![Кветкі да помніка Янку Купалу ў Вязынцы](/voice/data/upimages/2009/_--0026-01-01.jpg)
Водар сена… Вытанчаны і ў той жа час — такі зямны і родны! Мінская электрычка, гукнуўшы, рушыла далей, на Маладзечна. А шматлікіх гасцей Купалаўскага свята паэзіі, песні і народных рамёстваў, якія высыпалі з вагонаў, адразу ж, на пероне прыпынку “Вязынка”, забіраюць у салодкі палон пахі маленства, водары Купалля. Так здорава, прыкмячаю: траву пры чыгунцы падкасілі напярэдадні. І самадзейныя артысты ў нацыянальных строях вітаюць песняй гасцей пры дарожцы, што вядзе да Купалавай хаты. Мой спадарожнік, сын Уладзімір, з асалодай удыхаючы на поўныя грудзі вязынкаўскі цудадзейны дух, згадвае, як некалі тут непадалёк мы былі ўсю ноч на Купаллі…
![Адна з удзельніц свята](/voice/data/upimages/2009/_--0026-01-02.jpg)
Вельмі цесна тут і ў рэальнасці, і, як цяпер гавораць, у віртуальнасці перапляліся розныя пласты часоў, культур, падзей… Пакланіцца Купалавай калысцы штогод прыязджаюць у гэты маляўнічы куток тысячы лю-дзей з Беларусі і замежжа. Такіх розных! Значыць, ён і па сёння для іх — цікавы субяседнік, дарадца. А ў Вязынцы — ягоны пачатак. Хочацца наблізіцца да таямніцы таленту? Так, будучы Пясняр пабачыў свет 7 ліпеня 1882 года, у Іванаў дзень па народным календары. Таму, вядома, і назвалі яго Яськам, Янкам. І варта згадаць у дзень нара-джэння Купалы добрым словам ягоных бацькоў — шляхцян па духу, ды ўжо на той час не па сацыяльным статусе Дамініка і Бянігну-Багумілу Луцэвічаў. Пэўна, як нарадзіла Янку маці, гэтаксама пахла наваколле купальскімі кветкамі, сенам, ліпавым цветам… Старыя ліпы, дарэчы, і сёння ўпрыгожваюць Вязынку, бароняць гасцей ад спякоты. Хлопчыку Яську наканавана было стварыць неацэнны духоўны скарб нацыі, а самому стаць яе гонарам, высокай вяршыняй на культурнай прасторы.
![У Купалаўскай Вязынцы з натхненнем святкавалі юбілей Песняра](/voice/data/upimages/2009/_--0026-01-04.jpg)
Тут, на зямлі Купалы, хочацца думаць пра высокае, гаварыць вершамі. “Я буду маліцца і сэрцам, і думамі,/ Распетаю буду маліцца душой,/ Каб чорныя долі з мяцеліцаў шумамі/ Ўжо больш не шалелі над роднай зямлёй…” Гэтымі словамі з “Малітвы” Янкі Купалы, якая стала шырока вядомай песняй дзякуючы кампазітару Алегу Моўчану і знакамітаму мулявінскаму ансамблю “Песняры”, пачаў выступленне на галоўнай сцэне свята міністр культуры Павел Латушка. Як для рускіх Пушкін, для англічан — Шэкспір, для ўкраінцаў — Шаўчэнка, так і для беларусаў Купала стаў нацыянальным геніем. Да таго ж ён і светач сусветнай культуры. “Калі б мы сёння стваралі пантэон нацыянальнай славы постацяў, якіх варта ўзнесці на Алімп, то я перакананы: Купала заняў бы там найвышэйшае месца,” — лічыць Павел Латушка.
Творы Песняра дапамагаюць духоўнаму росту кожнага, хто ў іх паглыбляецца. Мы можам ганарыцца, што ў народзе нашым ёсць такі творца. Глыбока сімвалічна, што менавіта ў свяшчэнную для беларусаў Купальскую пару нарадзіўся паэт — быццам сам Усявышні даў нам магутны імпульс натхнення, станоўчай энергетыкі ў ягонай асобе. Гэты высокі зарад творчасці, разважаў далей міністр культуры, Янка Купала пранёс у сабе праз усё жыццё. І ён збярогся, той магутны духоўны ток, па гэты час. Купала пражыў з намі ўжо 130 гадоў — і будзе жыць у стагоддзях, пакуль жывы сам народ беларускі.
![Масако Тацумі пераклала вершы Янкі Купалы на японскую мову](/voice/data/upimages/2009/_--0026-01-03.jpg)
На радзіму Песняра завіталі, радавалі спевамі, музыкай, танцамі многія творчыя калектывы. Сярод іх — і цэлы Дзяржаўны акадэмічны народны хор імя Генадзя Цітовіча. А на меншай сцэнічнай пляцоўцы, непадалёк ад Купалавай хаты, выступалі гурты, беларускія паэты, на творчасць якіх, як вобразна сказаў адзін з іх, пралілося жыццядайнае святло са шчодрых купалаўскіх крыніц. Гучалі вершы Янкі Купалы з розных вуснаў, у тым ліку і ў перакладах на розныя мовы. Нават на японскай. Уласныя пераклады твораў “А хто там ідзе?” і “Спадчына” чытала, напрыклад, Масака Тацумі, для якой купалаўская Беларусь стала другой радзімай па жыцці.
Іван Ждановіч
Подпісы да здымкаў:
Кветкі да помніка Янку Купалу ў Вязынцы
Юная ўдзельніца Купалаўскага свята
У Вязынцы з натхненнем святкавалі юбілей Песняра
Масако Тацумі пераклала вершы Янкі Купалы на японскую мову