Экскурсію па двухпавярховым будынку пажарнага дэпо праводзіць Ігар Дувалаў, намеснік начальніка Мінскага абласнога ўпраўлення МНС. Вось асобныя пакоі з шафамі для кожнага супрацоўніка дэпо — для баявога і грама-дзянскага адзення. Душавыя, санвузлы, памяшканні для захоўвання прылад для навядзення парадку ў дэпо. Ёсць вучэбны клас з інтэрактыўнай дошкай, а побач — зала для заняткаў спортам. І тэорыю, і практыку пажарныя паўтараюць штодня. Дарэчы, на змену тут заступаюць 14 чалавек, прытым змены ўсяго тры.
У цэлым асабовы склад усяго падраздзялення каля 50 чалавек. Каб тыя, хто заступіў на начное дзяжурства, маглі адпачыць, ёсць пакой на 10 ложка-месцаў. Праца ратавальнікаў спалучаная з вялікай рызыкай і нагрузкамі, таму тут ёсць пакой псіхалагічнай разгрузкі — можна адпачыць на канапе, паназіраць за акварыумнымі рыбкамі, паслухаць музыку, пачытаць.
Уся неабходная інфармацыя паступае ў цэнтр аператыўнага кіравання. Побач — гараж, дзе стаяць 30-метровая аўталесвіца і дзве новыя аўтацыстэрны на шасі МАЗ, у якія змяшчаецца 10 тон вады і 600 літраў пенаўтваральніка.
А вось трэніровачная вежа для адпрацоўкі нарматываў, а таксама пост газадымазасцярогі і трэніроўкі з персанальнымі маскамі. Як бачна, дэпо індустрыяльнага парка ў поўным узбраенні.
Падчас цырымоніі ўрачыстага адкрыцця. У індустрыяльным парку плануецца ўвесці яшчэ тры пажарныя часці і цэнтр бяспекі.
Удзел у адкрыцці дэпо прынялі першы намеснік міністра па НС Аляксандр Худалееў, кіраўнік адміністрацыі Кітайска-Беларускага індустрыяльнага парка «Вялікі камень» Аляксандр Ярашэнка, першы намеснік гендырэктара кампаніі па развіцці індустрыяльнага парка Кірыл Карацееў і іншыя.— Гэта знамянальны дзень, таму што агульнымі намаганнямі пры падтрымцы Мінскага абласнога выканкама мы ўводзім у эксплуатацыю гэтую пажарную часць, закладваем падмурак у бяспеку ў нашым індустрыяльным парку, — першым слова ўзяў першы намеснік міністра па НС Аляксандр Худалееў. — Спадзяюся, увод будынка ўмацуе парк і створыць усе ўмовы для плённай працы. Таксама спадзяюся, што вам, калегі, а таксама ратавальнікам, якія будуць несці тут службу, будзе камфортна. І сваёй працай вы захаваеце не адно чалавечае жыццё.
Кіраўнік адміністрацыі парка Аляксандр Ярашэнка дадаў:
— Гэта свята для нас, таму што з гэтай хвіліны адчуваем сябе на гэтай тэрыторыі спакойна і надзейна. Парк — агульнадзяржаўная справа, праект, які ідэалагічна і практычна падтрымліваецца лідарамі дзвюх дзяржаў. Ён знаходзіцца ў надзейных руках. Усё дзякуючы таму, што ваша важная праца, годная вялікай павагі, сёння прыйшла сюды.
А крыху пазней Аляксандр Худалееў падзяліўся навіной: у індустрыяльным парку плануецца ўвесці яшчэ тры пажарныя часці і цэнтр бяспекі. У канцы мая ўжо абмяркоўвалася магчымасць стварэння на базе «Вялікага каменя» беларуска-кітайскага цэнтра міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы бяспекі на вытворчасці, які паслужыў бы развіццю інавацый у гэтым напрамку. Ён сказаў:
— Разглядаецца напаўненне цэнтра рознымі функцыямі, у тым ліку стварэнне лабараторыі для правядзення выпрабаванняў, распрацоўкі сучаснага абсталявання і іншага. Хацелі б увесці сістэму «разумны горад», каб стварыць абстаноўку бяспекі і кантролю за аб’ектамі ў рэжыме анлайн. Пакуль жа мы хочам пачуць усе пажаданні бакоў, каб зрабіць цэнтр максімальна функцыянальным.
kasel@sb.by