Фотопроект «НГ» продолжается. Вместе создадим летопись гордости за Беларусь!

Это наша страна

Пад шатамі грэцкіх арэхаў

Ці не асабістая справа кожнага — пасадзіць дрэва на зямлі, вырасціць і ўбачыць, як яго вершаліны гамоняць з хмарамі? І пасадзіць на зямлі, дзе твой дом, бацькі, дзе ты нарадзіўся. Пасадзіць хаця б дзеля таго, каб дзецям, унукам і нават праўнукам, калі яны захочуць знайсці свае карані, было да чаго прыхінуцца і адчуць сувязь пакаленняў…



Падчас штогадовай рэс­публіканскай акцыі «Тыдзень лесу» па Беларусі высаджваюць тысячы дрэў. І наша школа — не выключэнне. Вучні 5-га класа Нягневіцкай сярэдняй школы Навагрудскага раёна разам са сваімі бацькамі вырашылі не заставацца ў баку ад такой важнай справы і прынялі актыўны ўдзел у акцыі. Быць героямі гісторыі прыроды і абаронцамі маці-зямлі — пачэсная справа. А садзіць дрэвы разам з бацькамі вельмі важна, бо агульная справа не толькі збліжае, але і насычае дзіўным адчуваннем адзінства і веры ў будучыню.

Сцяпан Кузьмянкоў і яго тата Аляксандр Іванавіч.


Мясцовы аматар-садавод Сяргей Емельяновіч, апантаны справай азелянення нашай мясцовасці, ахвяраваў школе грэцкія арэхі — па аднаму кожнаму вучню. А хто ж не любіць карысныя плады гэтага дрэва? Знешняе падабенства ядра грэцкага арэха з чалавечым мозгам ва ўсе часы нараджала шмат легенд. Грэчаскі філосаф Платон сур’ёзна сцвярджаў, што плады гэтага дрэва валодаюць здольнасцю мысліць. Таму ці не сімвалічна пасадзіць іх каля школы?

Усе ведаюць, як дасканала дрэвы ачышчаюць паветра, яны даюць нам кісларод і цень у спякотныя дні, ахоўваюць ад шуму і пылу. Дрэвы ствараюць вакол сябе добрую атмасферу, пазітыўна ўплываюць на наша самаадчуванне, здароўе і нават змяншаюць узровень стрэсу і агрэсіі. Знаходзячыся каля дрэў, мы заўважаем, што наша дыханне становіцца раўнейшым, адчуваем гар­монію, у якой рухаецца свет.

Дрэва садзіць адзін чалавек, а ў яго цені адпачываюць тысячы людзей, таму і садзяць грэцкія арэхі дзеці з бацькамі не для сябе, а для іншых. Пасадка дрэў у грамадзе карысная яшчэ і тым, што кожны, маючы свой вопыт, дае каштоўныя парады. Напрыклад, бацька Сцяпана Кузьмянкова ведае, што вельмі важна не апускаць ствол пры пасадцы ніжэй, чым ён быў пасаджаны раней, бо пладаносіць дрэва пачне пазней. Маці Сафіі Краскоўскай прапануе падрэзаць дрэўца, каб яно лепш прынялося. Жэня Калоша спрабуе агарадзіць дрэўцы ад жывёл, якія могуць пашкодзіць пасадкі, а бацька Мікіты Бахара тлумачыць, як лепш падкарміць арэхі, якія ўгнаенні ўнесці. Сам садавод параіў паліваць дрэўцы кожны дзень, бо зямля недастаткова насычана вільгаццю.

Вось у такой шматгалосай кампаніі дзяцей і дарослых была пасаджана наша невялічкая алейка грэцкіх арэхаў. Хто ведае, можа, праз які дзясятак-другі гадоў сустрэнемся тут, пагамонім, успомнім нашы супольныя школьныя справы, першыя поспехі і няўдачы, пагартаем фотаальбом і развітаемся, напоўненыя ўспамінамі аб школьным дзяцінстве. Развітаемся, каб сустрэцца зноў — тут, у гэтым месцы, пад шатамі грэцкіх арэхаў.

Юлія Емельяновіч, настаўніца

ЗАСТАЁМСЯ НА СУВЯЗІ

Праект «Это наша страна» працягваецца. Нагадаем, яго мэта — разам з вамі, паважаныя чытачы, пазнаваць гісторыю памятных мясцін і састаўляць нашу агульную гісторыю любві да роднай Беларусі. Дасылайце нам фотаздымкі, на якіх вы на фоне знакавых месцаў краіны, расказвайце аб сваіх уражаннях і кароткія гісторыі з жыцця вядомых землякоў. А таксама аб тым, які ўнёсак вы зрабілі, каб родная старонка стала яшчэ больш прыгожай і ўтульнай.

У Год гістарычнай памяці створым разам летапіс гордасці за Беларусь!

Найбольш цікавыя фотаздымкі і гісторыі будуць надрукаваны ў «Народнай газеце» і размешчаны на сайце sb.by. Дасылайце іх па адрасе: г. Мінск, вул. Б. Хмяльніцкага, 10а з паметкай «Это наша страна», а таксама на паштовую скрыню kuzmich@sb.by. Не забудзьце ўказаць імёны і прозвішчы людзей на фота­здымках, назвы мясцін і помнікаў.

А каб нічога не прапусціць, выпісвайце і чытайце «Народную газету».
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter