Какое будущее в свете последних событий ждет Будславский храм и почему это имеет особое значение

Моц святыні

Помнік гісторыі і архітэктуры касцёл Ушэсця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Будславе, пабудаваны ў 1633—1643 гадах, зрабіў невялікае мястэчка ў Мядзельскім раёне вядомым на ўвесь свет — цэнтрам беларускага каталіцтва. Адна з трох малых базілік на тэрыторыі краіны стала кропкай прыцягнення неверагоднай колькасці вернікаў для шанавання абраза Будслаўскай Божай Маці, на рахунку якога мноства цудаў. Магчыма, адным з іх варта лічыць выратаванне цудадзейнай іконы падчас пажару —  11 мая гарэў дах касцёла. Пажар нанёс вялікую шкоду святыні, на якую нават у часы Вялікай Айчыннай вайны, а праз Будслаў тройчы праходзіла лінія фронту, не ўпала ніводная бомба. Вось і выпрабаванне агнём, толькі ў мірны час, святыня вытрымала.


Пад часовым дахам 

Рашэнні, якія сёння на самым высокім узроўні прымаюцца наконт будучыні касцёла, абнадзейваюць. Улічваючы асаблівую значнасць святыні, пастаўлена задача не толькі ліквідаваць наступствы пажару, але і правесці рамонтныя і рэстаўрацыйныя работы, якія калісьці планаваліся, але былі адкладзены. План быў грунтоўна акрэслены на апошняй нарадзе з удзелам старшыні Мінскага аблвыканкама Аляксандра Турчына, прадстаўнікоў профільных арганізацый і каталіцкага касцёла. Галоўнае зараз, по яго словах, зрабіць часовы дах, каб засцерагчы храм ад знешняга ўздзеяння. Больш складаная задача — падрыхтаваць праектна-каштарысную дакументацыю, бо праблемы тут не толькі з пашкоджаннямі, якія адбыліся ў выніку пажару. Неабходна яшчэ ажыццявіць умацаванне падмурка, ёсць праблемы з гідраізаляцыяй, і ў цэлым трэба прадумаць план рэстаўрацыі храма, яго ўнутранага аздаблення. Гэта сур’ёзныя праекты, у тым ліку па часе рэалізацыі. Аляксандр Турчын падкрэсліў, што ўлада ўдзячна грамадзянам і юрыдычным асобам, якія ахвяруюць на рамонт. Такая дапамога павінна дапаўняць намаганні дзяржавы ў справе аднаўлення касцёла. Апостальскі адміністратар Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Казімір Велікаселец са свайго боку падзякаваў за клопат і выказаў надзею на плённае ўзаемадзеянне.

У бліжэйшы час эксперты павінны будуць даць заключэнне адносна магчымасці эксплуатацыі часткі будслаўскай базілікі, якая не пацярпела ад пажару, так званы стары касцёл, дзе на час рэканструкцыі санктуарыя маглі б адбывацца набажэнствы з удзелам вернікаў. Дырэктар прадпрыемства «Будрэканструкцыя» Генадзь Малашук дадаў: 

— Згодна з дагаворам з рэлігійнай абшчынай Будслаўскага касцёла, выконваем работы па абследаванні будынка пасля пажару. Тэмпература на момант гарэння была больш за тысячу градусаў, дахавая медзь плавілася. 

Усе драўляныя канструкцыі былі знішчаны. Пацярпеў купал, атынкаваны знутры і аздоблены ўнікальнымі фрэскамі. Зараз прадстаўнікі «Белрэстаўрацыі» вызначаюць аб’ём работ, што трэба выканаць. Папярэдняе заключэнне аб наступствах пажару будзе выдадзена 30 мая. 

Дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, старшыня камісіі па ліквідацыі наступстваў надзвычайных сітуацый і аднаўленню касцёла Ушэсця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Будславе Аляксандр Яшэўскі выказаў удзячнасць не толькі выратавальнікам, якія прыехалі тушыць вогнішча, але і мясцовым людзям, якія не засталіся ўбаку: 

— Падчас пажару настаяцель Будслаўскай парафіі, вернікі, сем’і, якія прымалі ўдзел у набажэнстве, далучыліся да ратавання касцёла і яго галоўных каштоўнасцей — найсвяцейшага сакрамента, іконы Маці Божай Будслаўскай. І мы дзякуем Бога, што менавіта самая вялікая рэліквія не толькі для каталікоў Беларусі, але і праваслаўных вернікаў не пашкоджана. Усе каштоўнасці Будслаўскага санктуарыя былі захаваны, нават унікальны арган. Наладжана эфектыўнае супрацоўніцтва з Міністэрствам культуры, выпрацаваны сумесны алгарытм дзеянняў па аднаўленні святыні, якая з’яўляецца помнікам архітэктуры і гісторыі.

Старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксандр Турчын аглядае касцёл Ушэсця Найсвяцейшай Панны Марыі, які пацярпеў ад пажару.

Прыйсці па цуды

Уладальнікам абраза Божай Маці быў мінскі ваявода Ян Пац, якому ў 1598 годзе падараваў яе Папа Рымскі Клімент VIII, калі той прыняў каталіцтва. З тых самых часоў пра цуды, якія даравала ікона розным лю­дзям, існуе неверагодная колькасць легенд. У Будслаў пацягнуліся шматлікія пілігрымы, калі ў народзе сталі ўзгадваць нечакана ачуняўшых хворых пасля малітвы і іншыя незвычайныя здарэнні, якія немагчыма было патлумачыць, акрамя як шчырай верай побач з гэтым абразам. Нават узгадваецца ажыўшае немаўля, якое нібы нарадзілася мёртвым. Да іконы ішлі і простыя людзі, і самыя заможныя шляхцічы, якія неслі ў знак падзякі розныя дары. 

Да 1632 года ахвяраванняў сабралася настолькі шмат, што кіраўніцтва каталіцкага ордэна бернардынцаў вырашыла пабудаваць каменны кляштар з вялікім храмам. Так праз 10 гадоў з’явіўся касцёл Ушэсця Найсвяцейшай Панны Марыі. 

Прайшло амаль чатыры стагоддзі, а людзі, як і раней, імкнуцца ў Будслаў па цуды…

У чаканні фэсту

Адна з самых адметных падзей для вернікаў з самых розных краін — Будслаўскі фэст — штогадовая ўрачыстасць у гонар шанавання абраза Маці Божай Будслаўскай. Першая афіцыйная масавая пілігрымка да цудатворнай іконы адбылася ў 1992 годзе, а 2 ліпеня 1998-га абраз быў каранаваны папскімі каронамі. Цырымонію здзейсніў першы беларускі кардынал Казімір Свёнтак. У сваім казанні ён абвясціў Маці Божую Будслаўскую апякункай і каралевай Беларусі, а касцёл — нацыянальным санктуарыем. У 2018 годзе гэты фэст уключаны ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва ЮНЕСКА.

Нягледзячы на надзвычайную сітуацыю, сёлета свята адбудзецца таксама 2 і 3 ліпеня. Прадстаўнік Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі ксёндз Юрый Санько гаворыць — літургія пройдзе на вуліцы, вырашаецца пытанне, ці атрымаецца часова змясціць Будслаўскі абраз Божай Маці ў храме, каб вернікі здолелі падысці да святыні і памаліцца. 

Урачыстасці плануецца правесці ў традыцыйным фармаце, але з захаваннем належных санітарных прадпісанняў і без арганізаваных пілігрымак. Пры гэтым усе ахвотныя могуць ладзіць пілігрымкі ў індывідуальным парадку. Так было ў мінулым годзе, калі ўпершыню ў новай гісторыі Будслаўскага фэсту з-за складанай эпідэміялагічнай сітуацыі ў Нацыянальны санктуарый не ішлі вялікія арганізаваныя групы пілігрымаў. Хутка будзе прадстаўлена і праграма фестывалю. Санктуарый — унікальны аб’ект, які спрыяе раскрыццю турыстычнага патэнцыялу Мядзельшчыны. І над гэтым мясцовай уладзе таксама трэба працаваць.


ДАВЕДКА «СГ»

Малая базіліка — ганаровае званне, якое прысвойвае Папа Рымскі касцёлам выбітнай гістарычнай каштоўнасці, што з’яўляюцца месцам літургічнага і пастырскага паломніцтва. З іх 571 знаходзіцца ў Італіі. У Беларусі ганаровы статус прысвоены тром храмам: касцёлу Ушэсця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Будславе, кафедральнаму касцёлу Святога Францішка Ксаверыя ў Гродне і кафедральнаму касцёлу Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Пінску. Ва Украіне ганаровы статус носяць два храмы — Лацінскі кафедральны сабор у Львове і Базіліка Уздвіжання Пачэснага Крыжа ў Чарнаўцах. Адзіная малая базіліка ў Расіі — базіліка Святой Кацярыны Александрыйскай у Санкт-Пецярбургу.




zakharov@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter