Філалагічны факультэт і Навукова-даследчы інстытут гісторыі і культуры ўсходнеславянскіх народаў пры Гомельскім дзяржаўным ўніверсітэце імя Францыска Скарыны правялі Міжнародную навукова-практычную канферэнцыю «Нам засталася спадчына…», прысвечаную 140-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа, паведамілі карэспандэнту sb.by у прэс-цэнтры навучальнай установы.
З пленарнымі дакладамі выступілі загадчык кафедры беларускай літаратуры доктар філалагічных навук прафесар Іван Штэйнер і прафесар кафедры беларускай мовы доктар філалагічных навук Вольга Ляшчынская.
Даклады ўдзельнікаў канферэнцыі прысвечаны вывучэнню творчай спадчыны класікаў беларускай літаратуры ў нацыянальным і сусветным кантэкстах, даследаванню мовы твораў Янкі Купалы і Якуба Коласа, пытанням міжмоўнай камунікацыі і этналінгвістыкі, стылістыцы мастацкага слова, медыялінгвістыцы і тэрміналогіі, сучаснаму літаратуразнаўству.
Студэнты філалагічнага факультэта парадавалі ўдзельнікаў канферэнцыі літаратурнай кампазіцыяй па творах Янкі Купалы і Якуба Коласа.
Пад кіраўніцтвам студэнткі Людмілы Масанавец адбылася гульня-квэст, прысвечаная 140-годдзю са дня нараджэння Коласа. Студэнты падзяліліся на шэсць груп і выконвалі заданні, прысвечаныя біяграфіі паэта: запаўнялі крыжаванку, дапаўнялі словы, якіх не хапала ў самым першым вершы паэта, узнаўлялі цікавыя факты з асабістага жыцця і пісьменніцкай дзейнасці Коласа, шукалі і злучалі радкі верша. Усё гэта адбывалася на такіх станцыях, як «Леснікова сядзіба», «У Палескай глушы», «Каля вытокаў», «Куфэрык цікаўнасцяў», «Рэдактар», «Візітная картка», звязаныя з жыццём класіка беларускай літаратуры. Каманды выдатна справіліся са ўсімі заданнямі і атрымалі пазітыўныя эмоцыі, а, дзякуючы Прафкаму студэнтаў ГДУ імя Ф. Скарыны, пераможцы атрымалі прызы.
Фота прадстаўлена прэс-цэнтрам Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны.