15 годоў у агнi: мiнчанiн, якi ладзiць вогненныя шоу, распавядаў пра свае сакрэты

Чалавек з агеньчыкам

Нядаўна ў Мінску двое маладых хлопцаў падпалілі сябе ў цэнтры горада. Прычынай стала жаданне юных блогераў зарабіць больш лайкаў і праглядаў на YouTube. Акрамя мімалётнай славы, праўда, хлопцы атрымалі апёкі I і II ступені. З агнём жарты дрэнныя. Ці, можа, гэта залежыць ад таго, як да гэтай справы падыходзіць? Я пагутарыла з адным з першых фаершчыкаў у краіне, які займаецца ўтаймаваннем агню прафесійна і арганізоўвае яркія шоу зусім не дзеля папулярнасці ў сацыяльных сетках.

Калі падыходзіць да працы з агнём разумна, то не будзе нават нязначных апёкаў.

«Ты б яшчэ з агнём выступаў!»

15 гадоў таму Міхаіл Бярнацкі вучыўся ў Акадэміі мастацтваў на акцёра драмтэатра і кіно і думаць не думаў ні пра якія вогненныя шоу. Пераломным момантам стала сур'ёзная траўма калена і звязак. Многія заняткі, напрыклад па танцах, Міхаіл наведваць не мог:

— Куратар мне сказала, маўляў, прыходзь на ўрокі танца, сядзі і глядзі на іншых. Але гэта ж вельмі сумна! Тады я прыдумаў сабе занятак: пачаў пакручваць невялікую палачку спачатку паміж пальцамі, а потым, успамінаючы фільмы пра баявыя майстэрствы, стаў рабіць трукі з вялікай палкай на калідорах. У выніку мая выкладчыца па сцэнічным мастацтве ўбачыла адну з маіх «рэпетыцый» і сказала, што гэта можа стаць маім экзаменацыйным нумарам.

На адной з трэніровак студэнт Міша адпрацоўваў свой нумар з жалезнай палкай у зале, у якой з аднаго боку — люстэрка, а з другога — вокны. Знаёмыя студэнты заўважылі, што гэта не зусім спрыяльныя ўмовы для такіх трукаў, і пакпілі: «Ты б яшчэ агні на яе начапіў і рэпеціраваў тут!» З гэтай неспадзявана кінутай фразы і пачалося захапленне фаер-шоу, з усмешкай успамінае Міхаіл:

— Сам прыдумаў, як прымацаваць агні, і выйшаў неяк у двор акадэміі парэпеціраваць. Ох, тады ўсе з вокнаў вылезлі, пачалі за мяне перажываць! У выніку выкладчык па сцэнічным майстэрстве не без сумненняў, але дазволіў мне падрыхтаваць нумар з агнём на экзамен. Усім маім знаёмым выступленне вельмі спадабалася, а вось экзаменацыйная камісія не ацаніла — адзнаку я атрымаў невысокую. Сказалі: «Міша, агонь цябе пераіграў. Галоўным павінен быць агонь унутры».

Для таго каб пачаткоўцу трапіць у шоу, можа спатрэбіцца ўсяго месяц, запэўнівае Міхаіл.

«Яшчэ 30 хвілін — і каб усе разышліся»

Так, 15 гадоў таму Міхаіл Бярнацкі захапіўся вогненным шоу і асвоіў тэхніку такіх выступленняў самастойна. Спачатку арганізоўваў на вуліцах несанкцыянаваныя фестывалі агню, якія збіралі, ні многа ні мала, па 300—500 гледачоў:

— Такога людзі не бачылі раней, і гэта выклікала сапраўдны рэзананс. Праўда, прыязджала і міліцыя. Але праблем не было ніколі. Звычайна яны казалі: «Яшчэ 30 хвілін — і каб усе разышліся!» Змянілася маё стаўленне да гэтага пасля выбуху ў метро. Канешне, я нічога дрэннага не раблю, але падумаў, што хтосьці можа правесці паралелі паміж нашымі шоу і выбухам. Вырашыў праводзіць выступленні толькі законна. Узгадненне з гарвыканкамам і МНС аказалася справай няпростай, але інакш ніяк.


Зараз у краіне часта праходзяць легальныя фестывалі агню, а сам Міхаіл апошнім часам прыходзіць на іх як глядач або як член журы. Запрашаюць яго і ў суседнія краіны ў журы розных конкурсаў, але часцей за ўсё беларускі фаершчык адмаўляецца:

— Я гэта не вельмі люблю. Разумееце, ва ўсіх удзельнікаў — свае амбіцыі і жаданні. Не хочацца казаць, што адзін лепшы, а другі горшы. 

Сакрэты шоу

Шоу з падпальваннем сябе Міхаіл Бярнацкі не арганізоўвае. Кажа, што гэтая тэхніка спецыфічная і складаная. Ён і артысты з яго каманды падчас шоу жангліруюць агнём, выдзімаюць яго, выкарыстоўваюць піратэхнічныя фантаны, круцяць паі (ланцугі) і стафы (палкі, на канцах якіх гаручыя, але незгараючыя матэрыялы). Для таго каб пачаткоўцу патрапіць у шоу, можа спатрэбіцца ўсяго месяц, запэўнівае Міхаіл:

— Можна вывучыць 2—3 элементы і ўжо выступаць. Калі глядач не падрыхтаваны, не бачыў іншых фаер-шоу, то музыка і, напрыклад, прыгожая дзяўчына, чый нумар можа быць зусім простым, уразяць яго. Але я недалюбліваю такія выступленні, хоць і яны знаходзяць свайго гледача. Я прыхільнік складанай тэхнікі кручэння.

Навучаюцца ёй без агню. Адзін з самых простых і пацешных варыянтаў, які прыводзіць Міхаіл, — засунуць тэнісныя мячыкі ў звычайныя шкарпэткі і навучыцца імі круціць. Асвоіўшы гэтую тэхніку, можна пераходзіць да стафаў і ланцугоў. Дарэчы, скуру Міхаіл нічым не апрацоўвае перад выступленнем. Фаершчык тлумачыць: калі падыходзіць да працы з агнём разумна, то не будзе нават нязначных апёкаў:


— Хоць у СМІ раз-пораз усплываюць гісторыі пра тое, што згарэў той ці іншы фаершчык... Я думаю, што такія рэчы адбываюцца, ужо выбачайце, па тупасці альбо з-за жадання выпендрыцца. У адным з тысячы маіх шоу можа здарыцца апёк. Напрыклад, калі п'яны глядач ідзе на агонь з упэўненасцю, што «ён жа несапраўдны». Было і такое!

У апошнія 3—4 гады Міхаіл Бярнацкі трохі адышоў ад работы з агнём, спрабаваў займацца іншымі справамі, пра што цяпер шкадуе: страціў шмат кліентаў. Цяпер плануе нагнаць упушчанае і рухацца далей. А з больш глабальных планаў — удзел у Цырку дзю Салей.

matuzova@sb.by

Фота з архіва героя матэрыялу
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter