Час паднімаць ветразі

Парадам парусных судоў па рэчцы Мухавец завяршылася дзевяцідзённая водная вандроўка з Пінска ў Брэст, прысвечаная 73-й гадавіне Перамогі  ў Вялікай Айчыннай вайне, памяці маракоў Чырванасцяжнай ордэна Ушакова I ступені Дняпроўскай ваеннай флатыліі і памяці партызан Палесся, якія на працягу сарака сутак трымалі абарону на подступах да Дняпроўскага канала.


Брэсцкае абласное грамадскае аб’яднанне “Турызм, экалогія, інвестыцыі” выступіла арганізатарам паходу. А яго ўдзельнікамі сталі экіпажы парусных яхт і катамаранаў з Мінска, Брэста, Гродна і Пінска. Старт супаў са святкаваннем у краіне 1 Мая. На борце маламерных судоў акрамя членаў экіпажаў знаходзіліся выхаванцы мясцовага клуба юных маракоў “Палескія гардэмарыны”. У месцы зліцця Піны і Прыпяці, там, дзе ў ліпені 1944 года пад варожым агнём з бранякатэраў Дняпроўскай ваеннай флатыліі высаджваўся на бераг армейскі дэсант, у памяць аб подзвігу герояў-вызваліцеляў на ваду дарослыя і дзеці спусцілі вянок. А ў вёсцы Зарэчка Драгічынскага раёна вянок усклалі да памятнага знака ў гонар партызан Брэсцкага і Пінскага злучэнняў.


Дзевяць дзён шляху, восем начлегаў на хвалях Піны, Мухаўца і Дняпроўска-Бугскага канала, праходжанне шлюзаў, знаёмства з флорай і фаўнай Палесся, наведванне знакавых гістарычных месцаў — усё ўжо ў гісторыі і памяці ўдзельнікаў. Наперадзе новыя вандроўкі і аповеды сябрам і знаёмым аб тым, як цёпла сустракаюць і праводзяць на Палессі гасцей...





Павел Куніцкі

kunizki-2010@mail.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter