Жизненные принципы Героя Социалистического Труда директора гомельского КСУП «Брилево» Аркадия Кобрусева

Дырэктар гомельскага КСУП «Брылёва» Герой Сацыялістычнай Працы Аркадзій Кобрусеў: «Сапраўдная велічнасць чалавека ў валоданні сабою»

Нібыта глыбінныя крыніцы, у кожным з нас жывуць унутраныя прынцыпы. Праяўляюцца яны ў дзеяннях, настроі, з малых гадоў ствараюць аснову нашага характару. Аркадзію Тарасавічу КОБРУСЕВУ, больш за сорак гадоў нязменнаму дырэктару гомельскага КСУП «Брылёва», Герою Сацыялістычнай Працы, многія з гэтых жыццёва важных прынцыпаў на генным узроўні дасталіся ад бацькоў. Дапамаглі яны сялянскаму сыну ўзняцца да вышынь грамадскага прызнання. З юных гадоў ён з задавальненнем выконваў даручаныя справы: узначальваў камсамольскую ячэйку школы і пасля працаваў інструктарам райкама камсамола. Падымаў цаліну, за што быў адзначаны сваёй першай дзяржаўнай узнагародай — медалём «За асваенне цалінных і залежных зямель». Завочна атрымаў у Беларускай сельгасакадэміі вышэйшую адукацыю вучонага агранома-эканаміста. Цудам выжыў пасля страшэннай аварыі. Пэўна, лёсам была паслана сімпатычная медсястра Марыя, якая зачаравала яго сваёй цеплынёй і сардэчнасцю. Пасля выздараўлення пажаніліся і пражылі разам больш за паўвека. Выхавалі дваіх дзяцей. Сын Аляксандр — генерал-маёр міліцыі, дачка Ларыса — прафесіянал у медыцыне. Дачакаліся ўнукаў. 

У працоўнай кніжцы Аркадзія Тарасавіча лічаныя запісы пасад, якія займаў. Сорак тры гады нязменна кіруе гомельскім КСУП «Брылёва». Працоўныя поспехі аксакала старшынёўскага корпуса Беларусі адзначаны медалём «Залатая Зорка», двума ордэнамі Леніна, Працоўнага Чырвонага Сцяга, «Знак Пашаны», Айчыны ІІІ ступені, свяціцеля Кірылы Тураўскага, медалямі, ганаровымі граматамі, дыпломамі. Аркадзій Тарасавіч — заслужаны работнік сельскай гаспадаркі БССР, ганаровы грамадзянін Гомельскага раёна, чалавек года на Гомельшчыне ў намінацыі «Чалавек на зямлі». Двойчы выбіраўся членам Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, прадстаўляў вобласць на ўсіх пяці Усебеларускіх народных сходах, член савета старэйшын Гомельскай вобласці.


Адыходзячы год для Героя Сацыялістычнай Працы Аркадзія Кобрусева выдаўся юбілейным: у сярэдзіне лета яму споўнілася 85 гадоў. Палову з іх узначальвае гомельскі КСУП «Брылёва». Гаспадарка ў 2021-м адзначыла стогадовы юбілей. У гісторыі яе шмат выпрабаванняў. У нялёгкі для калектыву час Аркадзій Тарасавіч добраахвотна памяняў кабінет першага намесніка старшыні Гомельскага райвыканкама, запоўнены атрыманымі за высокія вытворчыя паказчыкі пераходнымі чырвонымі сцягамі, на дырэктарскае крэсла. Пазнаёміўся з працаўнікамі, агледзеў вытворчую зону, жылы гарадок. Памяшканні патрабавалі неадкладнага рамонту, па жывёлагадоўчай ферме не прайсці было ад бруду, ледзьве трымаліся старыя цяпліцы, большасць сельгасмашын выпрацавалі свой рэсурс, непрывабна выглядаў і жылы пасёлак. Для навядзення парадку неабходны былі фінансы, але на рахунку грошай не было. Новы дырэктар зрабіў стаўку на буйнатаварную вытворчасць. 

— Са спецыялістамі прааналі­завалі становішча, магчымыя варыянты далейшай дзейнасці і прынялі рашэнне будаваць цяплічны камбінат, — прыгадвае Аркадзій Тарасавіч. — Канешне, усё прадумалі. Рызыкнулі на банкаўскі крэдыт пачаць узвядзенне памяшканняў для агародніны і іншых. А пасля адразу значна нарасцілі аб'ёмы вытворчасці сельгаспрадукцыі. Карысталася яна попытам у пакупнікоў. Атрыманыя сродкі ад рэалізацыі яе далі магчымасць разлічвацца з банкам. Паступова набіралі вытворчыя абароты, абнавілі сад, заняліся ўдасканальваннем працэсу перапрацоўкі ўраджаю, што садзейнічала пашырэнню асартыменту агародніны. За ўласныя сродкі набылі сучаснае тэхналагічнае абсталяванне, абнавілі машынна-трактарны парк, наладзілі будаўніцтва жылля, заняліся развіццём сацыяльнай сферы. 

— На якія аб'ёмы вытворчасці прадукцыі выйшлі?

— Дзякуючы пашырэнню пасяўных плошчаў і павышэнню ўраджайнасці штогадова атрымліваем звыш 10 тысяч тон садавіны і гародніны. З квадратнага метра закрытага грунту сабралі больш за 44 кілаграмы памідораў і агуркоў, у адкрытым кожны гектар даў звыш 190 цэнтнераў гародніны. Выпускаем пяць відаў плодаагароднінных кансерваў.

— Акрамя гародніны займаецеся і жывёлагадоўляю. Як развіваецца гэта галіна? 

— Пра дзейнасць яе сведчаць факты. Дзесяць гадоў таму нашы працаўнікі фермы першымі ў рэспубліцы пераадолелі дзевяцітысячны рубеж па надоях, а сёлета ад кожнай з 300 кароў атрымалі амаль па 10 тысяч кілаграмаў малака. Штодзённа адпраўляем на перапрацоўку ў Гомель звыш 8600 кілаграмаў прадукту, амаль увесь класам экстра. Гадавая валавая вытворчасць яго дасягнула амаль 3 тысячы тон, рэнтабельнасць перавысіла 40 працэнтаў. 

Ад рэалізацыі прадукцыі агародніцтва і жывёлагадоўлі ў казну гаспадаркі паступіла амаль 22 мільёны рублёў, што на 10 працэнтаў больш мінула­годняга. Сярэднямесячны заробак кожнага па гаспадарцы перавысіў тысячу рублёў. Па асноўных вытворчых паказчыках наш калектыў, а гэта 430 чалавек, неаднаразова выходзіў пераможцам у рэспубліканскім, а ў савецкія часы і ва ўсесаюзным спаборніцтве. Многія перадавікі былі ўдзельнікамі ВДНГ. 

— Аркадзій Тарасавіч, на нядаўняй нарадзе па развіцці аграпрамысловага комплексу ў Гомелі Прэзідэнт паставіў важныя задачы перад аграрыямі. Асаблівую ўвагу звярнуў на парадак, дыктатуру тэхналагічную, дысцыпліну. Каб кожны кіраўнік гаспадаркі, работнік мясцовай вертыкалі дакладна разумеў сваю ролю, месца і адказнасць. Як успрынялі гэта?

— Дарэчы, Аляксандр Рыгоравіч Лушашэнка двойчы наведваў гас­падарку і даў высокую ацэнку нашай дзейнасці. Так, парадак і дысцыпліна — аснова поспеху. Усё жыццё, дзе б ні працаваў, якія б пасады ні займаў, трымаюся прынцыпу строгай вытворчай і працоўнай дысцыпліны. У першую чаргу патрабую гэтага ад сябе, не цярплю разгільдзяйства і безадказнасці. Калі ж на вытворчасці парадак і дысцыпліна, справы ладзяцца. 

— Парадку дабіваецеся пугаю ці пернікам?

— Гэта ў першую чаргу залежыць ад характару і настрою чалавека, ад якога патрабуеш дысцыпліны. І ад абставін. Ні ў якім разе не трэба сячы з-за пляча ці ламаць праз калена. У кожнага асаблівы характар. Аднаго дастаткова падтрымаць, і справа пойдзе, а на іншага гэта не ўздзейнічае. Тады іншы падыход, каб сітуацыю нармалізаваць. З адданасці і старання кожнага складаецца агульны поспех.

2022 год быў складаным: сярод лета на Гомельшчыне паліла сонца, не было дажджоў, трэба было ратаваць пасевы. З савецкіх часоў у нас захавалі палівальныя ўстаноўкі, уключылі іх у работу на поўную магутнасць. Дзякуючы гэтаму пераадолелі стыхію і атрымалі добры ўраджай цыбулі, буракоў, морквы, капусты, фасолі і іншай гародніны. 

— У час прыняцця такіх аператыўных рашэнняў жывяце больш розумам ці сэрцам?
— Калі трэба неадкладна прыняць рашэнне, разлічваеш на лепшы варыянт і зыходзіш з рэальных абставін. Розум і сэрца падзяліць нельга. Сэрца падказвае, як паступіць, а розум аналізуе і дыктуе рашэнне. У прыняцці больш дакладных варыянтаў выручае стрыманасць. Як кажуць, не памыляецца той, хто нічога не робіць. Памылкі розныя бываюць, важна своечасова іх выявіць і выправіць. Калі што не так ідзе, ніколі не ўзнікала жадання трымаць крыўду на кагосьці ці шукаць вінаватага. Такой тактыкі не прытрымліваюся. У маім характары — бачыць ва ўсім пазітыў.
— Але, напэўна, свае рашэнні потым аналізуеце. Характар цяжка перайначыць. Ад якіх яго рыс хацелі б пазбавіцца?

— Вы прымусілі мяне задумацца. Жорсткасці за сабой не заўважаю, яе ніколі не было ў мяне. Многія лічаць, што занадта стрыманы і лагодны, і раяць больш строга адносіцца да падначаленых. Характар мне на генным узроўні перадаўся. Не імкнуся адракацца ад таго, што продкамі закладзена, каб не астудзіць сэрца. Людзі адчуваюць адносіны да іх. У мяне няма дакладных часоў прыёму наведвальнікаў, працоўны кабінет адкрыты заўжды. Да мяне звяртаюцца з рознымі пытаннямі. Разам вырашаем іх праблемы. Не памятаю, каб хто з гаспадаркі прасіў дапамогі ў вышэйшых інстанцыях. Усё можна на месцы вырашыць. Па ініцыятыве жыхароў аграгарадка загарэліся будаўніцтвам праваслаўнай царквы. За сродкі гаспадаркі і ахвяраванні прыха­джан завяршылі будоўлю, восенню архіепіскап Гомельскі і Жлобінскі Стэфан асвяціў храм Казанскай Іконы Божай Маці. Упрыгожыў ён аграгарадок Мічурынская.

— Знаходзіцца час бываць у храме?

— На жаль, не заўжды. Жыву ў Гомелі. Калі жонка Марыя Аляксееўна была жывая, разам у выхадныя наведвалі богаслужэнні ў гарадскім храме. Канешне, ганаруся, што ў нашым аграгарадку ён ёсць, але больш значна мець храм у душы. Самае галоўнае ў жыцці — духоўнае багацце, сям'я. 

Успамін пра асабістае ўсхваляваў Аркадзія Тарасавіча: дрыжачыя рукі і змакрэлыя вочы выдалі яго ўзрушанасць. Два гады таму не стала жонкі Марыі Аляксееўны, амаль шэсцьдзясят гадоў пражылі яны разам. Іх знаёмства, пэўна, было наканавана лёсам. У далёкія 60-я гады мінулага стагоддзя Аркадзія Кобрусева выбралі сакратаром Уваравіцкага райкама камсамола. На матацыкле калясіў па вёсках. Пасля сельскага камсамольскага сходу вяртаўся ў райцэнтр. На перакрыжаванні нечакана на бальшак выскачыў грузавік (потым высветлілася, што ў яго сапсаваліся тармазы). У момант збіты машынай камсамольскі важак з матацыклам апынуўся ў кювеце. Хапіла цярпення, каб туга перавязаць рэменем глыбока параненую нагу. Спачатку раённыя ўрачы змагаліся за яго жыццё. Потым была абласная бальніца, складаная аперацыя. Хірургу асісціравала маладая медсястра Марыя. І пасля аперацыі дзяўчына падтрымлівала яго. Кожны яе прыход у палату надаваў настрою. Сястрой міласэрнасці Марыя была для ўсіх пацыентаў, а для Аркадзія стала адзінай і любімай. Потым яго нагу ратавалі ў бальніцах Кіева і Масквы. Цудоўны маскоўскі хірург Атар Гудашвілі зрабіў немагчымае: на сваіх нагах вярнуўся ў родныя мясціны Аркадзій Кобрусеў. А ў сэрцы пасялілася гомельская медсястра Марыя. Іх знаёмства завяршылася жаніцьбай. Здавалася б, такога выпрабавання, якое ён перанёс, хапіла б на ўсё жыццё. Але бяда зноў падкралася.. Хвароба, бальніца, трое сутак без сну, ніякіх спадзяванняў на выздараўленне. Марыя Аляксееўна прыйшла з дзецьмі, каб паспець развітацца. Пасля сустрэчы змораны заснуў і ўбачыў у сне вялізную трубу і сябе ў палёце. Ніякай хваробы не адчуваў. Мімаволі інтуітыўна вырваўся з гэтага стану — і настала палягчэнне… 

Усё гэта раней чуў ад Аркадзія Тарасавіча. Не ўтрымаўся і прыгадаў пачутае: у жыцці кахаем толькі раз, а потым шукаем падобных.

— Гэта быццам пра мяне, — падхапіў суразмоўца. — Балюча адчуваю страту жонкі, падтрымліваюць дзеці. Сын Аляксандр — генерал-маёр міліцыі ў адстаўцы, працуе ў банку. Дачка Ларыса — урач трэцяй гомельскай гарбальніцы. Радуюся іх поспехам. У мяне трое ўнукаў і адзін праўнук Мацвейка. Дзяцей мы з жонкай выхоўвалі строга, так і да ўнукаў стаўлюся. Расказваю ім, як рос у сялянскай сям'і. Бацька мой Тарас Сцяпанавіч вярнуўся з фронту і да выхаду на заслужаны адпачынак працаваў механізатарам. За старанне атрымаў званне заслужанага работніка сельскай гаспадаркі. У пасляваенныя гады мы з ім сваімі рукамі муравалі дом у гомельскай вёсцы Новая Гусевіца. Як не стала бацькоў, у доме жыла сястра. Цяпер гаспадарыць цудоўны чалавек, часам заязджаю да яго. Прыемна, што не згасае там святло. 

— Напэўна, з любові да родных мясцін, працы, што даручана табе, і пачынаецца патрыятызм?

— Такое пачуццё ў кожнага вартага грамадзяніна, і яго трэба выхоўваць з маленства. Каб не было так, што толькі на словах ён патрыёт. Выхаванне любові да Радзімы зараз актуальна сярод моладзі.
У Год гістарычнай памяці праводзілі грамадска-палітычныя мерапрыемствы з удзелам пад­растаючага пакалення. Плануем адкрыць гістарычны музей. Сабрана шмат унікальных дакументаў і экспанатаў. Нашы даяркі Булько, Янкоўская, Удавенка, Шутава, Зубкова і Дзеравяшкіна ў першыя дні вайны да прыходу акупантаў вызваліся перагнаць калгасны статак у далёкую Саратаўскую вобласць і паспяхова з гэтым справіліся. А пасля вызвалення Гомельшчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў вярнулі кароў дамоў. Вось вам сапраўдны патрыятызм! 
Пад кіраўніцтвам мясцовага Васіля Канстанцінавіча Акуліча змагаліся з акупантамі Герасім Пінчук, Іван Уткін, Ганна Дзякава, Раіса Мільто. На тэрыторыі гаспадаркі дзейнічала падпольная камсамольская група, узначальваў яе Міхаіл Цыганкоў. Маладыя змагары здабывалі і перадавалі народным мсціўцам боепрыпасы, выводзілі з горада дзясяткі людзей, якім удалося вырвацца з палону, распаўсюджвалі сярод насельніцтва лістоўкі. Больш за сотню брылёўцаў змагаліся з ворагам на франтах. Імёны іх будуць ушанаваны ў нашым гістарычным музеі, для экспазіцыі падрыхтавана спецыяльнае памяшканне. 

— Аркадзій Тарасавіч, за дзесяцігоддзі вашага кіраўніцтва калектывам змянілася некалькі пакаленняў. Адданасць справе адзначана найвышэйшай дзяржаўнай узнагародай — медалём «Залатая Зорка». Вы заслужаны работнік сельскай гаспадаркі. Пэўна, у калектыве ёсць кім ганарыцца?

— Старанныя працаўнікі ў нас на розных участках вытворчасці. Гэта і агароднікі Валянціна Маляўка, Ларыса Рабцава, Алена Семянчук, даяркі Галіна Ермакова, Ганна Рогава, Наталля Кучынская, і механізатары Генадзь Быкаў, Мікалай Кобаў, і вадзіцелі пагрузчыкаў Таццяна Паўлючкова, Галіна Падалягіна, а таксама слесар Аляксандр Новік, рабочая кансервавага цэха Раіса Сцепанідзенка, варшчык кансервавага завода Алена Лізунова, начальнік цяплічнага камбіната Антаніна Калінічэнка, галоўны заатэхнік Вячаслаў Струк і многія іншыя. Кожным з іх можна паасобку ганарыцца.

— А для кіраўніка ці ёсць мяжа для ўдасканалення?

— У кожнага чалавека па-свойму. Гады працы надаюць вопыту, умення. Што датычыцца мяне, я пастаянна апантаны новымі ідэямі і планамі іх здзейсніць. Усё гэта акумуліруецца ў асабісты багаж. На роднай Гомельшчыне ёсць на каго раўняцца. У першы дзень 2023-га буду віншаваць з 90-годдзем Рыгора Купрыянавіча Шпакава, старшыню рэчыцкай гаспадаркі «50 год Кастрычніка», свайго калегу, даўняга сябра. Яго ўменню гаспадарыць на зямлі многім варта павучыцца, ён сапраўдная легенда старшынёўскага корпуса нашай краіны. 

— У вас багаты практычны вопыт. Што параіце маладым кіраўнікам, якія пачынаюць працоўную дзейнасць?

— Складана раіць усім. Абставіны мяняюцца і, калі малады чалавек заступае на кіруючую пасаду, трэба час, каб высветліць, чаго яму не хапае. Кіраўніку ў першую чаргу неабходна сабраць вакол сябе аднадумцаў. Але самае галоўнае — быць адданым даручанай справе і не пасаваць, калі што не атрымліваецца.

— А як звычайна паступаеце, трапіўшы ў такую сітуацыю?

— Імкнуся ўсё прадугле­дзець, каб яна не стваралася. Перад тым як рэалізаваць задуманае, грунтоўна абмяркоўваю дэталі са спецыялістамі, раюся з імі, высвятляю тонкасці. Потым усім калектывам прыступаем да ўвасаблення ідэі, і такая практыка сябе апраўдвае. 

— Ці былі ў жыцці моманты, за якія сорамна і зараз?

— Шчыра кажучы, не магу прыгадаць такога. Не памятаю, каб кагосьці пакрыўдзіў нядобрым словам ці ўчынкам. За правіла трымаю для сябе, што кіраўнік павінен да падначаленых адносіцца роўна і справядліва. Як кажуць, не рабі дрэннае, каб потым за гэта не прасіць прабачэння. Жыццёвы вопыт сведчыць: сапраўдная велічнасць чалавека ў валоданні сабою.

— Аркадзій Тарасавіч, ведаю, вы даўні чытач і герой матэрыялаў нашай газеты. Што пажадаеце калектыву рэдакцыі і паклоннікам «СГ»?

— Для мяне, як хлебароба, самае значнае пажаданне тым, хто працуе на палях і фермах, каб год выдаўся спрыяльным. Народныя прыкметы прадказваюць спякотнае лета, што трывожыць і прымушае загадзя рыхтавацца да арганізацыі паліву. Мяне, як і любога грамадзяніна, непакоіць сітуацыя вакол краіны. Перажываю за падзеі ва Украіне. Мы, славяне, жылі ў адной вялікай краіне, сябравалі, абменьваліся візітамі, дзяліліся вопытам. Нашы самадзейныя артысты выязджалі з канцэртамі, і мы шчыра прымалі гасцей. Кажуць, у навагоднюю ноч наступаючага года Чорнага Вадзянога Труса, ці Зайца, трэба жаданне загадваць, трымаючы ў руках моркву. На нашым агародзе вырасла яе ўдосталь, у магазінах яе хапае. Набывайце не толькі моркву, а і іншую гародніну, багатую на вітаміны, і будзьце здаровымі! 

subbat50@mail.ru

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter