Урокі для чытачоў “НГ” вядзе загадчык кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага універсітэта, прафесар, доктар філалагічных навук Віктар ІЎЧАНКАЎ.
Вызначальнай адметнасцю роднай мовы з’яўляюцца дзеканне і цеканне. Беларускія [дз’] і [ц’] у параўнанні з адпаведнымі гукамі іншых славянскіх моў больш мяккія. Пайшло гэта з таго, што былыя ўсходнеславянскія мяккія [д’] і [т’] больш памякчыліся і сталі вымаўляцца як [дз’] і [ц’]. Такое вымаўленне яшчэ ў перыяд утварэння беларускай народнасці забяспечваецца і артыкуляцыяй — працай органаў мовы.
Увогуле свісцячыя ў нашай мове адрозніваюцца сваёй мяккасцю. Адтуль і пайшла пагалоска пра “пяшчотнасць” беларускага вымаўлення. У такім выпадку кончык языка менш напружаны і артыкулюе не да альвеол, як пры вымаўленні рускага [д’], а да часткі нёба, блізкай да сярэдняй. Ненапружанасць кончыка языка пры памякчэнні зубных [д], [т] ператварае іх у мяккія змычна-шчылінныя [дз’] і [ц’]. Неспакушанаму чытачу гэта, відаць, мала што скажа. Аднак паспрабуйце вымавіць гэтыя два гукі і прасачыце за рухамі языка — розніца адчувальная.
Дарэчы, менавіта дзеканне і цеканне становяцца значнай перашкодай для засваення рускага літаратурнага вымаўлення. Пераконваюся ў гэтым на практыцы, калі студэнтам на занятках па арфаэпіі прапаную вымавіць па-руску сказ: Дяди и тети сидели в тени деревьев. Часам прыходзіцца прыбягаць нават да паслуг лагапеда.
Функцыянаванне дзвюх блізкароднасных моў можа прывесці да так званай інтэрферэнцыі, калі валоданне роднай мовай уплывае на засваенне іншай. Дзеканне і цеканне якраз і ёсць праяўленне гэтай інтэрферэнцыі.
Мы дзекаем і цекаем, нават не заўважаючы гэтага, а дадаць сюды яшчэ цвёрдыя [р] і [ч], губна-губное вымаўленне [в] на манер нашага [ў], адкрытае аканне, яканне — і часам ад рускага маўлення застаецца толькі слоўнае напаўненне з вонкавай гукавой абалонкай роднай мовы. Таму і ўзніклі так званыя трасянка (мешаніна, сена з саломай) і суржык (хлеб ці мука з сумесі розных відаў зерня або ў сацыялекце Адэсы — дзеці ад змешаных шлюбаў). Адзін з часопісаў адзначае: “Тэрмін “трасянка” пайшоў ад назвы корму для каровы. Калі ў гаспадара не хапае добрага сена, ён дабаўляе салому, старанна растрасаючы яе. Карова не заўважае падману і з’ядае трасянку”.
Некаторыя артысты на гэтых сацыялектах са спрытам рабілі і сёння робяць сабе імя і, дарэчы, карысталіся і карыстаюцца папулярнасцю. Узгадаем Тарапуньку (Юрыя Цімашэнку) са Штэпселем (Яфімам Бярэзіным) ці сучаснага Андрэя Данілку (Сярдзючку), ска-панк групу “Ляпіс Трубяцкой” і палітызаваных Сашу і Сірожу, што вяшчаюць з Белсату. Відаць, у кожнага лінгвіста падобная мова выклікала б сумную ўсмешку: маўленне характарызуе эпоху, эпоха адлюстроўваецца ў маўленні. Такія з’явы ўзнікаюць, як правіла, пры блізкароднасным двухмоўі. Таму надзвычай актуальным становіцца выслоўе: двухмоўе не раскоша, а вялікі абавязак...
Падкрэслім, што сёння няма аднаго пункта гледжання на паходжанне дзекання і цекання. Вядома, што гэтая з’ява не ўласціва іншым усходнеславянскім мовам — рускай і ўкраінскай. Але яна ёсць у польскай мове, што і дало падставы некаторым вучоным гаварыць пра польскія карані беларускага дзекання і цекання. Аднак дзеканне і цеканне вядома не толькі заходнім гаворкам Беларусі, а ўсёй мове, што дае падставы выключыць названае дапушчэнне. Такога погляду прытрымліваліся Я.Карскі, П.Растаргуеў і іншыя вучоныя. Акадэмік Карскі лічыў, што дзеканне і цеканне самастойна развілася на беларускай глебе не пазней як у 14-м стагоддзі ў выніку празмернага памякчэння зубных д і т, якія сталі вымаўляцца са “свісцячым адценнем, уласцівым гукам з і с, што і дало мяккія афрыкаты дз і ц”. У польскай мове яны зусім іншыя — свісцяча-шыпячыя.
У новай рэдакцыі “Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” правапіс д, т, дз, ц не памяняўся: замест д, т перад е, ё, і, ю, я пішуцца адпаведна дз, ц: гарады — у горадзе, народы — у народзе, сады — у садзе, іду — ідзём, вяду — вядзі, вада — вадзяны, грудны — грудзі, люду — людзі, варта — на варце, хата — у хаце, чысты — чысцюткі, выток — выцякаць, карта — на карце, катлы — кацёл, тру — церці, шосты — шэсць, пяты — пяць, латынь — лацінка.
Чаргаванне [д], [т] з [дз’], [ц’] адбываецца перад мяккім [в’]:
два — дзве, дзвесце, рута — руцвяны, мёртвы — мярцвяк, чатыры — чацвёрты, чэрствы — счарсцвелы.
Літара ц і афрыката дз перад мяккім [в’] пішуцца згодна з вымаўленнем у словах: дзверы, мядзведзь, бацвінне, цвёрды, цвярозы, цвік, цвілы, цвісці, ліцвін, ліцвінка, яцвяг, Мацвей, Мацвеенка, Бацвіннік і інш. Выключэнне: твіст.
Гукі [д] у канцы прыстаўкі і [т] у складзе суфікса перад мяккім [в’] захоўваюцца нязменна і на пісьме перадаюцца адпаведна літарамі д і т: адвезці, у таварыстве, у агенцтве, у выдавецтве, аб прыродазнаўстве, у грамадстве, у братэрстве.
Гук [т] вымаўляецца нязменна і на пісьме перадаецца літарай т перад мяккім [в’] у аддзеяслоўных назоўніках і ў словах, вытворных ад іх: бітва — у бітве, брытва — брытве, брытвенны, клятва — клятве, клятвенны, пітво — у пітве, паства — у пастве. Літары д і т пішуцца таксама ў некаторых іншых словах: мардва — мардве, мардвін, Мардвінаў, Літва — у Літве.
У роднай мове правапіс літар д, т, ц і дыграфа дз не выклікае цяжкасцей у спрадвечнабеларускіх словах. Аднак яны з’яўляюцца пры напісанні запазычанняў, пра што мы падрабязна пагаворым у наступны раз.
Дзякуй за цікавыя апавяданні пра наш правапіс. Так-так, я не памылілася, калі назвала вашу рубрыку маленькімі, але вельмі змястоўнымі апавяданнямі. Мне лёгка будзе ісці ў клас. Дазвольце спытацца. Ці не падаецца вам, што трасянка або ўкраінскі суржык — гэта самастойныя мовы, у якіх перамешаны рускія элементы з нацыянальнымі? Іх называюць крэольскімі мовамі?
Валянціна Аляксандраўна Копец, настаўніца беларускай мовы і літаратуры
— Дзякуй і вам за добрыя словы. Трасянка і суржык — гэта хутчэй за ўсё сацыялекты. Іх трэба адрозніваць ад такой даволі цікавай з’явы, як змешванне моў, што ўзнікае ў экстрэмальнай сітуацыі міжэтнічных кантактаў. Так утвараецца піджын (з англ. pidgin). Пры яго ўтварэнні, як правіла, кантактуюць тры мовы і больш. Ён можа ўзнікнуць у выніку гандлёвых адносін. Напрыклад, піджынам лічыцца змешаная руска-нарвежская мова русен?о рск, русан?о рск (з нарв. Russenorsk, Russonorsk), ці “Мая-па-твая” (па-нарвежску Moja pa tvoja). Выступала сродкам зносін паміж паморскімі і нарвежскімі гандлярамі на паўночным пабярэжжы Нарвегіі, калі актыўна вёўся марскі гандаль збожжам і рыбай. Зафіксавана каля 400 слоў, 50% лексікі — з нарвежскай мовы, 40% — з рускай, астатнія запазычанні з англійскай, нідэрландскай, ніжненямецкай, фінскай і саамскай.
Існуюць крэольскія мовы (з ісп. criollo от criar “карміць”, “вырошчваць”, “выводзіць”) — другая ступень эвалюцыі піджынаў, якія становяцца роднымі для значнай часткі змешанага па паходжанні насельніцтва і ператвараюцца ў самастойную мову. Да крэольскіх моў адносяцца пап’ямента — родная мова для 329 тысяч чалавек, санга — дзяржаўная мова Цэнтральнаафрыканскай Рэспублікі.
Большасць крэольскіх моў і піджынаў узнікла ў эпоху еўрапейскай каланізацыі Афрыкі, Азіі і Лацінскай Амерыкі ў XV—XX стагоддзях. Напрыклад, у выніку кантактаў рознамоўных выхадцаў з розных ціхаакіянскіх астравоў падчас працы на плантацыях у Квінслендзе ўзнік піджын ток-пісін. Яго лексіка заснавана на англійскай мове і ўвабрала ў сябе элементы нямецкай і партугальскай, а таксама розных аўстранезійскіх моў, носьбітамі якіх былі работнікі плантацый.