Да кожнай пасылкі прымацоўваецца квітанцыя з неабходнай інфармацыяй.
У адрозненне ад лістоў і паштовак, якія зараз амаль паўсюдна страцілі папяровы выгляд, рэчы па электроннай пошце не адправіш. Наадварот, дзякуючы сайтам, на якіх можна заказваць і набываць тавары, пасылачны трафік актыўна ўзрастае. Паспрыяла гэтаму і павелічэнне штомесячнага ліміту на бяспошлінныя пасылкі з-за мяжы: можна заказваць тавар на суму да 200 еўра вагой да 31 кілаграма ў адрас адной фізічнай асобы. Але адно паштовае адпраўленне павінна каштаваць не больш за 22 еўра і важыць не больш за 10 кілаграмаў. Вопратка і цацкі, інструменты і тэлефоны, планшэты і сувеніры — што толькі мы не заказваем!
Пры адпраўцы кожнай пасылкі з Беларусі за мяжу кліенту выдаецца квітанцыя са штрых-кодам з нумарам. Гэта і ёсць унікальны паштовы ідэнтыфікатар, па якім можна прасачыць шлях пасылкі. Нумар адпраўлення складаецца з 13 сімвалаў: дзве літары лацінскага алфавіта, далей 9 лічбаў і яшчэ дзве лацінскія літары, якія абазначаюць код краіны падачы. Каб даведацца, на якіх прасторах знаходзіцца пакунак, неабходна зайсці на сайт РУП «Белпошта», знайсці раздзел «Сачэнне за паштовымі адпраўленнямі», у патрэбны радок увесці гэты нумар без прабелаў і націснуць кнопку «Знайсці». Усе падзеі, што адбываюцца з адпраўленнем, зафіксаваны: паказаны дзень, калі яно прынята поштай ад адпраўшчыка, перададзена на мытню ў выпадку, калі адпраўляецца за мяжу. Ніякай магчымасці згубіцца!
Паштовы ідэнтыфікатар змяшчае 13 сімвалаў.
Дакладна гэтак жа можна прасачыць за паштовым адпраўленнем з іншай краіны, калі ведаць яго трэк-нумар. На сайце «Белпошты» ён становіцца бачным з моманту адпраўлення.
Праграма, якая дазваляла вызначыць, дзе знаходзіцца адпраўленне, існавала і раней, але на сёння яна састарэла.
— Ва ўмовах паскарэння тэмпаў росту рынку паштовых паслуг старая сістэма адсочвання абмяжоўвала збор і апрацоўку дадзеных, неабходных для аператыўнага кіраўнічага ўліку, — зазначыла Вікторыя Джухунян, прэс-сакратар РУП «Белпошта». — Праграмна-тэхнічны комплекс сачэння за рэгістраванымі паштовымі адпраўленнямі прызначаны для арганізацыі цэнтралізаванага збору інфармацыі аб аперацыях, якія здзяйсняюцца ў адносінах да паштовых адпраўленняў з мэтай кантролю якасці аказання паслуг паштовай сувязі, аўтаматызацыі працэсаў фарміравання паштовай дакументацыі і статыстычных дадзеных, забеспячэння захаванасці паштовых адпраўленняў. Распрацоўка новай сістэмы была планавай, з павелічэннем ліміту на бяспошлінныя пасылкі з-за мяжы яна не звязана.
На пошце сцвярджаюць, што для адрасатаў пры атрыманні паштовых адпраўленняў нічога не зменіцца: як і раней, пры паступленні пасылкі ў аддзяленне паштовай сувязі месца прызначэння ім даставяць паведамленне. Усе адпраўленні, якія падлягаюць дастаўцы, прынясуць па названым адрасе.
Ксенія ЯЎГЕНІЧ