. Наша успрыняцце суб’ектыўнае.

Л.Рублеўская: Усё роўна я заўважыла, калi хочуць, скажам, добра адазвацца пра сваю любiмую настаўнiцу, кажуць — «Гэта настаўнiк з вялiкай лiтары».

Ю.Цiмафеева: То бок падкрэслiваюць, што яна прафесiяналка не горшая, чым мужчына. Я нядаўна чытала кнiгу «Политическая история брюк», пра тое, як жанчыны адваёўвалi сабе права насiць штаны. Мне падаецца, што называць прафесiю жанчыны ў мужчынскiм родзе — тое самае. Трэба абараняць сваё права на жаноцкасць. Але жаноцкасць не з глянцавых часопiсаў, а тая, якую кожная з нас ўяўляе па–свойму.

А.Казлова: Калi вы папросiце людей намаляваць пiсьменнiка, усе намалююць мужчыну.

Л.Рублеўская: А папрасi намаляваць настаўнiка цi бухгалтара — намалююць жанчыну. Усё залежыць ад таго, каго больш у прафесii. Але калi трэба назваць множны лiк — не скажуць жа «астранаўткi», скажуць «астранаўты».

Ю.Цiмафеева: Мы звяртаемся да навучэнцаў нашай Школы пiсьменнiкаў «студэнты i студэнткi».

Л.Рублеўская: Дарэчы, у беларускай мове ёсць цiкавы старажытны варыянт: «студэнцтва», «спадарства»... Можа, гэта выйсце? «Шаноўнае настаўнiцтва»?

Ю.Цiмафеева: Мы шукаем, думаем.

А.Казлова: У фiнскай мове няма катэгорыi роду. Калi я перакладала дзiцячую кнiгу з фiнскай мовы, там было шмат другасных персанажаў, у якiх няма iмёнаў, i немагчыма здагадацца, мужчына гэта цi жанчына. Я пастаралася зрабіць, каб і тыя і тыя прысутнічалі ў тэксце. Калi пераклад быў ужо гатовы, да яго давялося купляць малюнкi ў лiтоўскага выдавецтва, i ўсе персанажы, гендэр якiх не быў пазначаны, аказалiся намаляваныя як мужчыны. Мне давялося правiць свой пераклад.

Л.Рублеўская: Добра, мы пачнём заўсёды ўжываць «дырэктарка», «доктарка»... А як быць з назвамi, якiя iснуюць толькi ў жаночым родзе, хаця ў прафесii ёсць мужчыны? Балярына, медсястра?

Ю.Цiмафеева: Калi ласка, з’явiлася слова медбрат.

Л.Рублеўская: Значыць, калi ў прафесiю прыходзiць больш асоб iншага полу, гэта само па сабе адбiваецца ў мове. Усё вызначаюць сацыяльныя працэсы, i прышчэплiваннем тэрмiна нiчога не зменiш.

А.Казлова: Але мовай лёгка манiпулiраваць. Замест слова «прыбiральнiк» цi «прыбiральшчыца» ў шведскай мове пачынае ўжывацца больш паважлiвы тэрмiн... Але цi змянiўся ад гэтага сацыяльны статус прыбiральшчыцы?

Л.Рублеўская: У нас таксама апошнiм часам пайшло — клiнiнг, клiнер... I так, у прафесii змянiўся iмiдж. На сайтах кампанiй упарта падкрэслiваюць, што iх прафесiйны клiнiнг — зусiм не звычайнае прыбiранне.

Ю.Цiмафеева: I фемiнiзм змянiўся. Сэнс не ў тым, каб апрануць штаны i працаваць як мужчына. А ў тым, каб маладая мама магла ў любым месцы знайсцi спавiвальны столiк i пакармiць дзiця. Каб жанчыне было камфортна ў гэтым свеце, i для гэтага ёй не трэба было б рабiцца мужчынам. I фемiнiтывы з’яўляюцца набыткам гэтага. Я не хачу называцца паэтам, каб мяне ўспрымалi сур’ёзна. Я — паэтка.

А.Казлова: Так, фемінітывы шмат каго раздражняюць. Магчыма, не ўсе з іх замацуюцца. Але такiя словы звяртаюць увагу на прысутнасць жанчын у грамадстве.

rubleuskaja@sb.by

P.S. А што думаеце вы, шаноўныя чытачы?
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter