Любовь к людям, оптимизм и труд — формула долгой жизни 101-летней Евдокии Климашевич

Формула жыцця

101-гадовая Еўдакія Мікітаўна Клімашэвіч: «Любоў да людзей, аптымізм і праца. За пражытае не сорамна»

Кошыкі і торбачкі з бумажных палосак, вышыванкі, маляванкі на шкле... Натруджаныя рукі Еўдакіі Мікітаўны Клімашэвіч з Пружанскага раёна і зараз шчыруюць штодня, нягледзячы на тое, што 2 лютага гэтай мудрай і таленавітай жанчыне споўніўся 101 год!


— Заходзьце, калі ласка! — сустракае нас гаспадыня Марыя Кулецкая, дачка Еўдакіі Мікітаўны. А тая, убачыўшы фотаапарат, надзявае саламяныя каралі, прыхарошваецца:

— Старая ж я. І чым толькі вас зацікавіла?

Смяёмся. Як чым? Ці знойдзеш яшчэ чалавека ў такім узросце, які разгадвае красворды, займаецца рукадзеллем і, акрамя як на дрэнны слых, ні на што не скардзіцца? У 100 гадоў Еўдакія Мікітаўна закончыла сваю першую маляванку — карціну на шкле. Пры нас узяла ў рукі пяро-зорачку і паказала, як трэба абводзіць малюнак. Рука трымала пяро цвёрда, нават не дрыгнула.

Размаўляе Еўдакія Мікітаўна на чысцюткай рускай мове, што зусім нязвыкла для Пружанскага краю, і таму ёсць тлумачэнне — родам яна з Расіі.

— Нарадзілася я каля Смаленска ў беднай сям'і. Не дай божа нікому такога цяжкага дзяцінства! Падчас даводзілася есці не толькі крапіву, але нават балотны мох. Калі вызвалілі Смаленск ад фашыстаў, бацькі аддалі мяне ў камуну вучыцца на настаўніцу. Пасля вайны прыехала я да сястры ў Пружаны. Спадабалася тут, вырашыла застацца. У 1946 годзе раённы аддзел адукацыі накіраваў мяне ў вясковую школу настаўніцай, — Еўдакія Мікітаўна расказвае падрабязна, змястоўна, памяць яе не падводзіць.

— Сустрэлі яе з асцярогай — з усходу ж прыехала, — уключаецца ў размову Марыя Мікалаеўна. — Ды і мовы мясцовай мама не ведала. Неяк гаспадыня хаты, дзе маці часова жыла, кажа: «Вазьмі сухопорку за заслонкою ў верцішці». Гэта азначала, што ў печы за заслонкаю ў чыгунку стаіць бульба. Маці пасаромелася перапытаць, так і засталася да вечара галоднай.

Беларускай мовы маладая настаўніца зусім не ведала. Даводзілася зубрыць словы. Успамінае:

— Ішла з Пружан у вёску пешшу. Бачу напісана на шыльдзе «Ясельда». Як запомніць назву рэчкі? Я села і сказала «да!» — Ясельда! — смяецца Еўдакія Мікітаўна.

У 1949 годзе маладая дзяўчына стала першай настаўніцай у Навасёлкаўскай школе. У канцы 1950-х адкрывала яна яшчэ дзве пачатковыя школы ў раёне. Нават будаваць іх дапамагала: разам з настаўнікамі карчавала дрэвы на ўчастку пад будаўніцтва, збірала каменні ў полі на фундамент.

Будучага мужа сустрэла ў школе. Мікалай Рыгоравіч таксама быў настаўнікам. Ведаў некалькі замежных моў, іграў на мандаліне, вязаў, вышываў, плёў кошыкі, быў пчаляром і сталяром... У 1938 годзе працаваў лесатэхнікам у Ружанскім лясніцтве. Калі Германія напала на Польшчу, яго мабілізавалі, у адным з баёў ён трапіў у нямецкі палон. Больш за год знаходзіўся ў лагеры для ваеннапалонных ва Усходняй Прусіі, адкуль пазней яго вывезлi на працу ў Германію. За ўдзел у забастоўцы супраць нямецкага гаспадара яго заключылi на некалькі месяцаў у турму. Пасля вызвалення, ужо ў складзе Чырвонай арміі, Мікалай Рыгоравіч прымаў удзел у баях пад Кёнігсбергам, дзе быў цяжка паранены.

— Пажаніліся мы ў 1949-м. Замест правя­дзення вяселля папрасіла, каб купілі яго бацькі швейную машынку. З таго часу і занялася рукадзеллем, — працягвае Еўдакія Мікітаўна.

Жылі маладыя ў вёсцы Кабылаўка. У 1950 годзе ў іх нарадзілася дачка Марыя. Хата і зараз там стаіць — прыгожая, дагледжаная, нядаўна Марыя Мікалаеўна забрала адтуль маці да сябе ў Пружаны, а ў вёску наведваюцца час ад часу. 

— Не шкадуеце, што засталіся жыць у Беларусі? — пытаюся ў доўгажыхаркі. 

Еўдакія Мікітаўна нават не задумваецца:

— А чаго шкадаваць? Прыехала з беднаты ў добрую сям'ю, адпрацавала настаўніцай, потым — у бібліятэцы. На адпачынак пайшла, калі было за 70. Праца мая мне заўжды падабалася. За пражытае не сорамна.

А яшчэ Еўдакія Клімашэвіч — біёграф уласнай сям'і: захоўвае ўсе сямейныя дакументы, а ў 72 гады нават напісала мемуары. Яна таксама сабрала інфармацыю пра вяскоўцаў, якія загінулі ў Вялікую Айчынную. Пазней гэты матэрыял увайшоў у кнігу «Памяць. Пружанскі раён».

— Мама для нас прыклад аптымізму і любові да жыцця, — з павагай кажа Марыя Мікалаеўна.

Еўдакія Мікітаўна ганарыцца сваімі нашчадкамі. Дачка Марыя Кулецкая — народны майстар Беларусі, адрадзіла старадаўнюю традыцыю маляванак — карцін на шкле. Удзельніца шматлікіх выстаў, яе работы знаходзяцца ў прыватных калекцыях і ў музеях па ўсім свеце. Унучка Ірына — дызайнер, як і маці, з'яўляецца членам Беларускага саюза майстроў народнай творчасці. Праўнукі Юрык ды Сашка добра малююць і займаюцца музыкай...

Любоў да людзей, аптымізм і праца — формула доўгага жыцця Еўдакіі Мікітаўны, якой прытрымліваецца ўся яе сям'я.

ДАВЕДКА «СГ»

Па інфармацыі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, у Беларусі пражывае больш 400 грамадзян, якім за 100 гадоў. Усяго ў краіне больш за 1,6 мільёна чалавек ва ўзросце за 65 гадоў. Каля мільёна пажылых грамадзян уваходзяць у катэгорыю так званых маладых пенсіянераў — 65—75 гадоў.

kozlovich@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter