Мiнск пачынае серыйную вытворчасць 3D-прынтэраў

Надрукаванаму верыць

Агульнапрамысловыя і харчовыя мадэлі 3D-прынтараў будуць выпускаць у тэхнапарку БНТУ «Палітэхнік». Планы грандыёзныя. Да 2018 года з канвеера павінна сыходзіць 50 друкарскіх машын у месяц. Карэспандэнт «Р» пратэсціравала навінкі, якія ўдвая танней замежных аналагаў.

Прадукт за пару гадзін


Прынтар для кулінарных шэдэўраў літара за літарай стварае шакаладны дэсерт.


РУП «Новыя оптаэлектронныя тэхналогіі», куды я іду выпрабаваць цуда-машыны, мае больш за 20 гадоў вопыту аўтаматызацыі прамысловых аб’ектаў. Не так даўно тэхнапарк і НДІЛ аўтаматызацыі вытворчасці філіяла БНТУ «Навукова-даследчая частка» ўшчыльную заняліся ады­тыўнымі тэхналогіямі. Сегмент стаў бурна развівацца, і ўжо сёння на прынтарах друкуюць ежу і складаныя трохмерныя мадэлі.

«Прынтар можа быць карысным у самых розных сферах», — запэўнівае Васіль Арцюшчык, дырэктар прадпрыемства. Каб не быць галаслоўным, дэманструе мадэлі, якія спатрэбяцца ў працы канструктарскага бюро. І дадае: «Калі вырабляць складаныя па форме рэчы традыцыйнымі спосабамі, спатрэбяцца дні. Прынтар выдасць прадукт усяго за пару гадзін». Тэхналогія падабаецца і архітэктарам — спраектаваць і вырабіць макеты будучых будынкаў зараз прасцей простага.

Нягледзячы на тое што першыя 3D-прынтары з’явіліся ў 1980-х гадах, яны знайшлі сваё прымяненне ў медыцыне толькі некалькі гадоў таму. Сёння яны папулярныя памочнікі: падыходзяць для стварэння танных інавацыйных пратэзаў ці дакладных копій костак. Кручу ў руках пластыкавы прадмет незвычайнай формы — аказалася, гэта прататып каленнага сустава.

Васіль Сяргеевіч тлумачыць: «Імплантаты вырабляюць з улікам анатамічных асаб­лівасцей кожнага пацыента. Звычайна яны з тытану, вельмі дарагога металу. Цяпер папярэдне можна раздрукаваць макет пратэза, каб прааналізаваць усе памылкі і хібы, і не дапусціць іх у працэсе асноўнай працы».

Самае папулярнае прымяненне 3D-прынтараў — дробнасерыйная вытворчасць. Сёння неабавязкова звяртацца да вырабу дарагіх формаў і тыднямі чакаць гатовай прадукцыі. Невялікія партыі вузлоў і дэталяў можна атрымліваць усяго за пару дзён. Тое ж і з сувенірнай прадукцыяй. Каб зразумець працэс вытворчасці, бяруся за выраб бірулькі.

Выпрабавана  на  сабе


Мне, пачаткоўцу, дапамагае Аляксей Гаўрыльчык, начальнік службы доследна-прамысловай вытворчасці. «У інтэрнэце шмат гатовых узораў трохмерных мадэляў. Калі яны нам не падыходзяць, ствараем сваю», — загружае камп’ютарную праграму. На невялікую эмблему з гравіроўкай «Рэспубліка» спатрэбілася не больш за пяць хвілін. Лічбавы праект трапляе ў прынтар.

Аляксей Гаўрыльчык устаўляе ў машыну бабіну з пластыкавымі ніткамі — гэта наша сыравіна. Варыянтаў яе цэлае мноства: можна выкарыстоўваць не толькі стандартны для большасці прынтараў PLA-пластык, але і PVA, RETG, PC, любыя гнуткія і святлівыя матэрыялы. Мы бярэм больш трывалы ABS. Цана такой шпулі вар’іруецца ад 20 да 90 рублёў у залежнасці ад вытворцы і якасці. Кілаграмовай упакоўкі, дарэчы, хопіць надоўга. 

Скрозь празрыстую сценку назіраю за амаль ювелірным працэсам: прынтар стварае аб’ект слой за слоем, знізу ўверх. Для нагляднасці ўявіце струменны прынтар. Толькі замест чарнілаў на аркушы паперы машына фармуе пластыкавыя аб’ёмныя літары. Павольна, але дакладна. На ўсё пра ўсё ў маім выпадку спатрэбіцца каля 30 хвілін.

