Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Пра беларускую вечарыну ў Тбілісі, прысвечаную 135-м угодкам Якуба Коласа, надрукавала артыкул газета “Многонациональная Грузия”

Грузінскі голас за Коласа

Пра падрыхтоўку юбілейнай Коласаўскай вечарыны паведамляла ў рэдакцыю намесніца старшыні суполкі “Беларускія сябры” Лідзія Лярская-Шацірышвілі. Пісала тады, што ў Грузіі больш ведаюць пра Янку Купалу: таксама народнага паэта, класіка беларускай літаратуры, аднагодка Коласа. Купала ж часцей адпачываў у курортным гарадку Цхалтуба, а з галоўным урачом мясцовага санаторыя Эліко Метэхелі быў звязаны рамантычным сяброўствам, прысвячаў ёй вершы. Летась у Тбілісі, Цхалтуба праходзілі выставы пра жыццё і творчасць Янкі Купалы, ладзіліся літаратурныя сустрэчы, пад час якіх гучалі вершы і песні на вершы Песняра.

Якуб Колас і Янка Купала ў Цхалтуба. 1941 год

А пра Якуба Коласа ў Грузіі ведаюць значна менш, хоць і ён неаднаразова бываў там, адпачываў на беразе Чорнага мора. Каб усталяваць “творчую раўнавагу”, супляменнікі на пачатку снежня ў Доме дружбы ў Тбілісі правялі вечарыну, прысвечаную Якубу Коласу. Шматлікім гасцям, сярод якіх былі беларусы, рускія, грузіны, прадстаўнікі іншых этнааб’яднанняў, расказвалі пра Канстанціна Міхайлавіча Міцкевіча (сапраўднае імя пісьменніка) як пра выдатнага паэта, празаіка, публіцыста, драматурга, навукоўца. Згадваліся цікавыя факты з яго жыцця, і не толькі тыя, што лёгка знайсці ў інтэрнэце. Лідзія Пятроўна расказала пра сяброўства пісьменніка з яе дзядулем па мацярынскай лініі, настаўнікам матэматыкі Яўгенам Васілевічам Астроўскім. Яны ў адзін і той жа час вучыліся ў Настаўніцкай семінарыі ў Нясвіжы, пасля неаднаразова сустракаліся, ліставаліся. Якуб Колас падарыў сябру кнігу “На прасторах жыцця”, падпісаную яшчэ псеўданімам Тарас Гушча. Мы пісалі ўжо, што Лідзія Пятроўна перадала кнігу з аўтографам Якуба Коласа ў Літаратурна-мемарыяльны музей пісьменніка ў Мінску (“Эстафета сяброўства і талентаў” — ГР, 23.03.2017).

Любімыя вершы Якуба Коласа на імпрэзе на роднай мове чыталі сябры суполкі Павел Кірылаў, Кацярына Білуха, Алёна Собалева. У запісе гучалі песні на вершы паэта, якія даслала ў Тбілісі Марыя Міцкевіч, унучка Якуба Коласа.

Пасля імпрэзы Лідзія Лярская-Шацірышвілі напісала артыкул пра творчую вечарыну для газеты “Многонациональная Грузия”. Уключыла ў яго вялікія вытрымкі з біяграфіі паэта. “Хочацца, каб і жыхары Грузіі ведалі, дзе і ў якой сям’і нарадзіўся Якуб Колас, дзе вучыўся і працаваў, за што патрапіў у астрог, творамі якіх пісьменнікаў зачытваўся, — пісала нам Лідзія Пятроўна. — Можа, тым нехта зацікавіцца, возьме ў рукі кнігі вершаў ці апавяданняў Коласа, прачытае паэмы “Сымон-музыка”, “Новая зямля” ці нават адолее раман-трылогію “На ростанях”. 

У працяг мараў-развагаў Лідзіі Лярскай Шацірышвілі дадамо: з маленькіх зярнятак выростаюць вялізныя дрэвы. І не выключана, што нехта з жыхароў Грузіі пасля вечарыны, публікацыі захоча пабываць на радзіме паэта, на свае вочы пабачыць, якая яна, Беларусь, апетая ды ўслаўленая Песняром яго родная зямля.

Кацярына Мядзведская

Голас Радзімы № 3 (3555), чацвер, 18 студзеня, 2018 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter