Урокі для чытачоў “НГ” вядзе загадчык кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, прафесар, доктар філалагічных навук Віктар ІЎЧАНКАЎ.
Маўленне чалавека даволі шматграннае. Ім раскрываецца навакольны свет, перадаецца душэўны стан, эмацыянальныя і валявыя рэакцыі на рэчаіснасць. Аднак гэта адбываецца не толькі пры дапамозе паўназначных слоў, якія маюць канкрэтнае значэнне і замацаваную ў сказе сінтаксічную функцыю. Існуе лексічная група, якая належыць да эмацыянальнай сферы мовы, не валодае самастойнымі значэннямі і ўжываецца па-за сувязямі з іншымі словамі. Маюцца на ўвазе выклічнікі. Пры дапамозе іх мы можам перадаць радасць і боль, здзіўленне і пагарду, грэбаванне, кпіны, здзек, агіду, прыкрасць, дакор, ганьбу, пагрозу, пратэст, асуджэнне, раздражненне, спалох, засмучэнне, разгубленасць, незадаволенасць, недавер, выклік, збянтэжанасць, спачуванне, абурэнне, гора, смутак, маркоту, журбу, клопат, захапленне, трыўмфаванне і інш.
Выклічнікамі выразна перадаецца ўнутраны стан чалавека: ай-ай-ай, ба, божа барані, бог з табой, брава, бррр, вось табе на, вось табе раз, вось так, гм, гасподзь з табой, ды ну, д’ябал, далібог, яшчэ чаго, як бы не так, на табе, ну і ну, ну ўжо, аднак, ох, цю, цьфу, ф-фе, фі, фрр, фу, ха, х-хе, хі, хо, каб цябе, зараз, эва, эк, эка, эх, упс, хм, цыц, э, эй і да т.п. Адчуваеце, колькі эмоцый, энергіі хаваецца ў гэтых зусім простых спалучэннях гукаў! Дадаць да іх яшчэ адмысловую інтанацыю — і можна адчуць усю гаму пачуццяў, уласцівых чалавеку.
Да выклічнікаў прымыкаюць гукаперайманні, якія ўяўляюць сабой умоўныя гучанні, што суправаджаюць дзеянні чалавека, жывёлы або прадмета: кхе-кхе, уа-ўа, ку-ку, чык-чырык, бац, бум, чмок, хлоп, хрусь, іго-го, карр-карр, кудах-тах-тах, мяў, му-у, фррк (фырк), брак, бух, крох, дзынь-дзынь, ёк, крап-крап, тра-та-та, трах-тах-тах, шлёп, шчоўк.
Выклічнікі могуць выражаць звернутыя да людзей ці жывёл каманды і заклікі. Значная частка іх запазычана з іншых моў і належыць прафесійнаму маўленню ваенных, паляўнічых, маракоў, будаўнікоў, дрэсіроўшчыкаў: фу, фас, алле, анкор, апорт, ар’ер, куш, піль, туба, шэрш, майна, віра, палундра. Існуюць словы-заклікі на дапамогу (караул), да водгуку (ау, ало, эй), што патрабуюць цішыні, згоды (тш, тсс, ш-ш, чш, чу, чур), пабуджаюць да ажыццяўлення ці спынення якіх-небудзь дзеянняў: айда, ату, кінь, брысь, узялі, валяй, ну ж (ды ну ж), кыш, марш, на, но, ну, тпрру, улю-лю, усь, цыц, шабаш.
Пастаянна ўзнікаюць і новыя выклічнікі, навеяныя модай захапляцца запазычаннямі. Напрыклад, англійскае “Wow!” — “ваў!” і “Yes!” — “так!”, часам “Ok!” — “акей!”. Першы выклічнік даволі распаўсюджаны ў падлеткавым асяроддзі. Існуе нават песня “Wow!”. Яна выконваецца заснаванай Мэрылінам Мэнсанам рок-групай, вядомай сваім задзірлівым іміджам і скандальнымі тэкстамі песень, у якіх нямала абсцэннай (нецэнзурнай) лексікі.
Выклічнікі займаюць у беларускім правапісе асобнае месца. Калі яны з’яўляюцца простымі, то іх напісанне не выклікае цяжкасцей. Іншая справа — складаныя формы. Новай рэдакцыяй “Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” вызначана, што складаныя выклічнікі, падзыўныя і гукапераймальныя словы пішуцца праз злучок: о-го-го, вой-вой-вой, о-ё-ёй, а-я-яй, дзю-дзю-дзю, ха-ха-ха, дзын-дзын-дзын, ку-ку, трах-тарарах, уга-ўга і інш.
Асаблівай увагі таксама патрабуюць састаўныя злучнікі. Яны пішуцца асобна: таму што, так што, хіба што, як толькі, як быццам, перш чым, гэта значыць, то так. Гэта датычыць і словазлучэнняў, якія ўжываюцца ў функцыі пабочных слоў: можа быць, так кажучы, такім чынам і інш.
У новай рэдакцыі вызначаны нормы напісання разам, праз злучок і асобна іншых часцін мовы — самастойных і службовых.
Так, праз злучок пішуцца:
- складаныя прыназоўнікі з-за, з-пад, з-над, з-паміж, з-па-над, па-за, па-над;
- словы з прыстаўкай абы-, постфіксамі -небудзь, -колечы (-кольвечы, -кольвек), часціцай то: абы-хто, абы-што, абы-дзе, абы-адкуль, хто-небудзь, дзе-небудзь, куды-небудзь, як-колечы (кольвечы), ён-то, сказаць-то сказаў.
Увага! Займеннікі абы-хто і абы-што пры спалучэнні з прыназоўнікамі пішуцца асобна: абы ў каго, абы да каго, абы з чым.
- Займеннік абы-які пры спалучэнні з прыназоўнікамі перадаецца або трыма словамі (абы з якімі), або двума (з абы-якімі).
- Словы, вытворныя ад прыслоўя абы-як, з прэфіксам абы пішуцца разам: абыякавы, абыякава, абыякавасць, абыякаваты і інш.
- Часціца такі пішацца праз злучок у словах тыпу ўсё-такі, так-такі, а таксама ў тых выпадках, калі яна стаіць пасля дзеяслова: прыйшоў-такі сам. Ва ўсіх астатніх выпадках часціца такі пішацца асобна: Ён такі надумаўся прыйсці. Ён усё ж такі думае прыехаць.
- Пішуцца асобна часціцы бы (б), жа (ж): прыйшоў бы, прыйшла б, казаў жа, чаму ж, хто ж бы, як жа ж, а таксама што ў такіх спалучэннях, як пакуль што, амаль што, толькі што, сама што, хіба што і інш.
Зваротная сувязь
Прывітанне! Колькі разоў сустракаю розную пастаноўку кропкі ў канцы сказа, калі ідзе спасылка на аўтара ці твор. Як правільна?
Васіль Іванавіч, г. Маладзечна
— Калі ў канцы апавядальнага сказа ў дужках указваецца аўтар або даецца пашпартызацыя, то кропка ставіцца пасля дужак: Жнеі спяваюць у полі, жыта густое жнучы (М.Танк). Госця, маладая дзяўчына, сядзела ў пакоі і ціха размаўляла з маці (У. Караткевіч). Выдатны паэт і крытык Максім Багдановіч вылучаўся глыбокай і шырокай адукацыяй, тонкім разуменнем паэзіі (ЛіМ).
Спадар Іўчанкаў, добры дзень! Вядома, што пасля адмены прыгоннага права бедным сялянам пачалі даваць прозвішчы — ад імя бацькоў, месца нараджэння, па роду працы, інваліднасці і гэтак далей: Іваноў, Кульгавы, Кавалёў. Паважаны прафесар, а як жа “прыліплі” да чалавека птушыныя прозвішчы Голуб, Дрозд, Сарока?
З павагай Уладзімір Голуб, ветэран Узброеных Сіл СССР
— Прозвішчы ў імянной формуле ў беларусаў з’явіліся даволі позна. Большасць з іх утварылася ад імён па бацьку (ад хрысціянскага ці мірскога імені), мянушак, якія характарызавалі аднаго з продкаў паводле занятку, месца пражывання, нораву, фізічнай асаблівасці. Так маглі пераўвасобіцца ў прозвішчы і “птушыныя” мянушкі, якія вырознівалі людзей. Напрыклад, за ціхмянасць, мяккасць, міралюбівасць чалавека называлі Голубам, бо яшчэ са старажытнасці голуб лічыўся сімвалам міру.