![](/upload/iblock/d33/d3336101981f4e6ff998b3a52f190f39.jpg)
На пакацістых пагорках, па якіх праходзіць водападзел паміж Чарнаморскім і Балтыйскім басейнамі, раскінуліся падворкі самага старажытнага на Лагойшчыне паселішча Гайна. Побач пачынаюцца рэкі Ілія і Гайна, якія цякуць у супрацьлеглыя бакі.
Як сведчаць дакументы Вялікага Княства Літоўскага 1387 года, у той час кароль Ягайла заснаваў у Гайне адзін з сямі першых у дзяржаве каталіцкіх прыходаў.
У 1560 годзе паселішча атрымала статус мястэчка, цэнтра стараства Мінскага павета і ваяводства. На прыбярэжным узгорку паўстала царква Святога Архангела Міхаіла. У эпоху Сярэднявечча тутэйшыя праваслаўныя вернікі далучыліся да грэкакатолікоў. Пазней на месцы драўлянага касцёла збудавалі мураваны.
Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 годзе мястэчка адышло да Докшыцкага, а потым Барысаўскага паветаў Расійскай імперыі. У паселішчы дзейнічалі мукамольнае і крупяное прадпрыемствы, адкрыліся народнае вучылішча, драўляны праваслаўны Свята-Міхайлаўскі храм.
З 1924 года Гайна — цэнтр сельсавета, а пасля масавай калектывізацыі — створанага калгаса.
Шмат пакут тутэйшым прынеслі ваенныя падзеі мінулага стагоддзя. Нямецка-фашысцкія акупанты ў пачатку вайны вывезлі мясцовых яўрэяў у Лагойскае гета і 30 жніўня 1941 года расстралялі. Мемарыялам ушанавана памяць ахвяр Вялікай Айчыннай вайны.
З першых пасляваенных гадоў аднавіў дзейнасць саўгас, рэфармаваны ў сельгасцэх ААТ «Мінскі трактарны завод». З 2008 года Гайна — аграгарадок Лагойскага раёна. Некалькі гадоў таму цэнтрам Гайненскага сельсавета стала вёска Лагаза.
Гайна — радзіма славяназнаўца ХІХ стагоддзя Зарыяна Даленга-Хадакоўскага і сучаснага беларускага нейрахірурга заслужанага дзеяча навукі Іосіфа Варановіча.
![](/upload/iblock/dd6/dd602151a12fe991cd9820fbbe7f4be1.jpg)
Дарога з Лагойска да аграгарадка Гайна адразу за новым мікрараёнам нырае пад пуцеправод і далей сцелецца асфальтам праз нізіны і перакаты. Паабапал віднеюцца крутабокія палі, пакрытыя аксамітнай рунню, пералескі, лугавіны. У гэтым кірунку нячаста курсіруюць аўтобусы і маршруткі. Інспектар па ахове працы Лагойскага раённага аб’яднання прафсаюзаў Браніслаў Тарайкоўскі, з якім сустрэліся ў райвыканкаме, прапанаваў падвезці да аграгарадка на сваім легкавіку.
Па дарозе Браніслаў Францавіч расказваў пра родную Лагойшчыну. Тут ён нарадзіўся і вырас. Кожную сцежку, грыбную мясціну навокал з маленства ведае. Пасля атрымання ў сталіцы дыплома інжынера па сельгасмашынах вярнуўся працаваць дамоў. Дзесяцігоддзі ўзначальваў інжынерную службу ў чудзеніцкай гаспадарцы.
Калі пад’язджалі да вёскі Лагаза, ён узгадаў пра тутэйшую вядомую трактарыстку Героя Сацыялістычнай Працы Надзею Куніцкую. У гады Вялікай Айчыннай яна змагалася з ворагам у партызанскім атрадзе. У пасляваенны час скончыла курсы механізатараў і села за руль трактара. Выбіралася дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, была дэлегатам партыйных з’ездаў. Надзеі Іванаўне ў 1972 годзе Пётр Машэраў падарыў мільённы трактар мінскай вытворчасці. Да глыбокай старасці калгасніца не расставалася з ім. Спачывае нябожчыца на вясковым цвінтары.