Прынтар  друкуе  ежу


Пакуль чакаем выніку, Аляксей Гаўрыльчык расказвае мне пра перавагі іх прынтараў: «Пры плаўленні пластыку вылучаюцца шкодныя рэчывы. А наш апарат, які абсталяваны магутнай выцяжной прыладай і вугальным фільтрам, утрымлівае іх. У многіх замежных аналагах гэтага няма». Яшчэ адзін момант, таксама важны, крыецца ў надзейнай абароне шпулі з матэрыялам. Яна знаходзіцца ўсярэдзіне корпуса, які падаграваецца, і не бу­дзе ўвільгатняцца».


І яшчэ. Тысячагоддзямі чалавецтва брала нарыхтоўку і выдаляла з яе ўсё непатрэбнае, пакідаючы пасля сябе горы апілак і крошак... Тут жа ўсё наадварот. Галоўны козыр усіх 3D-прынтараў — эканамічнасць. Матэрыял расходуецца толькі на выраб неабходных дэталяў, не пакідае амаль ніякіх адходаў.

Выпрабоўваем другі варыянт прынтараў — для стварэння кулінарных шэдэўраў. Апарат кампактны і зусім просты ў выкарыстанні. Ёсць зменныя аднаразовыя стэрыльныя ёмістасці. У якасці матэрыялу для друку бяром шакалад. Засыпаем куды трэба, той пачынае растоплівацца пры 37 °C, а на выхадзе зноў застываць ў патрэбных нам формах. Літара за літарай ствараем салодкую назву нашай газеты. Гатова!

«Сыравінай могуць быць харчовая паста, глазур, крэм, цеста. Справа фантазіі», — дадае Аляксей Гаўрыльчык. 3D-прынтар для кулінарыі яшчэ не выйшаў на масавы рынак, але ім ужо цікавяцца. Напрыклад, на такі прынтар ёсць планы ў аднаго з прыватных вытворцаў кандытарскіх вырабаў.

Машына  зробіць  дом


На памяць аб выпрабаванні новых машын у мяне застаецца бірулька і шакаладны надпіс. Праўда, другі ўзор доўга не захаваецца — будзе бязлітасна мной з’едзены. Нічога, падумалася, зраблю яшчэ: праз некалькі гадоў падобныя цуда-прынтары, несумненна, стануць незаменнымі памочнікамі ў хатняй гаспадарцы. Сёння адзін такі апарат у сярэднім абыдзецца пакупніку ў 2 тысячы рублёў. Гэта ўдвая танней, чым кошт замежных аналагаў. Нашы распрацоўшчыкі будуць і далей імкнуцца зрабіць прынтар яшчэ больш танным.

Вось такая тэматычная бірулька ў нас атрымалася

Людзі па-рознаму рэагуюць на тэхналогію 3D-друку. Адны глядзяць на гэта з недаверам, а другія захапляюцца: «Ух ты! Раздрукуй і мне», — дзеляцца назіраннямі супрацоўнікі РУП «Новыя оптаэлектронныя тэхналогіі». Яны мяркуюць, што сучасныя 3D-машыны ў вельмі недалёкай будучыні апраўдаюць усе іх надзеі. «У планах абсталяваць прынтарамі не толькі дробныя і буйныя вытворчасці, але і ўсе школы краіны, — кажа дырэктар прадпрыемства. — Магчыма, трохмерныя тэхналогіі звяжуць два школьныя прадметы: «Працу» і «Інфарматыку». З’явіцца займальны факультатыў, дзе падлеткі змогуць на практыцы вывучаць адытыўныя тэхналогіі.

Дарэчы, у бліжэйшых планах распрацоўшчыкаў – выраб прынтара для ўзвядзення будынкаў. У Кітаі, да прыкладу, сёння «друкуюць» да 10 дамоў за 24 гадзіны. Будуюць недарагія, але раскошныя вілы і хочуць асвоіць узвядзенне небаскробаў. 

«Першы будаўнічы 3D-прынтар з габарытамі 1×1×1 м зможа ствараць невялікія элементы будынкаў і малыя архітэктурныя формы, — пра будучыя магчымасці іх тварэння расказвае Васіль Арцюшчык. — Адпрацуем тэхналогію і прыступім да вырабу васьміметровай машыны. Бетонную сыравіну для яе зараз ствараюць на кафедры будаўнічых матэрыялаў БНТУ». Навінку «даводзяць да розуму» сіламі ўсяго ўніверсітета, да работы прыцягваюць і перспектыўных студэнтаў.

ypopko@bk.ru

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter