Той, хто аднойчы чуў дуду, не забывае яе ніколі. Кажуць, гэты музычны інструмент нельга параўнаць ні са скрыпкай, ні з гармонікам, ні з цымбаламі. Быццам у гуках дуды ёсць нешта містычнае і незямное: тут і голас жывёлы, і гул даўно адгрукацеўшых бітваў, і пляскі старадаўняй карчмы... Штогод дуда вабіць да сябе ўсё больш майстроў, музыкаў, арганізатараў фестываляў, даследчыкаў. А нядаўна ўпершыню была абаронена дысертацыя на тэму беларускай дуды. Яе аўтар — кандыдат мастацтвазнаўства, выкладчык Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтва, майстар і папулярызатар дуды Аляксандр Сурба. Ён упэўнены, што гэта значны крок да ўсенароднага прызнання дуды як сімвала беларускай культуры.
Размаўляючы з Аляксандрам, які, здаецца, можа гаварыць пра беларускую дуду бясконца, прыходзіш да высновы, што мы зусім не горш за шатландцаў! Яшчэ пару гадоў працэсу, які зараз ідзе ў краіне, — і можна будзе смела сцвярджаць, што дуда — гэткі ж нацыянальны інструмент для Беларусі, як і валынка для Шатландыі.
Раней гэты старажытны музычны інструмент прысутнічаў у жыцці кожнага беларуса. Хрэсьбіны, пахаванне, жніво, Купалле, Каляды — дуда гучала падчас розных свят і абрадаў. Гучала аж да пачатку ХХ стагоддзя, пакуль на яе змену не прыйшлі цымбалы і гармонік. Мабыць, мы сёння і вывучалі б дуду толькі па музейных экспанатах, калі б некалькі дзясяткаў гадоў таму не пачалося яе адраджэнне.
— Адраджэнне дуды пачалося ва ўсім свеце ў 60—70-я гады мінулага стагоддзя. Звязана гэта было перш за ўсё са з’яўленнем субкультуры хіпі, якая праяўляла цікавасць да ўсяго старажытнага, у тым ліку да дуды, — тлумачыць Аляксандр Сурба. — Гэты працэс прыкладна супаў з працэсам, які адбываўся ў Беларусі ў 1970-я гады. Гэта таксама быў інтуітыўны пошук нечага сакраментальнага, сакральнага, міфічнага. Некаторыя пошукі выліліся ў першыя спробы вырабу дуды.
Спачатку з’явіліся майстры — Алесь Лось, Уладзімір Пузыня, Тодар Кашкурэвіч. Затым музыкі і калектывы пачалі ўключаць дуду ў свой інструментарый. Паступова пачалося навуковае даследаванне дударскай культуры: асобныя артыкулы, навуковыя працы, дысертацыя...
— Працэс, які цягнецца ўжо трыццаць гадоў, падышоў да лагічнага апагея. Сёння ў краіне каля 300—400 дудароў, 6 майстроў, якія вырабляюць дуду, некалькі дударскіх фестываляў, якія ладзяцца ў Мінску і рэгіёнах. Дуда сёння не проста музычны інструмент, — упэўнены Аляксандр. — Гэта культурная з’ява. Хаця і пачыналася яна як натхненне і рамантычны вобраз нашага мінулага.
Каб адбылося канчатковае прызнанне дуды як сімвала культуры, павінна прайсці яшчэ колькі часу. На думку даследчыка, дуда павінна натуральна ўвайсці ў культуру беларусаў “па ўсіх франтах”:
— Трэба, каб з’явілася некалькі пакаленняў майстроў, музыкаў, прычым як прафесіянальных, так і вулічных. Каб дуда стала выкарыстоўвацца не толькі фальклорнымі калектывамі, але і з’явілася на эстрадзе і ў класічнай музыцы. Зараз інструмент досыць стандартызаваны, тэхналогія яго вырабу ўжо адпрацавана, матэрыялы падабраны. Наступае этап напаўнення гэтай дакладнай формы зместам. Ужо сёння назіраецца пошук такога новага зместу. Добры доказ таму — дударскія фестывалі, дзе прадстаўлены розныя напрамкі, — ад аўтэнтычнага фальклору да хард-року і розных авангардных эксперыментаў.
Пасля прызнання дуды нацыянальнай культурнай з’явай можна пайсці яшчэ далей. Беларускую дуду, хаця яна і мае агульныя карані з усходнееўрапейскімі аналагамі, адрозніваюць унікальныя асаблівасці: форма ражкоў-раструбаў, плаўна закручаных на 180 градусаў, наяўнасць на іх дэкору волавам у выглядзе стылізаванай галавы казы, тачэнне трубак з малюнкам “тор — бочачка — тор”. Гэтыя асаблівасці робяць беларускую дуду адметным інструментам, каштоўным не толькі для нашага народа, але і сусветнай культуры. Нядзіўна, што ўжо каля года ў беларускай дударскай суполцы вядзецца дыскусія аб уключэнні дуды ў Спіс аб’ектаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Вось так з небыцця — на п’едэстал вядомасці.
У стылі продкаў
Аляксандр Сурба вырабляе не толькі беларускую дуду. Для Музея музычных інструментаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, які з’яўляецца ўнікальным у краіне, асабліва дзякуючы вялікай калекцыі старадаўніх музычных інструментаў, Аляксандр вырабіў і рэканструяваў з дзясятак дуд розных краін. Ёсць тут шведская, французская, балгарская, эстонская дуды. Некаторыя экзэмпляры адноўлены майстрам па фотаздымках 1920—1930-х гадоў. Тут жа, ва ўніверсітэце, у Аляксандра маецца майстэрня, дзе ў вольны ад вядзення заняткаў час ён вырабляе гэты інструмент. Сурба прызнаецца, што вельмі моцна адчувае падрымку ў справе папулярызацыі і рэканструкцыі дуды з боку кіраўніцтва ўніверсітэта, у прыватнасці рэктара Юрыя Бондара, які лічыць, што сучаснае мастацтва павінна цвёрда грунтавацца на традыцыйным.
Каб зрабіць адзін інструмент, Аляксандр траціць каля месяца. Раней дуды абавязкова вырабляліся з дрэва, паваленага бурай альбо пабітага маланкай, і са скуры, знятай з казы на Каляды. Сёння, вядома, выкарыстоўваюцца больш цывілізаваныя спосабы. Сярод матэрыялаў, якімі карыстаецца Сурба, — гатовая цялячая або казіная скура, драўніна ясеню або клёну, волава. Апошняе выконвае дэкаратыўную, міфалагічную і тэхналагічную функцыі. Волава, якое заліваецца расплаўленым у выразаны ўзор трубак, не дае дрэву расшырацца і растрэсквацца. Часам выкарыстоўваюцца і сучасныя матэрыялы.
— Ёсць шмат прыбамбасаў, якія дазваляюць выкарыстоўваць інструмент больш проста, не мучыцца з яго настройкай. Да прыкладу, для вырабу пішчыкаў майстры выкарыстоўваюць сёння карбон, метал, а надуўную трубу, якая пастаянна згрызаецца, робяць з пластыку. Але не даходзіць да таго, каб поўнасцю зрабіць дуду з пластыку. Нават вар’іруючы спосабы дэкору. Жадаючы надаць дудзе аўтарскі стыль, майстры стараюцца не адыходзіць ад традыцыі. Наша дуда ўваходзіць у сям’ю еўрапейскіх дуд, таму і важна не згубіць сваёй мясцовай адметнасці, рабіць інструмент у пэўным стылі.
ДАВЕДКА
Дуда — духавы язычковы музычны інструмент, які складаецца з некалькіх трубак, устаўленых у скураны мех. Інструмент вядомы практычна ўсім народам Еўропы — шведам, немцам, французам, італьянцам, палякам, чэхам, балгарам... Аднак у кожнага народа дуда мае свае канструктыўныя і меладычныя асаблівасці.
Містыка, ды і толькі
Чаму дуда выклікае сёння такую цікавасць? У Аляксандра Сурбы, які займаецца вывучэннем, майстраваннем і папулярызацыяй гэтага інструмента ўжо больш за дзесяць гадоў, ёсць асабістае тлумачэнне:
— Дуда не падобная ні на які іншы інструмент. Яна нясе больш глыбокі сэнс. Як мне падаецца, дуда дае магчымасць пэўнага перараджэння, вызваляе заснулыя вялізныя пласты памяці і старыя сівыя архетыпы. Нешта адбываецца з чалавекам, які пачынае граць на дудзе. Нешта дзіўнае, цікавае, што цяжка растлумачыць.
Беларуская дуда прэтэндуе на званне нацыянальнай культурнай з’явы і ўключэнне ў спіс ЮНЕСКА
Гукі мінулых стагоддзяў
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.