Биотехнологии в Беларуси успешно развиваются – доктор биологических наук, профессор ПолесГУ

Доктар біялагічных навук, прафесар Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта Віталь Нікандраў: «Калі нарэшце вучоны ўзбіраецца на вяршыню, то бачыць містыкаў, якія стаяць там вякамі»

Адна з самых маладых вышэйшых навучальных устаноў краіны — Палескі дзяржуніверсітэт: адкрыты ў 2006 годзе. З пяці факультэтаў у абітурыентаў вельмі запатрабаваны біятэхналагічны. Славіцца ён, як і сам ПалесДУ, прафесарска-выкладчыцкім саставам. Асаблівую цікавасць выклікаюць лекцыі прафесара, доктара біялагічных навук Віталя НІКАНДРАВА. Шлях яго ў навуку пачаўся ў Віцебскім ветэрынарным інстытуце. На Усесаюзнай канферэнцыі студэнтаў сельскагаспадарчых ВНУ яго эксперыментальная работа пра ўплыў солей ванадыю на біяхімічныя працэсы ў арганізме трусоў заняла другое месца. А навуковыя даследаванні двойчы (адзіны выпадак такога роду) адзначаліся медалямі Міністэрства адукацыі СССР «За лепшую студэнцкую навуковую работу». Як выдатнік вучобы, атрымаў накіраванне ў аспірантуру. Паспяхова скончыў яе і абараніў кандыдацкую дысертацыю, прысвечаную ўздзеянню ядахімікатаў на рэакцыю абмену ў жывёл. Навуковае даследаванне стала ў СССР базай дапушчальных канцэнтрацый такіх рэчываў у корме.

У няпоўныя трыццаць гадоў малады вучоны ўзначаліў лабараторыю прыкладной энзімалогіі НДІ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі Міністэрства аховы здароўя Беларусі. Там разам з калегамі распрацоўваў «Цэліазу», прызначаную для лячэння трамбозу ў чалавека. За дзевяць гадоў навукоўцы давялі справу да маштабнага выпуску ўнікальнага медпрэпарата. Такога поспеху не дасягнулі ні ў адной рэспубліцы былой вялікай краіны.

Вучоны падрыхтаваў і абараніў доктарскую дысертацыю і стаў працаваць у Інстытуце фізіялогіі Нацыянальнай акадэміі навук.

Яшчэ ў 1980-я ён прадказаў наяўнасць гістыдзінаспартатных пратэіназ. Толькі праз два дзесяцігоддзі яны былі выяўлены амерыканскімі даследчыкамі. У арсенале прафесара амаль шэсцьсот навуковых работ, больш за палову сотні вынаходніцтваў. Падрыхтаваў дзевяць кандыдатаў навук.

Віталь Мікалаевіч прымае актыўны ўдзел у дзейнасці навуковых і грамадскіх арганізацый краіны і замежжа. Ганаровы прафесар Беларускай дзяржакадэміі ветэрынарнай медыцыны, узнагароджаны нагрудным знакам «Вынаходнік СССР», дыпломам І ступені ВДНГ БССР, спецыяльнай прэміяй, медалямі і граматамі Нацыянальнай акадэміі навук, граматамі і дыпломамі Міністэрства аховы здароўя, Палескага дзяржуніверсітэта і Беларускага дзяржпедуніверсітэта імя Максіма Танка, грамадскіх арганізацый. У 2006 годзе за плённую навуковую дзейнасць удастоены Прэзідэнтам персанальнай надбаўкі.


У апошнія гады ў аграпрамысловым комплексе значна ўзрасла роля біятэхналогій, асабліва пасля ўвядзення ў эксплуатацыю створанай па ідэі і даручэнні Прэзідэнта Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай кампаніі. Спецыялістаў для новай галіны рыхтуюць Беларускі дзяржтэхналагічны, Гродзенскі дзяржаграрны і Палескі дзяржаўны ўніверсітэты. Амаль два дзесяцігоддзі таму студэнцкі гарадок упрыгожыў старажытны Пінск. Быццам магутны марскі лайнер, узвышаецца непадалёку ад ракі Прыпяці васьміпавярховы навучальны корпус. Сквер, які падступае да параднага ўвахода, яшчэ палае золатам лістоты. Ажыўлена ў вестыбюлі, паўдзясятка ліфтаў пульсуюць паміж паверхамі. Большасць аўдыторый і лабараторый размешчаны ў гэтым сапраўдным палацы навукі. Кафедры біятэхналагічнага факультэта на самым апошнім паверсе, з якога як на далоні відаць старыя муры цэнтральнай часткі горада. Утульны кабінет прафесара, доктара біялагічных навук Віталя Нікандрава нагадвае аранжарэю з экзатычнымі раслінамі. Сярод іх, быццам вартавы на пасту, стаіць стромкі кіпарыс.

— Для мяне ён асаблівы, — адрэагаваў на маё здзіўленне Віталь Мікалаевіч. — Кожнаму чалавеку па кельскім гараскопе адпавядае пэўнае дрэва. Даведаўся, што маё — кіпарыс. Ваду для паліву раслін адстойваю. У бутэльках сценкі пажаўцелі ад мікраарганізмаў. Яны аднолькавыя, як і водарасці вадаёмаў. Найбольш багатыя на такія расліны акіяны. Пераважна яны поўняць атма-сферу кіслародам. Насельніцтва зямнога шара рэзка расце, і ўсё больш востра паўстае праблема вытворчасці прадуктаў харчавання. Разводзіцца жывёла, і ўзрастае патрэбнасць у кармах для яе. ЗША, Мексіка, Паўднёва-Усходняя Азія надаюць увагу развядзенню водарасцей: з іх нарыхтоўваецца сухое рэчыва.

Два гады таму на факультэце адкрылі альганічную лабараторыю па вывучэнні водарасцей. Заняліся даследаваннем аднаклетачнай хларэлы, якой шмат у нашых рэках і азёрах. Пры хваробе легіянераў вучоныя раяць ужываць яе. Прадуцыруе антыбіётык, пабывала аднаклетачная расліна ў космасе. Студэнты і маладыя вучоныя ўніверсітэта вывучаюць такіх прадстаўнікоў флоры. Выпускнік Павел Красоўскі даследаваў некаторыя расліны ракі Піны. Пад маім кіраўніцтвам Ірына Ільючык падрыхтавала і паспяхова абараніла кандыдацкую дысертацыю, прысвечаную гэтай тэме. Мае навуковыя даследаванні больш тэарэтычнага накірунку.

— У нашай краіне біятэхналогія — навука маладая. А хто ў свеце лічыцца яе заснавальнікам?

— Венгерскі тэхнолаг-інжынер Карл Эрыкі, які вывучаў кармленне свіней цукровымі буракамі. У 1914-м вызначыў біятэхналогію, а праз тры гады ў берлінскім навуковым выданні абвясціў магчымасць атрымання прадукту з дапамогай жывых арганізмаў без сыравіны.
Біятэхналогія ў нашай краіне паспяхова развіваецца, ставіцца задача стварэння амінакіслот, прэміксаў, каб садзейнічаць імпартазамяшчэнню. Лабараторыі ўніверсітэта аснашчаны сучасным абсталяваннем, пры дапамозе якога студэнты спасцігаюць практычную дзейнасць біятэхнолага. Многія з іх паспяхова зарэкамендавалі сябе на прадпрыемствах Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі.
Яе дванаццаць заводаў выпускаюць незаменныя амінакіслоты для аграпрамысловага комплексу, прымяненне іх мае вялікую перспектыву.

— Вытворчасць такой прадукцыі садзейнічае адмаўленню ад імпарту амінакіслот. Сёння БНБК поўнасцю забяспечвае сельскагаспадарчую галіну імі. Задача ВНУ — падрыхтоўка высакаякасных спецыялістаў.

— З кожным годам пашыраецца набор студэнтаў на факультэт. Сёлета на першы курс залічылі амаль сотню юнакоў і дзяўчат з розных рэгіёнаў. Большасць выкладчыкаў і навуковых супрацоўнікаў факультэта маюць вучоныя званні. Распрацоўкі ў сферы біятэхналогій вядомыя ў Беларусі і за яе межамі.
Наш універсітэт ні ў якім разе не правінцыяльны: на навуковым узроўні вырашаюцца задачы ў маштабах краіны. Біяхімія бярэ пачатак з XVI стагоддзя. Прашу студэнтаў звярнуць увагу на такія фігуры Сярэднявечча і Адраджэння, як архіепіскап Альберт Бальштэцкі, якога называлі Альбертам Вялікім. Пакінуў пасля сябе 30 тамоў сачыненняў па батаніцы, мінералогіі, псіхалогіі, адкрыў мыш'як. Вучнем яго быў вядомы багаслоў Фама Аквінскі. Веды толькі даюць зразумець, як мала спасцігаем. 
Да кожнай лекцыі рыхтуюся з вялікай адказнасцю. Працоўную дзейнасць на біятэхналагічным факультэце пачаў у 2012 годзе. Пераехаў у Пінск. Потым выкладаў у Беларускім дзяржпедуніверсітэце імя Максіма Танка. У 2017-м вярнуўся на Палессе, чытаю лекцыі будучым біятэхнолагам. На нашай кафедры, якую ўзначальвае кандыдат сельгаснавук Алена Міхайлаўна Волкава, склаўся цудоўны калектыў аднадумцаў.

— Як пачаўся ваш шлях у навуку?