ЛАГАЗНЯНСКУЮ гаспадарку далучылі да Гайненскай. Аб’яднанае сельгаспрадпрыемства дзесяць гадоў таму рэфармавалі ў сельгасцэх «Гайна» ААТ «Мінскі трактарны завод». Аграгарадок стаў цэнтральнай сядзібай. Спецыялізуецца сельгаспрадпрыемства на вытворчасці малака, мяса і збожжа. Пераважная большасць жыхароў аграгарадка занята на палях і фермах. Чысцінёй і парадкам уразіў машынны двор. На прахадной варту нёс Канстанцін Дуброў. Перад уваходам у адміністрацыйны будынак з венікам увіхалася жанчына. Да выязных варот пад’ехаў трактар МТЗ з прычэпам. Механізатар назваўся Міхаілам Ліхтаровічам. Расказаў, што пасведчанне трактарыста-машыніста атрымаў разам з атэстатам сталасці ў Гайненскай сярэдняй школе. Дванаццаты год працуе механізатарам. Вырас у сялянскай сям’і. Маці даглядала жывёлу на калгаснай ферме. Бацька быў кавалём, выкоўваў нескладаныя дэталі да сельгасмашын. Зімою звычайна дапамагаў сыну рыхтаваць трактар да выхаду ў поле. У жніво Міхаіл Ліхтаровіч садзіўся на збожжаўборачны камбайн. Цяпер падвозіць кармы жывёле.
![](/upload/iblock/a8c/a8c4188337fb7d97023da7894aa3653c.jpg)
На мехдвары сустрэліся з механікам Яўгенам Лукшыцам. Восем гадоў таму пасля заканчэння Мар’інагорскага саўгаса-тэхнікума імя Уладзіміра Лабанка атрымаў размеркаванне ў свой раён. Аграномам працуе бацька Аляксандр Яўгенавіч, а маці Валянціна Пятроўна — бухгалтарам у гайненскай гаспадарцы. Яўген Лукшыц шчыра прызнаўся, што пасля жаніцьбы настроены пераехаць у Лагойск, дзе мае ўласную кватэру.
![](/upload/iblock/68a/68a48a4592e3688d606d660905ab3fa8.jpg)
У час нашай размовы з канторы выйшаў дырэктар Валянцін Валецкі і загадаў Яўгену Аляксандравічу тэрмінова адчыняць памяшканні, у якіх захоўваецца тэхніка: прыехалі кантралёры правяраць яе стан. З поля механіку патэлефанавалі механізатары Ігар Ціхановіч і Мікалай Галушка. Трэба тэрмінова везці ім запчасткі. За вёскай Малінаўкай трактарысты сеялі авёс. Яўген Лукшыц адзначыў, што кожны вясновы дзень напоўнены рознымі клопатамі. Фронт палявых работ у гаспадарцы паступова пашыраецца.
спраў хапае і ў жывёлаводаў. Заатэхнічнай службай васемнаццаты год кіруе выпускнік заафака Белдзяржсельгасакадэміі Іван Кальвінкоўскі. З ім сустрэліся ў працоўным кабінеце. Пасля вучобы маладым спецыялістам ён вярнуўся на Лагойшчыну. Працоўную дзейнасць пачынаў у гасцілавіцкім калгасе. Потым працаваў інструктарам сельгасаддзела райкама партыі, сакратаром партарганізацыі і галоўным заатэхнікам у саўгасе «Коранскі». Узгадаў, як летам каля жывёлагадоўчай фермы за вёскай Заазер’е ўбачыў прыгажуню і прыпыніў легкавік. Пазнаёміліся. Дзяўчына заканчвала медвучылішча. На канікулах дапамагала маці даіць калгасных кароў. Неўзабаве маладыя пажаніліся. Разам з жонкай Жаннай Пятроўнай выхавалі сына і дачку. Падрастаюць два ўнукі.
Працоўны вопыт у Івана Аляксеевіча багаты. У поспехах жывёлаводаў гаспадаркі, бясспрэчна, і яго заслуга. З амаль што 3000 галоў буйной рагатай жывёлы трэцяя частка — дойны статак. За мінулы год надой ад кожнай каровы павялічыўся на 1000 кілаграмаў і перавысіў 6-тысячны рубеж. Іван Аляксеевіч лічыць, што прырост атрымаўся дзякуючы ўвядзенню ў эксплуатацыю сучасна абсталяванага малочна-таварнага комплексу «Гайна», дзе ўтрымліваецца звыш 1600 галоў буйной рагатай жывёлы. Палова статка — дойныя каровы.
