Мінулі часы, калі ў кожнай хаце ткалі і штодзённа карысталіся рукатворнымі вырабамі. Ручнікі, напрыклад, яшчэ можна прыкмеціць ля абразоў, якія па традыцыі размяшчаюць у чырвоным куце. І гэта ледзь не адзіны спосаб іх ужывання. Але жыццё ручніка і іншых прадметаў быту нашых продкаў можна падоўжыць, чым і займаюцца ў музейным пакоі Шчучынскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Майстрыхі не толькі захоўваюць старажытныя традыцыі, праводзяць майстар-класы па ткацтве, саломапляценні, але і распаўсюджваюць свае ўменні за межамі роднага краю.
![](/upload/iblock/562/nd89s70lildpgxw2572i0duq971dz0dg.jpg)
— Адкрылі музейны пакой «Шчучынскія рамёствы» амаль шэсць гадоў таму, — расказвае метадыст Шчучынскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Таццяна Лебядзевіч. — Дагэтуль дзейнічала выставачная зала. Асноўны напрамак — захаванне рамёстваў і промыслаў, якія знаходзяцца на мяжы знікнення. Робім усё для таго, каб спрыяць іх адраджэнню, развіццю, а таксама росту цікаўнасці да культуры і народнай творчасці.
Асаблівы гонар музейнага пакоя — унікальная калекцыя прадметаў ужытку нашых продкаў, якая беражліва і з любоўю збіралася на працягу многіх гадоў. Экспазіцыя папаўняецца новымі экспанатамі: супрацоўнікі выязджаюць у розныя куточкі Шчучыншчыны для збору артэфактаў. Падчас апошняга знайшлі ручнікі, выкананыя ў тэхніцы белаўзорыстага ткацтва, якая пару гадоў таму атрымала статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі.
Дарэчы, нядаўна калектыў аддзела народнай творчасці прадстаўляў калекцыю ў Гродне на выставе «Нам засталася спадчына», прымаў удзел у маштабным рэспубліканскім праекце «Культурная спадчына Беларусі». Згодна з задумай, вышывальшчыцы з усёй краіны пераносілі элементы нематэрыяльнай і матэрыяльнай спадчыны свайго рэгіёна на вялікае палатно, каб потым аб’яднаць яго ў карту нашай рэспублікі. Урачыста прэзентавалі на сёлетні Дзень Незалежнасці.
Заводзім размову з майстрам па саломапляценні Вольгай Роліч. На нашых вачах яна з перапрацаванай саломы вырабляе мудрагелісты ўзор.
![](/upload/iblock/ea6/k5irezd5uuu3fjkbq0ma2zouiy9ef9xs.jpg)
— Пляту зубатку, — задавальняе маю цікаўнасць. — Потым з яе раблю шляпы, сумкі. Ёсць яшчэ рагожка. Адрозніваецца схема пляцення тым, што на першую патрэбна чатыры саломінкі, а на другую — пяць. Звычайна сшываю ніткай па заломах саломы, таму швоў нават не бачна. Можна і лёскай, але не ўсе рэчы: напрыклад, на капелюшы вусікі ад яе будуць калоць галаву.
За тыдзень, без уліку часу на нарыхтоўку саломы, можна сплесці капялюш. Але перад гэтым трэба пасеяць, вырасціць, зжаць жыта ды падрыхтаваць салому.
— Падыходзіць менавіта жыта, трыцікале занадта жорсткая, — удакладняе Вольга Роліч. — Пасля сушкі перабіраем яе, зрэзваем каласы, калі яны не патрэбны. Дзелім на каленцы і замочваем. Першае доўгае, з яго выходзяць ладныя кошыкі, другое — каб плесці зубатку, трэцяе — на анёлаў, больш простае ў працы.
Сухой саломай шмат чаго не спляцеш — ламаецца. А калі мокрая, яе можна ўкласці як трэба. Таму перад працай у шклянцы з кіпенем салому пакідаюць хвілін на дзесяць. Калі трэба, адбельваюць перакісам ці на сонцы.
— Работы Вольгі Роліч паляцелі нават у Марока, — дзеліцца поспехам калегі Таццяна Лебядзевіч. — Там у канцы мінулага года праходзіла сесія Міжурадавага камітэта па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Дык вось на ёй прынята рашэнне аб уключэнні саломапляцення Беларусі ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. А ў ліку работ, якія выстаўлялі там, — вырабы нашай умеліцы.
На днях ў Гродне адбылося рэгіянальнае свята народнай творчасці «Ад прадзіва да ткацтва», якое ладзяць у рамках рэалізацыі гранта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па адраджэнні ў сучасных умовах народных тэхналогій традыцыйнага ткацтва ў Гродзенскай вобласці. Прайшлі майстар-класы, у якіх маглі паўдзельнічаць гараджане і турысты. Там прадставілі палатно, якое склалі з міні-габеленаў. Іх ткалі рукадзельніцы з кожнага раёна вобласці. Дарэчы кажучы, шчучынскія чараўніцы ўдзельнічаць ва многіх святах. Напрыклад, вярнуліся з «горада майстроў», што працаваў на «Славянскім базары».
Часты госць на іх — майстрыха-вышывальшчыца Наталія Лябецкая. Ручнікі, сурвэткі, сувеніры, кашулі-вышыванкі — чаго толькі не ўмее!
![](/upload/iblock/37a/4rcp7x6kuw07azozyxuce3dwyikunrip.jpg)
— Шукаю ў інтэрнэце ўзоры, аб’ядноўваю іх, дадаю нешта сваё, — раскрывае сакрэт унікальных прынтоў Наталія. — Можна паказаць мне малюнак, і я яго вышыю. У асноўным попытам карыстаецца традыцыйны ўзор «Птушка». Большасць заказваюць работы ў чорна-чырвоных ці проста чырвоных тонах. Лепш за ўсё атрымоўваецца на тканіне з бавоўны ці льну. Нават для немаўлят вышыванкі раблю.
У цэнтры дзейнічае сем гурткоў: тры дарослыя і чатыры дзіцячыя. Ёсць тут і аматарскае аб’яднанне «Спадчына»: людзі сталага ўзросту збіраюцца і праводзяць вольны час актыўна, дзеляцца вопытам.
— Робім і выязныя майстар-класы, — працягвае Таццяна Лебядзевіч. — Удзельнічаем у «Школе актыўнага грамадзяніна», папулярызуем традыцыйную культуру. Зацікаўленых шмат, асабліва сярод навучэнцаў сельскіх школ.
![](/upload/iblock/17e/5kehbdhx5h4j1l2wcn5ixl8m4y7kmmns.jpg)
У ТЭМУ
Беларуская саломка стала пятым нацыянальным элементам у Спісе сусветнай нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА нараўне з абрадам «Калядныя цары» ў вёсцы Семежава Капыльскага раёна, урачыстасцю ў гонар шанавання абраза Маці Божай Будслаўскай у Будславе Мядзельскага, вясновым абрадам «Юр’еўскі карагод» у вёсцы Пагост Жыткавіцкага і культурай ляснога бортніцтва Беларусі на прыкладзе Лельчыцкага раёна.
ДАРЭЧЫ
У Шчучынскім раёне званне «Народны майстар Беларусі» маюць Ванда Машкевіч з вёскі Бабічы, якая займаецца карункапляценнем, ткачыха Марыя Карповіч з Крупава і Валянціна Краўчук са Шчучына — яна робіць вырабы з саломы.
grudnitskiy@sb.byБеларуская саломка стала пятым нацыянальным элементам у Спісе сусветнай нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА нараўне з абрадам «Калядныя цары» ў вёсцы Семежава Капыльскага раёна, урачыстасцю ў гонар шанавання абраза Маці Божай Будслаўскай у Будславе Мядзельскага, вясновым абрадам «Юр’еўскі карагод» у вёсцы Пагост Жыткавіцкага і культурай ляснога бортніцтва Беларусі на прыкладзе Лельчыцкага раёна.
ДАРЭЧЫ
У Шчучынскім раёне званне «Народны майстар Беларусі» маюць Ванда Машкевіч з вёскі Бабічы, якая займаецца карункапляценнем, ткачыха Марыя Карповіч з Крупава і Валянціна Краўчук са Шчучына — яна робіць вырабы з саломы.
![](/upload/iblock/cbc/c3682ty1scsctfwez2ghpi9ak0c0sqtm.jpg)
![](/upload/iblock/c6a/d53z4e2ytn1esb5ikw5wrj4ysb412mrd.jpg)
![](/upload/iblock/f9f/vkzkw60twe6oq8gtf5s1ges5og73bvwu.jpg)
![](/upload/iblock/cf1/kaxy3qkfc0dsqydt2gqzxn6hg364ir77.jpg)
![](/upload/iblock/6ce/mswzyhxp0gtlntpjrdt5htd00amicrxn.jpg)
![](/upload/iblock/b9c/3326h8vb26xcqy9cui5z5vaylqk6gbsg.jpg)
![](/upload/iblock/3a8/6nnwb76t9qefn77eynjddwtdinyfiuq4.jpg)
![](/upload/iblock/3e4/39l3a9juuprbloyuxozu8fk8fb88okjw.jpg)
![](/upload/iblock/bb2/h9e1ok3t9rp2oxkxpzi878wqssuxdo54.jpg)