Падручнік па мове заходніх суседзяў, які падрыхтавалі трое мовазнаўцаў з Беларусі, выдадзены суседзямі з усходу
Памятаеце радок з песні: “Паміж Польшчай і Расіяй — полька беларуская”? Тады лёгкая інтрыга ў падзагалоўку становіцца зразумелай. Трое аўтараў з Беларусі — гэта знаўцы польскай мовы, выкладчыцы Галіна ды Ірына Пальянавы, а таксама Алена Барысевіч. Іх падручнік “Польская для ўсіх: Чытай. Слухай. Гавары” выйшаў у вядомым маскоўскім выдавецтве “Флинта: Наука”. “Наша кніга — гэта вынік некалькіх гадоў працы, перад выданнем яна была апрабаваная на практыцы: са студэнтамі на занятках ва ўніверсітэце і з дарослай аўдыторыяй на курсах, — патлумачыла кандыдат філалагічных навук Галіна Пальянава. — Дарэчы, наш праект быў прадстаўлены ў 2010 годзе у Лодзі на канферэнцыі польскіх метадыстаў па праблемах вывучэння польскай мовы як замежнай і атрымаў нямала станоўчых водгукаў”.
Ведаць мову суседзяў — добрая традыцыя беларусаў. Тысячы жыхароў краіны, асабліва ў памежных рэгіёнах, ведаюць па дзве, тры, а то і чатыры мовы. І такі досвед не лішні. Помніцца, за савецкім часам у прылеглых да мяжы рэгіёнах Брэстчыны, Гродзеншчыны многія глядзелі польскія тэлеканалы, разумеючы амаль усё без перакладу. У выпадку ж з новым падручнікам мовы цікавы сам па сабе факт, што беларускія мовазнаўцы зрабілі своеасаблівы лінгвістычны мост паміж Усходам і Захадам. Бо кніга разлічана на рускамоўных чытачоў і спатрэбіцца ўсім, хто жадае вывучаць польскую мову.
Мацей Гуліцкі
Мост паміж Усходам і Захадам
Падручнік па мове заходніх суседзяў, які падрыхтавалі трое мовазнаўцаў з Беларусі, выдадзены суседзямі з усходу