Общественный совет по нравственности прошел в расширенном формате в Минске

Добры плён па выхаванні

Амаль год прайшоў з моманту аднаўлення работы савета па маральнасці, створанага ў 2009‑м і на пэўны час, у сілу розных абставін, прыпыніўшага сваю дзейнасць. Прагрэс нястомна рухаецца наперад, значна мяняюцца жыццёвыя прыярытэты. Нязменнай застаецца задача савета. Гэта захаванне традыцыйных духоўна-маральных каштоўнасцей, якія дазваляюць асобе развівацца і фізічна, і духоўна.


Работу пасяджэння ўзначалілі сустаршыні Грамадскага савета па маральнасці — мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі і старшыня грамадскага аб'яднання «Саюз пісьменнікаў Беларусі» Аляксандр Карлюкевіч. У склад абноўленай рады ўвайшлі прадстаўнікі дзяржаўных органаў, творчай інтэлігенцыі, культуры, навукі, адукацыі, рэлігійныя і грамадскія дзеячы, лідары грамадскай думкі.

Вынікі работы савета, у складзе якога зараз працуе 60 чалавек, ужо прынеслі плён. Аб гэтым сведчыць шэраг абмеркаваных пытанняў, прапанаваных праектаў і вырашаных задач.

Так, адгукнулася канкрэтнымі прапановамі і дзеяннямі ўзнятае на савеце пытанне аб брыдкаслоўі. Напрыклад, было прапанавана правесці круглы стол «Тэатр і мова сцэны як элемент духоўна-маральнага выхавання гледача». Беларускі саюз жанчын у 2025 годзе рэалізуе праект «Універсітэт ЗА культуру мовы» на базе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Плануюць далучыцца і тэрытарыяльныя падраздзяленні БСЖ.

У полі зроку Грамадскага савета па маральнасці — квадроберы, як навейшая з'ява ў моладзевым асяродку. Па выніках абмеркавання гэтай праблемы сакратарыятам будзе распрацаваны дакумент з прапановамі, накіраванымі ў розныя дзяржаўныя ўстановы краіны.

Члены савета таксама актыўна выказваліся на тэмы азартных гульняў, энергетычных напояў, размяшчэння тавараў ля касавых зон у крамах, правіл паводзін вучняў у школе.

Грамадскі савет па маральнасці аб'явіў адкрыты літаратурны конкурс імя асветніка Кірылы Тураўскага і зацвердзіў палажэнне аб ганаровай грамаце за заслугі па захаванні і ўмацаванні духоўна-маральных каштоўнасцей беларускага народа.

rovdo@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter