Камендант Масквы Кузьма Сінілаў

Ураджэнец Лоеўшчыны прайшоў складаны, але цікавы і багаты на падзеі жыццёвы шлях
Кузьма Сінілаў. З архіва яго сына КанстанцінаУраджэнец Лоеўшчыны прайшоў складаны, але цікавы і багаты на падзеі жыццёвы шлях.

Кузьма Раманавіч Сінілаў. Усё сваё жыццё гэты чалавек верна служыў народу. Далёкаму Усходу, Маскве прасвяціў сябе ўсяго. А сам быў родам з Беларусі, з вёскі Бывалькі Рэчыцкага павета Мінскай губерні (цяпер Лоеўскі раён Гомельскай вобласці). Нарадзіўся 14 мая 1902 года ў сялянскай сям’і. У семнаццацігадовым узросце ўступіў без ваганняў у Чырвоную Армію. За выдатную службу накіравалі яго ў часці асобага прызначэння.

Неўзабаве пасля грамадзянскай вайны Кузьма Сінілаў атрымаў загад — на Далёкі Усход, камандзірам кавалерыйскай брыгады, што дыслацыравалася ў раёне Спаска–Дальняга. У 25 гадоў даслужыўся да камандзіра эскадрона.

У Прымор’і наш зямляк знайшоў і сваё асабістае шчасце. На адным з канцэртаў мастацкай самадзейнасці (Кузьма Сінілаў быў па сумяшчальніцтву яшчэ і кіраўніком Дома культуры Спаскага гарнізона) у маладога і прыгожага камандзіра з першага позірку закахалася юная спявачка Раіса Бондар. Згулялі хутка вяселле. У 1926 годзе ў шчаслівай сямейнай пары нарадзілася дачка Нінэль. Потым лёс падараваў Сінілавым яшчэ дачку Галю і хлопчыкаў-блізнят Косцю і Алёшу.

У 1929 годзе, у час падзей на кітайскай ваеннай чыгунцы, дзеянні кавалерыстаў атрымалі самую высокую ацэнку камандавання. Сам Блюхер прадставіў Кузьму Сінілава да ўзнагароды: ён увайшоў у залатую сотню ўладальнікаў ордэна Чырвонага Сцяга.

У 1933 годзе ён стаў слухачом ваеннай акадэміі імя Фрунзе, якую скончыў з дыпломам першай ступені. З другой паловы 30-х гадоў камандаваў рознымі пагранічнымі атрадамі ў Забайкаллі. А ў 1939 годзе быў прызначаны камандзірам упраўлення пагранвойскаў Мурманскай акругі НКУС, часцям якой давялося ўдзельнічаць у баявых дзеяннях фінскай кампаніі. Затым Сінілаў залічваецца слухачом Акадэміі Генштаба. Аднак навучанне прыйшлося перапыніць: у верасні 1941 года ён прыняў 2-ую мотастралковую дывізію НКУС Масквы.

Нечакана новапрызначанага генерал-маёра вызвалі ў Крэмль. Хутка ў пастанаўленні Дзяржаўнага камітэта Абароны гаварылася аб тым, што сталіца абвяшчаецца на асадным становішчы, яе абарона даручаецца генералу Жукаву, а ахова парадку ў горадзе і бліжэйшых раёнах ускладаецца на каменданта Масквы генерал-маёра Сінілава.

Ваенны камендант быў распарадчым, вельмі аўтарытэтным. Нельга сказаць, што Сінілаў быў чалавекам, запраграміраваным толькі выконваць распараджэнні. Ён быў таленавітай і інтэлектуальнай асобай.

У пасляваенныя гады ўзначальваў Усесаюзную федэрацыю класічнай барацьбы, быў апекуном шахматыстаў. А яшчэ Сінілаў меў цудоўны голас, валодаў рэдкім тэнарам. Сам Іван Казлоўскі аднойчы прапанаваў Кузьме Раманавічу праспяваць партыю.

Трапіўшы пасля вайны ў Краснаярск, Кузьма Сінілаў выкладаў на ваеннай кафедры мясцовага лесатэхнічнага інстытута. Потым — загадваў такімі кафедрамі ў Разанскім сельскагаспадарчым інстытуце, у Маскоўскім эканамічна-статыстычным інстытуце.

Памяць пра Кузьму Сінілава зберагаюць на Далёкім Усходзе. Яму, у прыватнасці, прысвечаны стэнд у музеі Спаска-Дальняга.

Вольга Антановіч
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter