Урокі для чытачоў “НГ” вядзе загадчык кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, прафесар, доктар філалагічных навук Віктар ІЎЧАНКАЎ.
Здараецца так, што паміж напісаннем і вымаўленнем узнікае надзвычай вялікі разрыў, амаль бездань. Так адбылося, напрыклад, з англійскай арфаграфіяй. Англічане пішуць, як у часы Джэфры Чосера, а вымаўляюць абсалютна інакш. На гэтым спатыкаецца кожны, хто пачынае вывучаць англійскую мову. Нездарма жартуем: пішацца Ліверпуль, а чытаецца Манчэсцер. Вось ужо дзе сапраўды “каламутны вадаём” (з англ.: Liverpool Liuerpul). Ствараецца ўражанне, што пачатковец павінен вывучаць, так бы мовіць, “дзве” англійскія мовы: вусную і пісьмовую.
Чаму лінгвісты ўзгадваюць менавіта Чосера, які жыў ажно ў XIV стагоддзі? Таму што слыннага паэта англійскага сярэднявечча Джэфры Чосера (каля 1343 — 1400 гг.) слушна называюць “бацькам англійскай паэзіі”, адным са стваральнікаў англійскай літаратуры. Менавіта ён надаў зграбнасць і вытанчанасць літаратурнай мове англічан. Пасля Чосера англійскія дыялекты, якія да гэтага былі распаўсюджанымі, згубілі сваю запатрабаванасць. Ён жа першым стаў пісаць і прозу на роднай мове, а не на латыні, як гэта было да яго.
У такім выпадку гавораць пра традыцыйную арфаграфію: англічане пішуць так, як пісалі раней, па традыцыі. Добра гэта ці кепска? З аднаго боку, добра. Бо шматлікія пакаленні выкарыстоўваюць адзін правапіс, перадаючы яго стагоддзямі па спадчыннасці. З другога боку, кепска. Бо падобнае напісанне стварае безліч нязручнасцей, якія вобразна перадаюцца згаданым афарызмам.
Беларускае пісьмо вылучаецца тым, што шматлікія арфаграфічныя выпадкі перадаюцца ў адпаведнасці з вымаўленнем. Мушу заўважыць: старажытнае рускае пісьмо было больш фанетычным, чым зараз. Сёння мы не зусім усведамляем, як, напрыклад, з весьде атрымалася везде, а з естьли — если. Навідавоку дзеянне фанетычнага прынцыпу: у першым выпадку адбылося азванчэнне зычнага [с] перад звонкім [д], а ў другім — выпа-дзенне “непроизносительного согласного” [т]. Чаму так адбываецца, пытанне цікавае. Можна дапусціць, што і рускае пісьмо магло б развівацца так, як і беларускае, калі б першаму не перашкодзіла трывалая кніжна-пісьмовая традыцыя.
Дзеянне фанетычнага прынцыпу (напісанне набліжаецца да вымаўлення) у роднай мове выразна выяўляецца пры напісанні суфіксаў на стыку з утваральнай асновай. Такім чынам, працягнем размову пра напісанне суфікса -ск-.
Паводле новай рэдакцыі “Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”, калі ўтваральны назоўнік заканчваецца на літары -ск, то суфікс -ск- зліваецца з імі: Пінск — пінскі, Глуск — глускі, Новасібірск — новасібірскі, Дамаск — дамаскі, этруск — этрускі, Сан-Францыска — сан-францыскі; але: баск — баскскі (напрыклад, баскская мова народа Краіны Баскаў).
Калі аснова назоўніка заканчваецца на с з папярэдняй зычнай, то перад суфіксам -ск- адно с апускаецца: Рэймс — рэймскі, Уэльс — уэльскі, Гельсінгфорс — гельсінгфорскі, Тамерфорс — тамерфорскі, Даўгаўпілс — даўгаўпілскі). У рускай мове тры апошнія прыметнікі складаюць выключэнні з правіла і пішуцца: Гельсингфорс — гельсингфорсский, Таммерфорс — таммерфорсский, Даугавпилс — даугавпилсский.
Калі ўтваральная аснова слова заканчваецца на т, ц, ч, а суфікс пачынаецца зычным с, то спалучэнні тс, цс, чс на пісьме перадаюцца праз ц згодна з вымаўленнем: агенцтва, балцкі, брацкі, адвакацкі, салдацкі, лабаранцкі, парламенцкі, брэсцкі, бейруцкі, па-фармалісцку, па-інтэлігенцку, выдавецтва, кравецкі, івянецкі, прыпяцкі, суэцкі, па-спажывецку, па-купецку, ткацкі, баранавіцкі, парыцкі, грэцкі (арэх), скрыпацкі, чытацкі, па-дзявоцку.
Сюды ж варта аднесці: пфальцкі (Пфальц), канстанцкі (Канстанца), майнцкі (Майнц); суэцкі (Суэц), горыцкі (Горыца), дваржэцкі (Дваржэц), грацкі (Грац), мецкі (Мец), ніцкі (Ніца), абруцкі (Абруца).
У рускай жа мове напісанне адрозніваецца. У Разенталя чытаем: “В прилагательных, образованных от географических названий с основой, оканчивающейся на ц, пишется: а) -ц-ский, если перед ц стоит согласная (кроме ц), например: Констанца — констанцский, Пфальц — пфальцский; б) -ц-кий, если перед ц стоит гласная, например: Елец — елецкий (исключения: Грац — грацский, Мец — мецский); в) -цц-кий, если перед ц стоит тоже ц, например: Ницца — ниццкий” (http://booference.pochta.ru/ortho_viii.html#sect40). Калі мець на ўвазе, што падвоеных літар у запазычаных словах у роднай мове амаль не назіраецца, апошні пункт пра напісанне прыметнікаў тыпу ніцкі для беларускага правапісу неактуальны.
У роднай мове значныя фанетычныя працэсы адбыліся ў словах тыпу птаства, хараство, мноства. Як ужо адзначалася, у слове птаства з ранейшых дзесяці гукаў засталося сем. Спрашчэнне груп зычных фіксуецца і на пісьме.
Калі ўтваральная аснова слова заканчваецца на ж, ш, х (у тым ліку і пры чаргаванні [г] — [ж], [х] — [ш]), а суфікс пачынаецца зычным с, то спалучэнні жс, шс у агульных назвах перадаюцца толькі адным с: таварыш — таварыства, харошы — хараство, мног/множ — мноства, убог/убож — убоства, бог/бож — боскі, птах/пташ — птаства, наш — наскі, а таксама княжыць — княства. У некаторых выпадках напісанне такіх слоў вызначаецца па слоўніку, чаргаванне [г] — [ж], [х] — [ш] адсутнічае: Буг — бугскі, Гаага — гаагскі, Катанга — катангскі, казах — казахскі, Цюрых — цюрыхскі, Карабах — карабахскі, фелах — фелахскі, шах — шахскі, ніўх — ніўхскі, Пецярбург — пецярбургскі.
Для таго каб захаваць празрыстасць уласных імён і назваў народаў пры ўтварэнні ад іх прыметнікаў, спалучэнні жс, шс перадаюцца нязменна: Нясвіж — нясвіжскі, Сураж — суражскі, Парыж — парыжскі, Балхаш — балхашскі, латыш — латышскі, чуваш — чувашскі, Волг / Волж — волжскі, чэх / чэш — чэшскі, Праг / Праж — пражскі, вараг / вараж — варажскі.
Даволі цікавую гісторыю мае постфікс -ся, які ў роднай мове на стыку марфем перайшоў у -цца, а ў рускай мове захаваўся. Параўнаем: учиться, мыться, стараться і вучыцца, мыцца, старацца. У адаптаваным да сучаснага разумення выглядзе прачытанне такіх дзеясловаў наступнае: вучыць сябе. Яны ўтварыліся аб’яднаннем, зліццём дзеяслова і займенніка сябе ў вінавальным склоне (ся), які змяніўся амаль да непазнавальнасці.
Яшчэ ў “Беларускай граматыцы для школ” Браніслава Тарашкевіча адзначалася: “Некаторыя дзеясловы зрастаюцца з зваротным займеннікам -ся: мыцца (мыць-ся), вясьці-ся і г.д. Пры спражэнні -ся дадаецца да слова: мыюся, мыешся, мыецеся. Толькі ў 3-й асобе і ў неазначальніку (неазначальнай форме дзеяслова. — В.І.) канчатак ць-ся зьліваецца ў -цца: ён мыецца, яны мыюцца, мыцца” (Тарашкевіч Б. Беларуская граматыка для школ. Вільня, 1929. С.95). Спрацаваў фанетычны прынцып напісання.
Падвоенае цц пішацца:
у інфінітыве зваротных дзеясловаў: змагацца, брацца, купацца, вучыцца, прасіцца, імчацца;
у трэцяй асобе адзіночнага і множнага ліку зваротных дзеясловаў: змагаецца, змагаюцца, бярэцца, бяруцца, купаецца, купаюцца, вучыцца, вучацца, просіцца, просяцца, імчыцца, імчацца;
у лічэбніках адзінаццаць — дваццаць, трыццаць і вытворных ад іх: адзінаццаты, дваццатка, пятнаццацігадовы.
Такім чынам, мы завяршылі разгляд правапісу некаторых марфем у новай рэдакцыі “Правіл” (2008). Прадметам абмеркавання наступных сустрэч стане ўжываннне малой і вялікай літар.
Зваротная сувязь
— Дзень добры! З рубрыкі вынікае, што ў беларускай мове вельмі шмат слоў, якія пішуцца згодна з вымаўленнем. А як будзе выглядаць прыметнік ад слова Мекка? Дзякуй. Golas-09
— Прыемна, што ў нашай рубрыкі з’явіўся цікаўны і кампетэнтны чытач, пытанні якога вылучаюцца дасціпнасцю. Прыметнік ад Мекка, свяшчэннага горада мусульман, падлягае агульнаму правілу: у словах, утвораных ад асноў на к неславянскага паходжання, на пісьме захоўваецца спалучэнне кс (арынокскі, нью-ёркскі, бангкокскі, бузулукскі, цюркскі, каракскі, каракалпакскі, квебекскі, таджыкскі, узбекскі). Слова Мекка — выключэнне, бо ў ім захоўваецца напісанне дзвюх літар кк, што захоўваецца і пры ўтварэнні прыметніка: меккскі.
— Добрага часу сутак! Сустрэла ў адным інтэрв’ю такое пытанне: “Ці трэба ў чымсьці здзяцінець, каб перакласці або напісаць дзіцячы твор?”. На яго адказвала перакладчыца “Алісы ў Залюстроўі”. Аднак я так і не зразумела: здзяцінець — гэта добра ці не? Kelly
— Звычайна слова здзяцінець ужываецца ў значэнні ‘впасть в детство, вести себя подобно ребёнку’: Некаторыя хацелі адмахнуцца ад гэтага, казалі, што Агей ужо здзяцінеў на старасць і сам не ведае, што пляце (К. Крапіва).