— У юнацтве ўсе летуценнікі. Маёй марай было працягнуць ваенную справу бацькі Мікалая Сіманавіча. Да Вялікай Айчыннай ён кіраваў штабам мотастралковага ўзвода танкавай дывізіі ў Гродне. У чэрвені 1941 года здаваў экзамены ў маскоўскай Ваеннай акадэміі імя М. В. Фрунзэ. Гэта і ўратавала яго жыццё, бо таварышы па службе прынялі першы ўдар гітлераўцаў і загінулі. Пасля вяртання з Масквы ўзначаліў штаб 159-й асобнай стралковай брыгады, што пазней была разгорнута ў стралковую дывізію, якая атрымала назву Таганрогская. З маёй маці Тамарай Рыгораўнай ён пазнаёміўся на фронце. Па скарочаным курсе яна скончыла Астраханскі медінстытут і павінна была зрабіць выбар: паехаць у Сярэднюю Азію на барацьбу з чумой ці адправіцца на фронт. Прыгадваючы гэта, адзначала, што прынамсі на фронце ворага можна бачыць у твар. Мела званне капітана медыцынскай службы, была ваенным хірургам-ардынатарам аперацыйна-перавязачнага ўзвода медсанбата. Не спалі суткамі. Калі хтосьці спыняў працу, то падаў як мёртвы і разбудзіць яго не было аніякай магчымасці. Маці адзначала, што жанчынам асабліва цяжка прыходзілася на вайне. Спадабалася начальніку штаба дывізіі маладая доктарка. Разам вызвалялі ад захопнікаў поўдзень Украіны, беларускія гарады. За вызваленне Баранавічаў бацькава дывізія адзначана ордэнам Леніна. Парадны кіцель яго ўпрыгожвалі тры ордэны Леніна, ордэны Чырвонага Сцяга, Кутузава, два — Багдана Хмяльніцкага, Айчыннай вайны, два — Чырвонай Зоркі і медалі за абарону Сталінграда, за ўзяцце Кёнігсберга, Берліна, за вызваленне Прагі. Маці адзначана ордэнамі Айчыннай вайны і Чырвонай Зоркі.

Перамогу над ворагам бацькі сустрэлі ў Празе, свой шлюб зарэгістравалі ў пасляваенны час. Родным горадам стала Ліда, дзе наша сям'я жыла нейкі час пасля Вялікай Айчыннай. Потым вандравалі па прасторах былой краіны. Мне было чатыры гады, калі пераехалі на Курыльскія астравы. Запомнілася прырода гэтага ўнікальнага куточка. Некаторы час жылі ў горадзе на граніцы з Кітаем. Калі тата паступіў у акадэмію Генеральнага штаба, перабраліся ў Маскву. Потым атабарыліся ў Віцебску, дзе я скончыў сярэднюю школу з сярэбраным медалём. Мара стаць ваенным не магла здзейсніцца з-за стану майго здароўя. Бацькі настройвалі паступаць у медінстытут. Конкурс сярод абітурыентаў быў высокі, але мне неабходна было здаць на выдатна адзін экзамен — і паступленне гарантавана. Каб паспяхова вытрымаць яго, займаўся ў рэпетытара. Жонка яго скончыла зоатэхнічны факультэт Віцебскага ветінстытута і шмат цікавага расказвала пра ўстанову. А потым прапанавала пабываць там. Экскурсія так захапіла мяне, што вырашыў падаць дакументы ў ветінстытут. Паспяхова здаў уступны экзамен, з першых дзён вучобы зацікавіўся кафедрай мікрабіялогіі. Дацэнт Барыс Сямёнавіч Сухарэцкі, даведаўшыся, што перад ім першакурснік, патлумачыў, што мікрабіялогію вывучаюць на трэцім курсе. Параіў пачытаць кнігу нобелеўскага лаўрэата Фрабішэра пра асновы мікрабіялогіі.

У першую сесію экзамены здаў на выдатна. Атрымаў запрашэнне на кафедру мікрабіялогіі, але не прыняў яго. Пэўна, лёсам было наканавана сустрэцца з загадчыкам кафедры біяхіміі прафесарам Феліксам Якаўлевічам Беранштэйнам. У той час Віцебскі ветінстытут быў адным з цэнтраў у СССР па вывучэнні мікраэлементаў. З другога курса да заканчэння вучобы займаўся навуковай працай на гэтай кафедры. Неаднаразова ўдзельнічаў у канферэнцыях, у асабістым архіве захоўваю першыя ўзнагароды за перамогу ў конкурсах студэнцкіх навуковых работ. Доктарскую дысертацыю абараняў у Маскоўскім універсітэце дружбы народаў. Дапамогі ні ад каго не чакаў, разлічваў толькі на сябе.

— Зараз ваш асноўны занятак — лекцыі для студэнтаў. Акрамя прафесійных ведаў, важна выхоўваць у іх пачуццё патрыятызму. Як ставіцеся да гэтага?

— Канешне, неабходна прывіваць любоў да Радзімы. Пры ўручэнні дыпломаў выпускнікам далі мне слова. Жыццё ў кожнага складваецца па-свойму, але, дзе б ты ні працаваў, Бацькаўшчыну трэба любіць, ведаць імёны вядомых усяму свету асоб, карані якіх на нашай зямлі. Давайце зазірнём у мінулае, пачынаючы з вялікага князя Альгерда, якому ў Віцебску стаіць помнік. Зямляк Ігнацій Дамейка стаў героем Чылі. А колькі нобелеўскіх лаўрэатаў маюць нашы карані! Прэміяй за адкрыццё пеніцыліну адзначаны англічане Флоры, Чэйн і Аляксандр Флемінг. Першым прымяніў пеніцылін Флоры, а хімік Чэйн выдзяліў яго ў ачышчаным выгля­дзе. Насамрэч прозвішча яго Хаін, ён унук магілёўскага краўца. Стрэптаміцын адкрыў Зельман Ваксман, продкі якога жылі на Гродзеншчыне. Першы і трэці прэзідэнты Ізраіля родам з нашых зямель. Давялося быць у Іерусаліме на Вялікую суботу 2009 года. Падышлі да Старога горада, дзе сабралася безліч паломнікаў з усяго свету. Афіцэр паліцыі па-руску папярэдзіў, што праходзіць беларуская група. З павагаю ачапленне нас прапусціла да святыні. У той час прэзідэнтам гэтай краіны быў наш зямляк з валожынскага мястэчка Вішнева.

— Вы верыце ў лёс?

— Канешне, усё прадвызначана, толькі пра гэта нам не дазволена ведаць. У маёй запісной кніжцы занатавана селесцінскае прароцтва, дзе ёсць радкі: лёс сапраўднага вучонага ў наш час смутны. Ён карабкаецца па схілах вяршынь ведаў і, калі ў канцы свайго жыцця ўзбіраецца на вяршыню, бачыць містыкаў, якія стаяць там вякамі. Вось і ўсё.

— Ці былі ў вас моманты расчаравання ў сваіх даследаваннях?

— Былі, калі столькі старання прыкладаў і дасягаў мэты, а потым ўсё станавілася непатрэбным. Калі вучыўся ў ветінстытуце, не любіў у біяхіміі нуклеінавыя кіслоты, тлушчы, ліпіды і пратэоліз. А так склалася, што шмат гадоў займаўся пратэолізам і маю поспех.

— Што значыць быць багатым?

— У свой час у маладога навукоўца спытаў: «Грошы — прыназоўнік ці назоўнік?» Той адказаў, што прыназоўнік. Назоўнікам становіцца тады, калі ёсць вялікія грошы. Пачынаюць яны чалавекам кіраваць. Сваё шчасце бачу ў навуцы.

— Завяршаецца Год міру і стварэння, які перадасць эстафету Году якасці. Чаго вы ад яго чакаеце?

— Вядомы гумарыст Аркадзь Райкін казаў: «Мне плацяць за колькасць, а хто будзе плаціць за якасць?» Хочацца, каб будучы год прынёс якасны мір чалавецтву. Навокал трывожна, таму баліць душа. Важна трымаць спакой на планеце, каб не спасцігалі нас эпідэміі. Галоўны дзяржаўны санітарны ўрач СССР акадэмік Пётр Бургасаў адзначаў, што воспай у нас насельніцтва не вакцынавана з 1979 года. Самая страшная зброя — заразіць хваробай.

— Якое будучае ў біятэхналогіі?

— За ёю будучае. Але не трэба глыбока лезці ў атам, электрамагнітныя рэчы. Мы пад электрамагнітным каўпаком, які надта ўплывае на нас. Дзейнасць чалавека ўсё больш забруджвае планету. У Японіі, Індыі, Кітаі варта вучыцца культуры жыцця. Там атрымліваюць метан з розных адходаў чалавечай дзейнасці і выкарыстоўваюць у гаспадарчых мэтах. Гэты вопыт трэба прапагандаваць. Можна блакіраваць парніковы эфект, які ўсё больш праяўляецца. Адчуваюцца негатыўныя з'явы. У Берынгавым моры загінула 10 мільярдаў крабаў толькі з-за таго, што тэмпература вады павысілася на некалькі градусаў. Марскія жыхары сталі больш актыўнымі, а харчавацца няма чым. Найбольшае прызначэнне біятэхналогіі — атрымліваць біягаз і не выпускаць яго ў паветра. Важна захаваць планету для нашчадкаў.


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter