На Іўеўшчыне шыюць лялек з непатрэбных рэчаў

Кузя з сакрэтам

Фота аўтара
Чалавек утварае вакол сябе нямала адходаў. Большасць з іх адпраўляецца адразу на сметнік. Гэта самы просты спосаб пазбавіцца ад непатрэбных рэчаў. А што калі паспрабаваць даць ім другое жыццё? У Марыі Пекшы, кіраўніка гуртка “Беларуская лялька” ў аддзеле культурна-масавай і асветніцкай работы аграгарадка Ліпнішкі Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу, гэта нядрэнна атрымліваецца.

— Кузя, Юзік, Гануся... — знаёміць Марыя Францаўна са сваімі “дзеткамі” і ўспамінае, як захапілася шыццём лялек. — Дваццаць гадоў працавала дырэктарам сельскага клуба. І, вядома, не проста кіравала ўстановай. Шыла касцюмы для ўдзельнікаў калектываў, майстравала сувеніры і гэтак далей. Аднойчы ўзнікла ідэя адрадзіць мясцовы народны строй. Памятаю, як хадзілі па вёсцы, пыталіся ў бабулек, як ён выглядаў, рабілі эскізы і першыя касцюмы паказалі не на людзях, а на ляльках, якіх самі шылі. І вось гэтыя цацкі так мне запалі ў душу, што адразу арганізавала гурток “Беларуская лялька”, а пасля нават папрасіла, каб мяне вызвалілі з пасады дырэктара. Бо, кіруючы цэлай установай, я проста не мела часу на новае хобі і сваіх вучняў, якія актыўна пацягнуліся ў гурток.

І вось “Беларуская лялька” працуе на поўную моц ужо пяць гадоў. Гурток наведвае больш за 30 дзяцей з другога па сёмы клас. Шыюць і дзяўчынкі, і хлопчыкі, прычым у апошніх, адзначае Марыя Пекша, атрымліваецца нават лепш. Шыццё лялек, на яе думку, развівае маторыку рук, уседлівасць, фантазію, а яшчэ вучыць беражліва адносіцца да рэчаў і пры магчымасці даваць ім другое жыццё.

— Паглядзіце, з чаго зроблены гэтыя лялькі. Цела з паралону, тварык з капронавых панчошак, адзенне з непатрэбных шматкоў тканіны, — паказвае Марыя Францаўна. — Вяскоўцы ведаюць, што я раблю з удзельнікамі гуртка лялек, дык дораць многія матэрыялы — льняную паклю, даматканы лён, старую вопратку і многае іншае. Часам правацыруюць: “Ты ж майстра на ўсе рукі. З чаго заўгодна можаш ляльку зрабіць. Вось паспрабуй і гэта выкарыстаць”. Прыносяць пустыя шпулькі ад нітак, утулкі ад касавых стужак... 


І мясцовыя вытворцы дапамагаюць. Тое, што раней выкідвалі ці спальвалі, цяпер нясуць нам — паралон, кардонныя трубкі.

Многія з лялек Марыі Пекшы маюць і практычнае прымяненне. Падымаеш капялюш дамавічка і бачыш, што ў ляльцы схавана бутэлечка. Такія Кузі ці не самыя папулярныя з ліпнішкоўскіх сувеніраў. Дарэчы, папулярнымі яны сталі не толькі ў раёне.

— Нашы Кузі раз’ехаліся ўжо па ўсім свеце — Канада, ЗША, Літва, Латвія, Польшча, Расія... Нават да Чукоткі дабраліся. Людзі бяруць іх у замежныя паездкі ў якасці падарункаў сябрам і родным. І абярэг дома, і своеасаблівая заначка, — усміхаецца Марыя Францаўна.

Усе лялькі — вынік фантазіі кіраўніка і ўдзельнікаў гуртка. Нічога не падгледжана ні ў інтэрнэце, ні ў калег.

— Цікава рабіць выклік самім сабе. Маляваць у галаве чарговую ляльку, а затым шукаць метад рэалізацыі сваёй ідэі. Нядзіўна, што ў дзяцей такая цікавасць да гуртка. Упэўнена, яго наведвалі б і вучні старэйшых класаў. Але разумею, якая сёння ў іх вялікая нагрузка ў школе, і сама не рэкамендую пасля 7-га класа працягваць наведванне гуртка. Асновы яны ведаюць, а таму пры жаданні змогуць змайстраваць цацку і дома. Для гэтага нават не абавязкова мець швейную машыну — рукамі атрымліваюцца нават больш моцныя швы. Галоўнае, час знайсці. А матэрыял для такіх вырабаў ёсць у любым доме.

mila@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter