Музей Коласа празднует 60-летний юбилей

Два Мiцкевiчы ў Доме Коласа

Сёння ў Дзяржаўным лiтаратурна‑мемарыяльным музеi Якуба Коласа збярэцца шмат гасцей. Прайшло 60 год з моманту адкрыцця першай экспазiцыi. Ва ўрачыстасцях прымаюць удзел былыя дырэктары ўстановы, а таксама сваякi Канстанцiна Мiхайлавiча Мiцкевiча, ягоная праўнучка Васiлiна стане весцi вечарыну. Да важнай даты падрыхтаваныя навiнкi.

У.Лiхадзедаў.

Галоўная — выстава «Песняры зямлi беларускай. Мiцкевiчы: ад Адама да Канстанцiна», зробленая сумесна з вядомым калекцыянерам i пастаянным аўтарам нашай газеты Уладзiмiрам Лiхадзедавым. Ёсць i яшчэ адна падстава святкавання — 105‑годдзе першага дырэктара музея старэйшага сына Якуба Коласа Данiлы Канстанцiнавiча, пра што — асобная экспазiцыя. На юбiлей музей атрымаў цудоўны падарунак — сяброўскія шаржы і хрэстаматыйныя графічныя вобразы Якуба Коласа супрацоўнiка «СБ. Беларусь сегодня» мастака Алега Карповiча. Адрэстаўрыраваны да юбiлею раяль у гасцёўнi Коласа — на iм выканаюць акампанемент да песнi «Мой родны кут».

Мы папрасiлi сённяшняга дырэктара музея Аляксандра Храмога вылучыць пяць самых незвычайных экспанатаў музея.

Фiльм Юрыя Тарыча

— Менавiта ў нашым музеi можна паглядзець унiкальны дакументальны фiльм Юрыя Тарыча «Народны паэт», — расказвае Аляксандр Васiльевiч. — Фiльм шэсцьдзясят год таму быў падораны песняру на 70‑годдзе ад «Беларусьфiльма» i дзякуючы гэтаму захаваўся. У iм можна пабачыць паэта такiм, якiм бачыў яго сам Юрый Тарыч.



Фiльм унiкальны, ва ўсiх пазнейшых стужках пра класiка выкарыстоўваюцца кадры з яго.

Фотаздымак Якуба Коласа

Аляксандр Храмы паказвае нам эксклюзiў — невядомы здымак Якуба Коласа, якi дагэтуль нiколi не друкаваўся. Пясняр стаiць, заклаўшы рукi за спiну, у касцюме, але чамусьцi без вусоў.

А.Храмы.

Гэта здымак з прыватнай калекцыi Уладзiмiра Лiхадзедава, перададзены ў фонд музея. Над атрыбуцыяй мы яшчэ працуем, спрабуем вызначыць час i месца.

Крэсла Якуба Коласа

А вось мы ў сакральным месцы — кабiнеце песняра. Менавiта тут класiк сустрэў свае апошнiя хвiлiны. Ён памёр за гэтым пiсьмовым сталом, седзячы ў гэтым крэсле. На стале — копiя апошняга лiста, а вось пяро — сапраўднае. Яго трымаў у руках паэт. Кожная рэч у гэтым невялiкiм пакойчыку мае велiзарную каштоўнаць.


«Родныя з’явы»

Мне прапануюць звярнуць увагу на два прыжыццёвыя выданнi Якуба Коласа. Гэта «Новая зямля» ў афармленнi фiнскага мастака Ахола‑Вало i кнiга «Родныя з’явы», першы празаiчны зборнiк Якуба Коласа. У «Родных з’яў» сёлета юбiлей — 105 год, кнiга — равеснiца старэйшага сына аўтара. Зборнiк, падпiсаны псеўданiмам Тарас Гушча, выдадзены пры падтрымцы мецэнаткi Магдалены Радзiвiл.

А якi ж экспанат з’яўляецца самым адметным у экспазiцыi пра двух Мiцкевiчаў? Яе стваральнiк Уладзiмiр Лiхадзедаў задумваецца:

— Тут шмат унiкальных паштовак. Iлюстрацыi да твораў Адама Мiцкевiча, якiя мог бачыць Якуб Колас. Паштоўкi, якiя прадстаўляюць мясцiны, звязаныя з жыццём Коласа, напрыклад, Нясвiжскую настаўнiцкую семiнарыю. Колас займаўся лёсам полацкага паэта Янкi Журбы, гэтак жа, як i мой дзед, якi ўзначальваў Полацкi гiсторыка‑культурны запаведнiк. Падчас адной з сустрэч Колас падарыў ручкi — адну Журбе, другую майму дзеду, вы зможаце iх пабачыць. Уражвае серыя нямецкiх паштовак, на якiх адлюстравана руйнаванне фашыстамi помнiка Адаму Мiцкевiчу ў Кракаве. Галоўная мэта выставы — нагадаць, што Беларусь з’яўляецца радзiмай двух Мiцкевiчаў: Адама Мiцкевiча i Якуба Коласа. Я веру, што калi‑небудзь знойдуць доказы сваяцкiх сувязяў гэтых генiяў.


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter