![](/upload/iblock/e61/e61bf9894101bda37185f9ee8d3bac5f.jpg)
Пачалі з паказу слайд-шоу. Пабеглі на экране фотаздымкі з яскравымі момантамі 15-гадовай дзейнасці “Ялiнкi”. Пасля ў вітальным слове беларускі Амбасадар Анатоль Сцёпусь адзначыў важнасць дзейнасці суполкі, яе ролю ў гуртаванні беларускай дыяспары Эстоніі, пашырэнні беларускай культуры. Амбасадар перадаў удзельнікам ансамбля суполкі каштоўны падарунак: беларускія канцэртныя строі. А мэр Маарду Уладзімір Архіпаў адзначыў: беларуская суполка “Ялiнка” сёння — адно з самых актыўных этнааб’яднанняў горада. І падарыў юбілярам камп’ютар.
Кульмінацыяй свята стаў вялізны, больш як на дзве гадзіны, канцэрт: з песнямі, танцамі. Гэта быў прыгожы калейдаскоп выступленняў як мясцовых творчых гуртоў, так і беларускіх з Таліна, Тарту, Нарвы, Йыхві. Шмат апладысментаў, кветак, падарункаў атрымалі юбіляры. А колькі добрых словаў ды пажаданняў было сказана!
Напрыканцы імпрэзы гасцей запрасілі яшчэ й на “Беларускую вечарыну”: там усе спявалі ды танцавалі, частаваліся смачнымі беларускімі стравамі. Ну і мы там, як кажуць, былі, смачна елі ды пілі...
Віктар Байкачоў, намеснік старшыні беларускай суполкі “Сябры”,
г. Нарва, Эстонія
Голас Радзімы № 3 (3555), чацвер, 18 студзеня, 2018 у PDF