Нягледзячы на абмежаваныя фізічныя магчымасці, малады фатограф Эдуард Клуйша з горада Смаргоні, што на Гродзеншчыне, увесь час займаецца самаразвіццём: вывучае розныя тэхнікі фотамастацтва, стварае кампазіцыі для здымак. Упершыню фотаработа Эдуарда перамагла на конкурсе “4 383 дні дзяцінства”, які праводзіць Беларускі дзіцячы фонд сярод дзяцей-сірот і дзяцей-інвалідаў. Потым былі яшчэ конкурсы, перамогі ў іх, стыпендыя “Мы верым у цябе” ад Міжнароднай асацыяцыі дзіцячых фондаў, вучоба на прафесійных курсах, удзел у шматлікіх творчых семінарах...
Дыплом Эдуарду Клуйшу, пераможцу конкурсу “4 383 дні дзяцінства”
Пра тое, што Беларускі дзіцячы фонд даў яму пуцёўку ў жыццё, казаў Эдуард на нядаўняй прэс-канферэнцыі “Беларускі дзіцячы фонд. 30 гадоў Дабрыні й Міласэрнасці”. “Можа, для кагосьці назвы праграм, праектаў Фонду — толькі словы, — разважаў. — Для нас жа, іх удзельнікаў, гэта цэлае жыццё. Я й не ведаю, чым бы займаўся, калі б не паспрабаваў аднойчы сілы ў фотаконкурсе”. Цяпер Эдуард вядзе гурток у Смаргоні: азам фатаграфіі навучае дзяцей і дарослых. Займаюцца там і дзеці з абмежаванымі магчымасцямі, прычым адна з вучаніц Эдуарда стала ўжо лаўрэатам конкурсу “4 383 дні дзяцінства”.
Пра кожны праект Фонду можна шмат гаварыць. А колькі тут прыкладаў змененых да лепшага лёсаў! Так, па праграме “Цёплы дом” знайшла сям’ю Каця Філіпава. У 6 гадоў з Радашкавіцкай школы-інтэрнату патрапіла яна ў дзіцячы дом сямейнага тыпу Жанны ды Пятра Кавальскіх. Праз нейкі час прыёмныя бацькі ўдачарылі дзяўчынку. Цяпер Кацярына Кавальская, студэнтка 3 курса Міжнароднага дзяржаўнага экалагічнага інстытута імя А. Д. Сахарава БДУ, марыць стаць урачом і дапамагаць дзецям, што трапляюць у цяжкія сітуацыі. Дарэчы, менавіта БДФ ініцыяваў колісь стварэнне дзіцячых дамоў сямейнага тыпу ў Беларусі. “З 2003 года мы адкрылі 43 такія дамы. Для некаторых сямей купілі катэджы з усім унутраным уладкаваннем. Цяпер гэтымі пытаннямі займаецца дзяржава, але й мы дапамагаем”, — расказваў дырэктар Беларускага дзіцячага фонду Аляксандр Трухан.
А Марына Астроўская з Брэста стала ўдзельніцай праграмы “Дзіцячае сэрца”. Першую аперацыю зрабілі ёй у 2 гады, затым яшчэ дзве. Штогод, пачынаючы з 2008-га, Марына бывае на рэабілітацыйна-аздараўленчых зменах “Вясёлыя сэрцайкі” ў беларускіх летніках. Цяпер вучыцца ў Мінскім медыцынскім каледжы на фельчара: таксама хоча быць карыснай людзям. У Фондзе ганарацца, што змаглі арганізаваць дапамогу дзецям з праблемамі сэрца. З-за розных складанасцяў, звязаных з вывазам малых за межы Беларусі на лячэнне, у Фондзе вырашылі запрашаць знакамітых кардыяхірургаў ды іншых спецыялістаў у Мінск. “Важна й тое, што з цягам часу наш Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр дзіцячай хірургіі стаў працаваць на ўзроўні заходнееўрапейскіх і сусветных клінік, — лічыць Аляксандр Трухан. — І ўжо беларускія ўрачы ў складзе міжнародных брыгад аперыруюць дзяцей за мяжой. А ў Беларусь едуць на аперацыі, без якіх ніяк не абысціся, дзеці з іншых краін”.
Жанна Кавальская з прыёмнай дачкой Кацярынай
З 2014-га Беларускі дзіцячы фонд разам з мясцовымі органамі ўлады, спонсарамі будуюць вялікія адкрытыя спартыўныя пляцоўкі для дзяцей і моладзі. Ужо з’явілася 13 месцаў для бясплатных заняткаў фізкультурай у розных гарадах. Сёлета запланавана стварыць іх у Жодзіне ды Рагачове: з трэнажорамі, спартыўна-гульнёвымі комплексамі, на якіх змогуць займацца й людзі з абмежаванымі магчымасцямі.
Сярод важных дабрачынных спраў Фонду — і праект “Я бачу!”. За два гады мабільная каманда дактароў-афтальмолагаў праверыла зрок больш чым у 25 тысяч дзяцей амаль што ў 40 паселішчах Магілёўшчыны й Гомельшчыны. Сёлета ж урачы, як пацяплее, паедуць на Брэстчыну.
“Кожная з праграм Беларускага дзіцячага фонду прайшла выпрабаванне часам, — адзначаў нязменны старшыня праўлення БДФ ад пачатку яго стварэння, вядомы пісьменнік Уладзімір Ліпскі. — Мы вядзем доўгатэрміновыя сацыяльна значныя праекты, якія часта падтрымліваюцца й дзяржавай. Так, у 1990-х мы пачалі Калядную акцыю віншавання дзяцей у інтэрнатах і дзіцячых дамах з Новым годам. Цяпер ініцыятыва перарасла ў вялікую штогадовую рэспубліканскую акцыю “Нашы дзеці”. Калі праекты маюць такую моцную падтрымку, часта фінансуюцца буйнымі айчыннымі прадпрыемствамі, маюць замежных партнёраў ды спонсараў, то, значыць, яны — патрэбныя”.
У адным артыкуле, вядома ж, немагчыма расказаць пра ўсю вялікую, насычаную дабрынёй і міласэрнасцю гісторыю дзейнасці Фонду. Зрэшты, шмат пра што гавораць і прыведзеныя тут прыклады з жыцця запрошаных на святкаванне юбілею былых удзельнікаў праграм, якія дзякуючы падтрымцы Фонду знайшлі сваё месца ў жыцці, грамадстве. Сапраўды, нельга скупіцца на міласэрнасць! Добрыя справы вельмі ўпрыгожваюць нашае зямное існаванне, і сотням дзяцей яны, чула на прэс-канферэнцыі, увогуле даюць пуцёўкі ў жыццё. За 30 гадоў існавання Беларускага дзіцячага фонду пры ягонай падтрымцы здзейснены шматлікія дабрачынныя справы — намаганнямі соцень, тысяч людзей з усяго свету. І тыя дабрачынныя справы ў імя жыцця, у імя шчаслівага дзяцінства бачацца мне, калі ўявіць іх дрэвамі, — як велізарны прыгожы сад.
Кацярына Мядзведская
Голас Радзімы № 11 (3563), чацвер, 22 сакавіка, 2018 у PDF
Дабрачынныя справы — як дзівосныя дрэвы. За 30 гадоў існавання Беларускі дзіцячы фонд выгадаваў велізарны прыгожы сад
Дзе дабрыня, там шчасце
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.