Хрысціяне розных канфесій увайшлі ў перыяд Вялікага посту — час асаблівай аскезы. Аднак разнастайныя аскетычныя практыкаванні не з’яўляюцца самамэтай, інакш яны б мала чым адрозніваліся ад дыеты ці іншых праяў папулярнага цяпер здаровага ладу жыцця. Усе практыкі Вялікага посту служаць пакаянню чалавека, якое выражаецца ў споведзі — прызнанні Богу ў грахах у прысутнасці духоўнай асобы.
Евангелле перадае нам словы Хрыста, звернутыя да апосталаў: «Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаны; на кім пакінеце, на тым застануцца». Святары, якія спавядаюць, дзейнічаюць менавіта згодна з гэтым наказам Хрыста. Пры гэтым вернік прызнаецца ў сваіх грахах Богу, і сам Бог адпускае іх чалавеку праз святара.
Часта пытаюцца: дык навошта прысутнасць духоўнай асобы падчас споведзі, калі ў грахах мы прызнаемся самому Богу? Сэнс у тым, што падчас споведзі мы не проста інфармуем Бога, што ў нас ёсць тыя ці іншыя грахі. Ён і так пра гэта ведае. Словы Хрыста «на кім пакінеце [грахі], на тым застануцца» азначаюць магчымасць аб’ектыўнай ацэнкі: ці знаходзіцца вернік на такім этапе пакаяння, што хоча і можа прыняць Божае прабачэнне грахоў.
Можа здавацца, што ўсе хрысціяне адкрытыя для Божага прабачэння. Аднак гэта не так. Вось прыклад з чалавечых адносін. Пасля канфлікту чалавек кажа камусьці: «Калі раптам я зрабіў табе нешта кепскае, прабач мяне». Мы б, верагодна, адчулі, што ён нават не разумее, у чым вінаваты, не раскайваецца, не хоча пазбегнуць паўтарэння сітуацыі.
Таксама перашкодай у пакаянні можа быць тое, што вернік залічвае да грахоў тое, што імі не з’яўляецца: свае эмоцыі ці жыццёвыя няўдачы. Прысутнасць святара служыць для верніка дапамогай у аб’ектыўнай ацэнцы стану сваёй душы.
Ніхто з нас не жыве зусім адзін на нейкім востраве пасярод акіяна. Бог пасяліў нас у грамадстве, і рэалізуецца чалавек праз кантакты з іншымі людзьмі. На дарозе пакаяння вернікам дапамагаюць іншыя вернікі. Калі мы спавядаемся ў прысутнасці святара, мы таксама спавядаемся ўсяму Касцёлу (Царкве), і ўвесь Касцёл (Царква) дапамагае нам сваімі малітвамі.
У жыцці верніка могуць прысутнічаць як індывідуальныя формы пакання праз малітву, пост (аскезу) і міласціну (дабрачыннасць), так і сумесныя. Час сумеснага пакаяння — гэта ўвесь Вялікі пост. Божы план у тым, каб мы многае рабілі сумесна: маліліся, прытрымліваліся посту, дапамагалі іншым. Так і ў грахах: мы прызнаемся Богу індывідуальна і ў прысутнасці прадстаўніка Касцёла (Царквы).
Ксёндз Кірыл Бардонаў
Ксендз Кирилл Бардонов: Великий пост — время признаться в своих грехах
Час прызнавацца ў сваіх грахах
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.