Пабудаваны комплекс два гады таму на ўзвышшы ў баку ад аграгарадка. На прахадной сустрэўся з ахоўнікам Вольгай Гарохавік. У гаспадарцы механізатарам працуе і яе муж Яўген Леанідавіч. У іх двое дзетак-дашкольнікаў. Яны наведваюць дзіцячы сад. Жыве сям’я ва ўласным доме.
На легкавіку пад’ехаў да прахадной начальнік комплексу Аляксандр Кочараў. Працуе ён тут першы год. Кожную раніцу едзе амаль за 20 кіламетраў з Плешчаніц, дзе з сям’ёю здымае кватэру. Абслугоўваюць МТК тры дзясяткі жывёлаводаў, у асноўным моладзь. Аператары даільнай залы Іна Грынкевіч, Жанна Шчурэвіч і Алёна Белая па вытворчых паказчыках сярод лепшых у раёне. Шэсць жанчын заняты на даенні кароў. Працуюць яны два праз два дні.
У прасторным светлым цялятніку за кармленнем маладняка засталі Алену Давідовіч і Кацярыну Скавінскую. Змяняюць іх сёстры Галіна і Мая Бараноўскія. Заробкамі, якія перавышаюць тысячу рублёў, цялятніцы задаволены. Кацярына Скавінская тры гады таму пераехала ў Гайну са сталіцы. Жыве ў бабулі Галіны Канстанцінаўны. Даглядаць цялятак ёй у радасць. У вольны час дапамагае бабулі па гаспадарцы. Пакідаць аграгарадок не збіраецца.
![](/upload/iblock/845/84593527a9275d347cab6c1b1e3f2203.jpg)
ПЕРШЫ намеснік старшыні Лагойскага райвыканкама Наталля Пятрушэнка далейшую перспектыву развіцця гайненскай гаспадаркі бачыць у далучэнні да яе суседняга КСУП «Спадарожнік-Агра». Спецыялізуецца прадпрыемства таксама на вытворчасці малака, мяса і збожжа. Пасля аб’яднання гэтых калектываў агульная плошча сельгасугоддзяў перавысіць 11 000 гектараў.
Старшыня Гайненскага сельвыканкама Андрэй Свібовіч упэўнены, што аб’яднанне сельгаспрадпрыемстваў дасць штуршок развіццю эканамічнай дзейнасці і сацыяльнай сферы. Спецыялісты, механізатары і жывёлаводы гаспадаркі маюць патрэбу ў жыллі. За мінулае дзесяцігоддзе на вуліцы Садовай у Гайне на сродкі сельгаспрадпрыемства пабудавана чатыры катэджы. Некалькі ўласных дамоў узведзена жыхарамі аграгарадка. У адным з іх на Школьным завулку два гады таму пасялілася шматдзетная сям’я Святланы і Віталя Крупіцаў. Пераехалі яны з Мінска.
![](/upload/iblock/65d/65da8277472cf3f7b584ef3e19a6b0fa.jpg)
З маладой маці і яе дачушкамі-дашкольніцамі Даліяй, Стэфаніяй і Амеляй сустрэліся ў час іх прагулкі каля сярэдняй школы. Святлана Вікенцьеўна спадзяецца, што і сын папоўніць іх сям’ю. Пераездам яна задаволена. Аграгарадок газіфікаваны, пракладзены водаправод. Побач з домам — дзіцячы садзік і сярэдняя школа. Дзейнічае філіял Плешчаніцкай дзіцячай музычнай школы. У магазіне «Родны кут» заўжды багаты выбар свежых прадуктаў. На беразе рэчкі Гайны золатам купалаў ззяе невялікая царквушка Архістратыга Міхаіла, у якой правіць святар Аляксандр Папоў. Шмат старання для ўзвядзення храма прыклаў ветэран працы Іван Кавалёў. Толькі няма ініцыятара аднавіць работу гайненскага клуба. Зачынены ён на замок.
![](/upload/iblock/3b9/3b90e591a63552b06b13e003175ef9f0.jpg)
![](/upload/iblock/4e4/4e462e03a5e44db3a14dceb83f83fd27.jpg)
На прысядзібным участку маладой сям’і Святланы і Віталя Крупіцаў абсталявана дзіцячая пляцоўка. За падворкам прывабныя краявіды: прасторнае поле і лес. Вось бы яшчэ ўпарадкаваць Школьны завулак, каб зручна было на аўтамашыне да дома пад’язджаць. Муж працуе ў сталіцы і кожны раз, калі вяртаецца дадому, вымушаны легкавік пакідаць на асфальтаванай вуліцы каля школьнага падворка.
