Заражено 2000 деревьев: как спасают от минирующей моли знаменитые гродненские каштаны

Красуй, пан каштан!

У Гродне збіраюцца сістэмна змагацца з мініруючай моллю, галоўным шкоднікам для конскіх каштанаў. Усяго каштанаў налічваецца каля 2000, і практычна кожнае дрэва ў той ці іншай ступені лічыцца хворым. Трывогу пачалі біць амаль 10 гадоў таму, аднак сёння праблема не страціла актуальнасці. У цэлым азеляненню самага турыстычнага горада краіны ў апошнія гады надаецца самая пільная ўвага. Распрацаваны і зацверджаны планы пасадкі дрэў і кустоў, закладкі сквераў і паркаў, уладкавання зон адпачынку.
У экалагічным складальніку Генплана горада да 2030 года на аднаго жыхара прадугледжана 22 квадратныя метры зялёных насаджэнняў.

Лячыць, нельга ссекчы

Уласна, праблема бачная простым вокам. Яшчэ некалькі гадоў таму вуліца Горкага, адна з цэнтральных у горадзе, цешыла роўнымі радамі зялёных каштанаў, якія асабліва прыгожыя ў перыяд цвіцення. Зараз летам можна ўбачыць толькі голыя галінкі, якія не абароняць ад пякучага сонца. І такая карціна назіраецца паўсюдна.

Сёння грамадскасць, эколагі, спецыялісты «Зелянбуда» і навукоўцы ўскладаюць вялікія надзеі на новы праект — «Эфектыўныя экалагічныя рашэнні на прыгранічных тэрыторыях». Яго плануюць рэалізаваць у Гродне і ў літоўскім Друскінінкаі па праграме трансгранічнага супрацоўніцтва «Латвія — Літва — Беларусь». Мэта — абараніць гарадскія каштаны ад мініруючай молі.

Мясцовы краязнаўца, біёлаг, грамадскі дзеяч Ігар Лапеха ўспамінае, з чаго ўсё пачыналася:

— Яшчэ ў 2012 годзе была сабрана ініцыятыўная група, якая абследавала і пералічыла ўсе каштаны ў горадзе. Выснова была несуцяшальнай: усе дрэвы хворыя. Дзесьці вінаватая мініруючая моль, а дзесьці — грыбок. Мініруючая моль пакідае на лісці каштанаў карычневыя плямы-каналы, зялёная маса памяншаецца, дрэва страчвае жыццёвыя сілы і засыхае.

Галоўны інжынер прадпрыемства «Гродназелянбуд» Аляксандр Русак завастрае ўвагу на ўжо зробленым:

— Два гады таму з намі звязалася польская фірма, якая прапанавала змагацца з захворваннем з дапамогай прышчэпак. Гэта эксперыментальнае лячэнне з дапамогай новага польскага прэпарата. Візуальна працэдура нагадвае ін’екцыю. Спецыялісты з Польшчы запэўнілі ў тым, што гэта прагрэсіўны метад. Акрамя барацьбы са шкоднікамі і хваробамі, прэпарат спрыяе ўмацаванню, паляпшэнню росту і жыццяздольнасці аслабленых дрэў. Для ўвядзення прэпарата робіцца адтуліна ў ствале, пасля чаго «рана» заклейваецца. Летась мы не назіралі бачнага выніку. Вельмі спадзяёмся, што ўжо гэтай вясной патрачаныя сродкі і намаганні не апынуцца марнымі.

Шляхі вырашэння

Падчас падрыхтоўкі заяўкі на ўдзел у праекце высветлілася, што ў Гродне заражана прыкладна 2000 дрэў, у Друскінінкаі — каля 400. У рамках гэтага трансгранічнага супрацоўніцтва будуць вывучаны метады барацьбы з мініруючай каштанавай моллю. У выпадку станоўчага рашэння будуць выдзелены немалыя сродкі на барацьбу са шкоднікамі, як у Гродне, так і ў суседнім Друскінінкаі, дзе праблема каштанаў, якія вянуць, таксама актуальная.

Аляксандр РУСАК: «Акрамя барацьбы са шкоднікамі і хваробамі, прэпарат спрыяе ўмацаванню, паляпшэнню росту».

— Агульны кошт праекта — 890 000 еўра, доля Друскінінкая складае больш за 522 000, Гродна — амаль 370 000. Мяркуецца выкарыстанне біялагічнага і механічнага метадаў. Першы — гэта ўстаноўка ферамонавых пастак на кронах і ствалах дрэў. Што гэта дасць? З’явіцца магчымасць адсачыць колькасць, перыядычнасць лёту, інтэнсіўнасць заражэння. Будзе праведзены маніторынг з удзелам эколагаў, вучоных, спецыялістаў аграрнага ўніверсітэта. Запланаваны семінары, канферэнцыі, куды запросім усіх зацікаўленых у вырашэнні гэтай праблемы. Грошы плануем патраціць не толькі на распрацоўку метадаў барацьбы з паразітам, але і на набыццё абсталявання. Будзе закуплена тэхніка, якая дазволіць збіраць пашкоджаную лістоту ў цяжкадаступных месцах, вывозіць яе на палігон і ўтылізаваць. Таксама запланавана сумесная акцыя: у Гродне высадзяць 80 каштанаў, у Друскінінкаі — 30.

У экалагічным складальніку Генплана горада да 2030 года на аднаго жыхара прадугледжана 22 квадратныя метры зялёных насаджэнняў. Пры сённяшняй колькасці насельніцтва абласнога цэнтра, каля 370 000 чалавек, па норме на аднаго жыхара павінна прыходзіцца 15 «квадратаў» зеляніны. Але пакуль да гэтай лічбы горад не дацягвае. Таму на гэты год пастаўлены даволі амбіцыйныя задачы.


— На працягу гэтага года плануецца пасадзіць каля 4000 дрэў, — распавядае пра бліжэйшыя планы па азеляненні горада Аляксандр Русак. — Паколькі сёлета на вуліцы плюсавая тэмпература, гэтая праца з восені практычна не спынялася. У Ленінскім раёне Гродна маюць намер высадзіць як мінімум 2400 дрэў і кустоў, у Кастрычніцкім — больш за 3500. Пры гэтым у Ленінскім раёне акцэнт робяць на азеляненні галоўных вуліц. У Кастрычніцкім прыкметна зменяцца ў асноўным тэрыторыі агульнага карыстання —пешаходныя зоны і скверы.


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter