У iм, у прыватнасцi, гаворыцца: «Уваскрасенне Хрыста, якое мы сёння святкуем, — гэта пераход Хрыста з душою і целам са стану смерці ў іншае жыццё. І гэтае свята адкрывае нам цудоўную перспектыву нашага канчатковага існавання. Чалавек часта задае сабе пытанне пра сэнс свайго існавання, і ўваскрасенне Хрыста — адказ на гэтае пытанне».
Нагадваецца, што Бог ні ў чым не змушае нас: «Бог чакае ад нас, хрысціянаў, такога жыцця, каб мы былі соллю, якая надае смак, каб былі такім святлом, у якім людзі ўбачаць добрую вестку пра бязмежную Божую любоў і Ягоную міласэрнасць».
«Тое, што ўчыніў для нас Езус дзве тысячы гадоў назад, і сёння становіцца для нас рэальным. Ён ёсць сярод нас, мы перажываем таямніцу пустой магілы, акунаемся ў сведчанні Яго вучняў, што сапраўды Хрыстус быў тым, які перамог смерць. Наш Пан і Збаўца, ахвяруючыся дзеля нас, адкрыў нам цудоўную перспектыву жыцця, якое ніколі не скончыцца», — гучыць у Пастырскім слове.
Пасланне напамінае пра тыя далёкія хвалюючыя падзеі, якія ажываюць у свядомасці хрысціян кожны раз у гэтыя дні, колькі б ні прайшло часу: «Калі Езус прыйшоў да сваіх вучняў, то паказаў ім сваё цела, на якім засталіся раны. Адначасова Ён сказаў апосталам: дакраніцеся да Мяне, пераканайцеся, што гэта насамрэч Я, а не якісьці прывід ці дух. Хрыстус паводзіў сябе, як жывы чалавек, бо Ён сапраўды ўваскрос».
«Уваскрасенне Хрыста — гэта самы важны цуд у гісторыі чалавецтва і гэта падмурак нашай веры», — гаворыцца ў Пасланні.
Пастырскае слова абуджае душу: «Мы запрошаны адсунуць камень і пакінуць магілу нашых грахоў, узняцца над знешнім, пачуццёвым, дакранальным і бачным, гэта значыць, над тымі знакамі, якія паглынаюць нашую ўвагу, энергію, сілы і засланяюць духоўную рэчаіснасць, засланяюць Езуса. Езус аб’явіцца нам, калі мы паверым і даверымся Яму. Гэта станецца тады, калі мы, як Пётр, адмовімся ад разлікаў, самаўпэўненасці, пыхі і станем перад Ім у праўдзе, прызнаючыся ў сваіх грахах».
Нагадваецца, што «Вялікдзень — гэта свята надзеі. Хрыстус першым уваскрос з мёртвых. Уваскрэснем і мы, бо мы не з’яўляемся толькі звычайнымі біялагічнымі істотамі, існаванне якіх заканчваецца ў момант смерці. Мы — людзі, у якіх адлюстроўваецца духоўны вобраз і прыгажосць Бога. Бог несмяротны. Мы таксама маем удзел у несмяротнасці. Усё, што мы ствараем на зямлі — культура, дабро, прыгажосць, любоў, і тое, што для нас каштоўнае і важнае, не заканчваецца з момантам смерці».
Гучаць і такія жыццесцвярджальныя словы: «Бог любіць усіх людзей і ад кожнага чакае любові, нягледзячы на нашыя слабасці, характар, умовы жыцця і прафесію. Праз усё, што мы перажываем, што здараецца ў нашым жыцці, праз цярпенні і радасці, праз праблемы і канфлікты, якія маюць месца ў кожную гістарычную эпоху, Бог кліча нас, каб мы выконвалі новую запаведзь любові, якую даў нам Езус Хрыстус, каб насамрэч палюбілі Бога і бліжняга».
Даецца парада, як дасягнуць гэтай любові. Сам Бог даў нам карысныя «рэкамендацыі» — 10 запаведзяў. Прыводзіцца адказ святога Яна Залатавуснага на пытанне, як быць шчаслівым: «Хочаш быць шчаслівым — не грашы, калі зграшыў — пакайся, не хочаш каяцца — тады будзь гатовы да цярпенняў».
Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ў сваім слове выказвае падтрымку добрай традыцыі, якая апошнім часам распаўсюджваецца ў інтэрнэце веруючай моладдзю. Гэта заклік-парада «Не кажы Богу, што ў цябе вялікая праблема. Скажы сваёй праблеме, што ў цябе вялікі Бог!». Робіцца выснова: «Гэта значыць, трэба больш верыць у Божы Провід, у Божае кіраўніцтва і апеку, а не баяцца праблем і выклікаў».
Завяршаецца Пастырскае пасланне сардэчнымі віншаваннямі і добрымі пажаданнямі: «Жадаю ўсім нам абудзіцца да новага жыцця ва ўваскрослым Хрысце! Няхай радаснае і ўзнёслае «Аллелюя» гучыць у нашых сэрцах».
Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, гэтыя светлыя велікодныя пажаданні ўмацоўвае благаслаўленнем.