СЕЛЬСАВЕТ аб’ядноўвае амаль чатыры дзясяткі вёсак і два аграгарадкі. За паўтара дзесяцігоддзі кіравання мясцовай уладай Андрэй Свібовіч ведае клопаты кожнай сям’і. Ён пастаянна сустракаецца з жыхарамі. У Гайну з сям’ёю пераехаў з Палесся, дзе пасля заканчэння Гродзенскага сельгасінстытута працаваў аграномам. Там застаўся аўдавелы бацька Андрэй Пятровіч. Да выхаду на пенсію ён таксама кіраваў сельсаветам у Лунінецкім раёне. І малодшы брат Пётр Андрэевіч узначальвае мясцовую ўладу ў івацэвіцкім аграгарадку Волька.
![](/upload/iblock/1aa/1aa80068528f6504508fee96a618cc4e.jpg)
Год таму пераехаў з Магілёўшчыны ў Гайну і ўзначаліў педкалектыў Юрый Студнеў. Двухпавярховы мураваны будынак сярэдняй школы ўпрыгожвае аграгарадок. У апошнія гады колькасць вучняў стабілізавалася. Вадзіцель Анатоль Грынкевіч штораніцы падвозіць на заняткі хлопчыкаў і дзяўчынак з навакольных вёсак Слабада, Янушкавічы, Стайкі, Звярыні, Радзевічы, Рэдзькавічы.
Завіталі з Юрыем Міхайлавічам у школьны музей, якім кіруе Тамара Кохан. У невялікім пакоі сабраны ўнікальныя матэрыялы пра гісторыю і жыхароў Гайны. У далёкім 1954 годзе тады яшчэ Гайненскую сямігодку скончыў будучы народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч. Партрэт творцы ўпрыгожвае стэнд, прысвечаны слынным землякам. Ушанаваны ў музеі выпускнікі школы: прафесары Зінаіда Бадзевіч, Эдуард Верамей, кандыдат эканамічных навук Аляксандр Гатоўскі, Ігар Угорыч, які прадстаўляў Беларусь у ААН. Кожнага з іх неаднойчы сустракала ў школе педагог Тамара Кохан. Цяпер яна на заслужаным адпачынку, але са школай не развітваецца.
![](/upload/iblock/aa0/aa0f0437c219ff4dbab686a46685d1d6.jpg)
Тамара Дзмітрыеўна ўзгадала пра першую даваенную трактарыстку Ганну Рыбчык. Працавала яна на Янушкавіцкай МТС. Перад нямецка-фашысцкай акупацыяй разабрала свой трактар. Кожную дэталь змазала, загарнула ў анучы і закапала. У пасляваенны час сабрала трактар і працавала на ім. Знакамітая трактарыстка ўзнагароджана ордэнам Леніна, выбіралася дэпутатам Вярхоўнага Савета рэспублікі. Юныя краязнаўцы адшукалі здымак Ганны Іосіфаўны разам з Пятром Машэравым на адным з урадавых пасяджэнняў.
Славіцца школа і самадзейнымі артыстамі. Школьныя танцоры свята захоўваюць мясцовыя традыцыі. Гайна ганарыцца былым самадзейным калектывам «Суботкі». Ад яго ўдзельнікаў артысты-школьнікі перанялі харэаграфію гайненскага карагода.
УЗГАДАЛА Тамара Кохан і пра традыцыю «Ад хаты да хаты», якую ўсталявалі Жанна і Віктар Дубко з суседняй вёскі Слабада. Кожны вясковы падворак дорыць удзельнікам свята сваю песню.
У музеі крануў сэрца верш народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча:
Я шчаслівы, што ў суджаны час
Нарадзіўся на гэтай зямлі,
Дзе такія густыя лясы
І такія спакойныя рэкі.
Дзе вясной непаўторна штораз
Зелянеюць разлогі-палі,
Дзе ўладар гэтай дзіўнай красы —
Ты, народ мой, на вечныя векі.
Больш трапна пра гэты куточак Лагойшчыны і не скажаш!
Лагойскі раён
Фота аўтара