Арт-камбінаты» – назва крыху дзіўная, але з іншага боку — простая і зразумелая. Выстаўка ў Палацы мастацтва паказвае і расказвае пра тое, як сёння жывуць прадпрыемствы сістэмы Беларускага саюза мастакоў.
Некалі слава пра гэтыя мастацкія камбінаты грымела па ўсім Савецкім Саюзе. З яго развалам яны не засталіся без работы. Будавалася Нацыянальная бібліятэка – спатрэбіліся адпаведныя паслугі прадпрыемстваў. Задумалі новы музей Вялікай Айчыннай вайны – таксама. Палац Незалежнасці? І там інтэр’еры аздабляліся спецыялістамі арт-камбінатаў. Куды без іх пры рэканструкцыі Вялікага тэатра, Мірскага і Нясвіжскага замкаў? Словам, што ні маштабнае будаўніцтва, то без іх не абысціся.
Скульптура, кераміка, ткацтва — асноўныя віды вытворчасці арт-камбінатаў
Старшыня Беларускага саюза мастакоў Рыгор Сітніца самым паспяховым сёння называе скульптурны камбінат:
— Хоць бы таму, што ён адзіны. Яго нельга назваць манапалістам, але такога кшталту прадукцыю здольныя рабіць толькі там. І ўсе буйныя дзяржаўныя заказы, такія як Мемарыяльны комплекс «Трасцянец» ці помнік князю Альгерду, аддаюць на камбінат, бо дробныя прыватныя фірмы наўрад ці здужаюць.
Рыгор Сямёнавіч тут мае рацыю. Помнікі Францыску Скарыну, Янку Купалу, іншым вядомым дзеячам даручаюць толькі сапраўдным прафесіяналам сваёй справы. На выстаўцы можна ўбачыць паменшаныя работы скульптараў Льва і Сяргея Гумілеўскіх. Цікавы і зменшаны помнік княгіні Слуцкай з бронзы і граніту. Ёсць яшчэ некалькі работ, за якія чапляецца вока. Але нюанс такой экспазіцыі ў тым, што сапраўдныя шэдэўры ўсталяваны у парках, скверах, палацах, адпаведна «пераехаць» на некалькі тыдняў у адно месца не могуць. Выратоўваюць іншыя вытворцы. Напрыклад, ткачы і керамісты. Рыгор Сітніца не ўтойвае, што на камбінаце дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва імя А. Кішчанкі зараз не самыя лепшыя часы:
— Габелен цяпер мала запатрабаваны. Час змяніўся, інтэр’еры афармляюцца па-іншаму. Раней жа рабілі велізарныя палотны. Яны і зараз упрыгожваюць розныя ўстановы. Але заказаў усё менш. У адносінах да керамікі таксама ёсць пытанні. Кітайскія вытворцы «нашкодзілі» не толькі нам. Таму зараз мы ў пошуках новай нішы, ужо ёсць пэўныя напрацоўкі. Упэўнены, хутка выправім гэту сітуацыю.
А пакуль на дапамогу арт-камбінатам прыйшлі іх сапраўдныя сябры, у тым ліку майстры, якія раней працавалі на прадпрыемствах Беларускага саюза мастакоў. Наталля Сухаверхава, Ала Непачаловіч, Вольга Рэднікава, Яўген Кузняцоў і іншыя прадстаўляюць на выстаўцы эксперыментальныя аўтарскія работы, створаныя на аснове традыцыйных аўтэнтычных узораў беларускага ткацтва, вышыўкі, керамікі.
Дарэчы, тыя, хто даўно не быў у будынку на Казлова, 3, спяшайцеся туды трапіць. Палац мастацтва хоць і нельга назваць арт-камбінатам, але на плён яго працы таксама варта паглядзець. Гэта структурнае падраздзяленне Беларускага саюза мастакоў літаральна рэанімавалі ў апошнія некалькі гадоў. Можна сказаць, што палац ужо «адмыўся» ад «мядовай» славы і зараз гэта сапраўды годны выставачны цэнтр.
stepuro@rambler.ru
У прадпрыемстваў Беларускага саюза мастакоў зараз не лепшыя часы, але усё роўна ім ёсць чым пахваліцца
Камбінацыі арта
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.