![](/upload/iblock/e46/e461199d834ef650b7e0832b47a0e099.jpg)
Задумайцеся, колькі пластыкавых пакетаў вы цягнеце з крам. Лічбы ўражваюць: калі браць усё насельніцтва свету, то атрымаецца некалькі трыльёнаў штук у дзень! Пластык надзвычай даўгавечны матэрыял, ён расшчапляецца стагоддзямі — адсюль жудасныя экалагічныя праблемы наваколля. Вядомая мудрасць: хочаш змяніць свет — пачні з сябе. Крок першы — хадзіць у краму са сваёй торбачкай. Сёння альтэрнатыва шапаткім і непрыгожым пакетам — модныя тэкстыльныя аксесуары. Маленькія торбы прыносяць вялікую карысць наваколлю. Дарэчы, няхітрая арыфметыка паказвае: 1 торбачка можа замяніць ад 300 да 700 пакетаў у год! Эканомія відавочная. Майстар Юлія Дарвін, удзельнік майстэрні ручных вырабаў, распавядае, як пашыць модны і карысны аксесуар.
Нам спатрэбяцца: 2 адрэзы тканіны даўжынёй 40 см (пры стандартнай шырыні 150 см), нажніцы, ніткі, гузік, тасёмка, кравецкія іголкі.
![](/upload/iblock/9fe/9fe9287fbfcecdf0bd66f6b7667ff777.jpg)
Тканіна для экаторбы павінна быць зносаўстойлівая з натуральных валокнаў. Выдатна падыдзе лён. Вырабы з гэтага матэрыялу прыемныя навобмацак, іх лёгка мыць як рукамі, так і ў пральнай машыне. Колер падбіраем пад настрой і асабістыя пажаданні. Мы спыніліся на дуэце шэрага і чырвонага. Асаблівасць нашай мадэлі ў тым, што яна будзе двухбаковая. Торба хуценька зайграе новым колерам пад ваш вобраз і настрой. Ніткі купляем у тон тканіне. Торбу можна будзе скласці акуратным прамавугольнікам і зашпіліць на гузік: так яна зойме мінімум месца ў сумцы.
Крок 1. Вызначаемся з памерамі экаторбы. Для зручнасці бяром ліст паперы ў клетку, адмяраем адпаведныя кавалкі і прышпіляем іх іголкамі да тканіны. Шырыня торбы — 33 см, даўжыня — 37 см. Каб наш аксесуар не матляўся, не перашкаджаў руху і ў той жа час не звальваўся з пляча, зробім аптымальную даўжыню ручак — 4х29 см. Для ўпрыгожвання, а таксама дзеля таго, каб пакласці ў экаторбу розную дробязь, прымацоўваем кішэню. Яе памеры будуць 14х23 см. І не забывайцеся пакідаць пару сантыметраў на прыпуск. Дэталі выразаны? Прыступаем да наступнага этапу.
![](/upload/iblock/e31/e31aa27dab0f669ec09569c3288d79aa.jpg)
Крок 2. Ствараем ручкі. Машынным радком праходзімся ўздоўж аднаго доўгага боку. Кавалак тканіны разгортваем, загінаем каля сантыметра ад краю ўнутр і прасуем. Лён даволі паслухмяны матэрыял, таму праблем тут узнікнуць не павінна. Складаем абрэз разам і прашываем па краі. Пасля прыстрочваем ручкі некалькімі радкамі да асновы. Не сумнявайцеся, яны будуць вельмі надзейныя, вытрымваюць нават пузаты кавун.
![](/upload/iblock/f12/f121ee9e16cab499e5596be13a6eed4a.jpg)
Крок 3. Акуратна замінаем пальцамі сантыметр з усіх бакоў на кавалку-прамавугольніку для кішэні. Прыкладаем яго на сярэдзіну асноўнай тканіны і прастрочваем. На вугалках замацоўваем. Звяртайце ўвагу на ніткі ў машынцы. Торба двухбаковая, таму мяняем шпулькі пад колер тканіны. Унізе кішэні прышываем пяцельку з тасьмы. За яе будзем чапляць гузік.
![](/upload/iblock/2f4/2f485653ae59c03cf106edaaf6b4e1ff.jpg)
Крок 4. Складаем палоскі тканіны і падносім іх пад іголку машынкі. Старанна разгладжваем “маршчыны” на торбачцы прасам. Унізе пакідаем адтуліну прыкладна 10 см. Праз яе выварочваем торбу. Пасля “дзірку” акуратна зашываем рукамі патаемным швом.
![](/upload/iblock/794/79469b8fd831de817a8a9ccad46f94f2.jpg)
Крок 5. Фінальны акорд — прымацаванне ўверсе кішэні гузіка. Калі мы скруцім экаторбачку, яна будзе падобна на невялічкі кашалёк. Галоўнае, кампактны і зручны аксесуар не зойме шмат месца ў сумцы і будзе заўжды пад рукой. Дарэчы, з кавалкаў, што засталіся, можна зрабіць разнастайныя аплікацыі, упрыгожванні, дадатковую кішэню з іншага боку ці кашалёк для дробязяў і манет. Падключайце фантазію!
![](/upload/iblock/909/909762ce667093b55ba3a0174bbeb303.jpg)
Падсумуем
![](/upload/iblock/188/188bc42b247f01c9fffd15d0d535ac74.jpg)
• На стварэнне экаторбы ў сярэднім трэба 4 гадзіны.
• На два кавалкі лёну, гузік і дзве шпулькі нітак пайшло 15 рублёў.
Экаторбу можна браць
• У краму за прадуктамі.
• На пляж.
• У трэнажорную залу, на танцы.
• На шпацыр.
ПАРАДЫ
Як зберагчы прадукты даўжэй і захаваць свае грошы
Нярэдка, паддаўшыся на маркетынгавыя хітрыкі, мы выходзім з крамы з поўнымі кошыкамі прадуктаў. Нібыта не збіраўся браць тую каўбасу, але ж акцыі, скідкі, як не скарыстацца?
Дома, забіўшы даверху халадзільнік, забудземся на нешта, а пасля выкідаем сапсаваную ежу ў сметніцу. Марнатраўства! Зусім няцяжка прыняць меры, каб звесці такія сітуацыі да мінімуму і зэканоміць лішнюю капейку.
• Не купляйце больш, чым трэба. Бярыце роўна столькі прадуктаў, колькі вы зможаце выкарыстаць у пэўным рэцэпце або спажыць да заканчэння тэрміну захоўвання.
• Садавіну і гародніну захоўвайце не ў звычайных, а ў папяровых пакетах. Дарэчы, калі набываеце арэхі, печыва, цукеркі, не цягніцеся за поліэтыленавым пакетам, а лепш загадзя вазьміце с сабой невялічкі мяшочак з тканіны.
• Правільна выкарыстоўвайце секцыі ў халадзільніку, прызначаныя для розных прадуктаў. Аддзелы маюць свой тэмпературны рэжым і цыркуляцыю паветра (уверсе самая цёплая зона, унізе — самая халодная).
• Не захоўвайце прадукты, якія хутка псуюцца (напрыклад, сыр, масла), у дзвярах халадзільніка — гэта самае цёплае месца.
• Не застаўляйце ўшчыльную паліцы халадзільніка: з-за гэтага парушаецца цыркуляцыя паветра, што вядзе да скокаў тэмпературы і псавання прадуктаў.
infong@sb.by