У Смалявіцкім раёне запрацаваў унікальны завод па перапрацоўцы элементаў сілкавання: у суткі - амаль тона

Батарэйкі просяць штодня

Унікальная лінія, распрацаваная сумесна з вучонымі БНТУ, была сабрана яшчэ ў пачатку года. Але яе запуск стрымліваў працэс атрымання неабходных дакументаў. Сёння лінія прайшла ўсе ўзгадненні, у тым ліку экалагічную экспертызу, і пачала працаваць з запраектаванай магутнасцю. Карэспандэнт «Р» высвятляла, якія тэхналогіі прымяняюцца ў гэтай вытворчасці і на якіх рынках чакаюць атрыманую сыравіну.

У госці звычайна едуць з падарункам. Вязу гасцінец і я: выкарыстаныя батарэйкі, якія, як вядома, выкідаць разам з бытавым смеццем нельга — у выніку парушэння цэласнасці корпуса хімічныя элементы, што змяшчаюцца ў элементах сілкавання, могуць трапіць у навакольнае асяроддзе і прычыніць вялікую экалагічную шкоду. 

Сабраныя батарэйкі абавязкова сартуюцца. 

— Справа ў тым, што на перапрацоўку паступаюць толькі салявыя і шчолачныя батарэі, — майстар участка Аляксандр Окунь уважліва разглядае прывезеныя мной элементы сілкавання. — Іх у нас пераважная большасць, каля 85%, таму што вытворцы даўно адмовіліся ад іншых — з утрыманнем свінцу, кадмію, літыю. Але трапляюцца яшчэ і такія. Што ў вас? Ёсць надпіс «алкалайн»? Такія дакладна пойдуць на перапрацоўку. 

Свінец утрымліваюць тыя батарэі, якія мы называлі кронамі, кадмій — акумулятары, на якіх працуюць шрубакруты. Літый сустракаецца ў трубках старых радыётэлефонаў, у батарэях ноўтбукаў, а таксама ў батарэйках-«таблетках». Не прападуць і гэтыя элементы сілкавання — ёсць дамоўленасці аб продажы іх замежным вузкаспецыялізаваным прадпрыемствам.

Сабраныя батарэйкі абавязкова сартуюцца.
Сваёй чаргі на перапрацоўку чакае каля 180 тон батарэек, якія захоўваюцца ў герметычных бочках. З улікам таго, што зараз лінія апрацоўвае каля тоны элементаў сілкавання за суткі, працы ёй хопіць на бліжэйшы год. 

— Паўсюль ідзе далейшы збор батарэек, свядомасцю грамадзян у пытанні ўтылізацыі элементаў сілкавання мы задаволены, — зазначае Ігар Гарбачоў, намеснік генеральнага дырэктара ААТ «БелВТІ». — У бліжэйшы час чакаем з усёй краіны каля тысячы кантэйнераў, якія змяшчаюць 20—30 кг, гэта значыць, 20—30 тон. Няма сумненняў, што на будучы год пяройдзем на двухзменны рэжым працы. 

Перапрацоўчую лінію абслу-гоўваюць тры чалавекі — аператар і два сартавальнікі. Пакуль што батарэйкі сартуюць уручную, але прадпрыемства чакае ўстаноўку, якая будзе рабіць гэта аўтаматычна, што дазволіць паскорыць працу. Ёсць два варыянты, што распрацоўваюцца спецыяльна для «БелВТІ»: рэнтгенаўская ўстаноўка і апарат, звязаны з аптычнымі тэхналогіямі.

Перабраныя батарэйкі засыпаюцца ў бункер, адкуль паступаюць у шрэдар або драбілку. Там устаноўлены барабан з нажамі, які літаральна перамолвае элементы сілкавання. Атрыманая сыравіна па шнэку падаецца ў так званы грохат. Там у выніку моцнай вібрацыі вызваляецца змесціва элемента сілкавання. Аддзяліць буйную фракцыю ад дробнай дапамагае спецыяльная сетка. Далей магнітныя сепаратары раздзеляць чорныя і каляровыя металы. Ад пылу, непазбежнага пры такіх працэсах, ад паху аміяку засцерагае пылаўлоўная сістэма.

З бункера элементы сілкавання трапляюць у драбілку.

У выніку перапрацоўкі батарэек атрымліваецца тры віды сыравіны. Чорныя металы, з якіх вырабляецца корпус, адправяцца на прадпрыемства «Белдругчармет». Сумесь з утрыманнем каляровых металаў, пераважна цынку, і вугальна-марганцавую сумесь гатовы купляць некаторыя ра-сійскія металургічныя прадпрыемствы. 

— Лінію пры неабходнасці можна дааснасціць, — кажа Ігар Сяргеевіч. — Шрэдар мае дастатковую магутнасць, каб размеркаваць паток на дзве лініі, тым самым павялічыць прадукцыйнасць. Вялікіх укладанняў гэта не запатрабуе.

Чорныя металы адправяць на далейшую перапрацоўку, сумесь з утрыманнем каляровых металаў — на металургічную вытворчасць.

Нягледзячы на продаж прадуктаў перапрацоўкі і кампенсацыю за збор элементаў сілкавання ад апе-ратара другасных матэрыяльных рэсурсаў, на самаакупнасць лініі па перапрацоўцы батарэек на «БелВТІ» не спадзяюцца. Гэта хутчэй экалагічны праект, чым камерцыйны. 

nevmer@mail.ru  
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter