Шесть первоклассников переступили порог средней школы им. Ф.М. Достоевского – Пуцыкович

Акунаючыся ў свет творчасці

Валянціна Пуцыковіч: «Шэсць першакласнікаў учора пераступілі парог Дастоеўскай сярэдняй школы імя Фёдара Міхайлавіча Дастаеўскага»

Прыбраныя хлебныя нівы з усіх бакоў акружаюць іванаўскі аграгарадок Дастоева. Праз пакацістае поле такое ж прывабнае мястэчка Моладава, а крыху далей старажытны Моталь. У дастоеўскіх агародчыках палаюць рознымі колерамі вясёлкі пышныя вяргіні, астры. Пасля летняга зацішша ажыў звонкімі дзіцячымі галасамі патанаючы ў кветках падворак СШ імя Ф. М. Дастаеўскага. Сусветна вядомы пісьменнік застыў у бронзе на крэсле, усталяваным на высокім пастаменце паміж велічным будынкам навучальнай установы і строгім мураваным храмам. Мімаволі прыгадалася мудрае выказванне слыннага творцы: «Жыццё куды багацей нашых выдумак. Нельга ўявіць тое, што дае самае звычайнае, заўраднае жыццё». Знаходзячыся ў гэтых мясцінах, немагчыма мінуць унікальны школьны літаратурна-краязнаўчы музей Фёдара Міхайлавіча Дастаеўскага. Створаны сорак гадоў таму настаўнікамі і вучнямі, ён набыў статус народнага. Эстафету захавальніка фондаў шэсць гадоў таму прыняла Валянціна Пуцыковіч. Летась Валянціна Уладзіміраўна ўзнагароджана ордэнам «Зорка Дастаеўскага». Гісторыя і краязнаўства захаплялі яе са школьных гадоў. Дапамагала маці Еўдакіі Апанасаўне даіць калгасных кароў, упраўляцца па хатняй гаспадарцы. Марыла стаць настаўніцай. Пасля васьмігодкі паступала ў педвучылішча, але не прайшла па конкурсе. Скончыла сярэднюю школу. Вырашыла здаць экзамены на гістарычны факультэт БДУ. Атрымала пяцёрку і тры чацвёркі, але не хапіла балаў для залічэння. Працавала рабочай на кансервавым заводзе, там і сустрэла свайго каханага. Пажаніліся з Аляксандрам. Выхавалі дачку Святлану. Здзейсніла Валянціна Уладзіміраўна і сваю мару — стала студэнткай гістфака. Завочна атрымлівала вышэйшую адукацыю і працавала піянерважатай, настаўніцай гісторыі, намеснікам дырэктара школы, інспектарам раённага аддзела народнай адукацыі, спецыялістам аддзела ідэалогіі Іванаўскага райвыканкама.


–Новы віток жыцця пачаўся ў народным літаратур-на-краязнаўчым музеі Дастоеўскай сярэдняй школы імя Ф. М. Дастаеўскага, — падсумоўвае захавальніца фондаў гэтай установы Валянціна Пуцыковіч. — Гісторыяй захаплялася са школьных гадоў. Цікавілася назвай роднай вёскі Уласаўцы, больш падобнай на купкі хутароў. Большасць землякоў насілі прозвішча Уласавец. Выхоўвала мяне маці. У Адрыжынскую СШ хадзілі па грэблі за шесць кіламетраў. Зімою набіралі снег у валёнкі, а ў школе выкідалі яго, сушылі абутак. На вясновых канікулах бегалі босыя, сабіралі букеты з жоўтай лотаці. Размешчана наша вёска на пясчаным узгорку, агароды засявалі за два кіламетры ў нізіне.

— Валянціна Уладзіміраўна, што больш прыгадваецца з дзяцінства?

— У памяці маладыя настаўніцы, што жылі ў нас на кватэры, хацелася б зноў сустрэцца з імі. Пасля заканчэння педінстытута яны працавалі ў нашай вясковай школе. Да іх прыходзілі кавалеры. У мяне былі кучаравыя валасы. Кватаранткі расчэсвалі іх, запляталі косы, дапамагалі рыхтавацца да заняткаў. Бачылі, як я ўпраўлялася разам з маці па гаспадарцы. Дзяцінства праходзіла ў такой цеплыні.

За мінулыя паўвека кардынальна змянілася вясковае жыццё. У час экскурсіі па залах нашага музея паказваю наведвальнікам экспанаты з вясковага побыту і пытаюся, для чаго прызначаліся. Рэдка хто ўгадвае. Больш за тры тысячы дакументаў, фотаздымкаў, розных рэчаў сабрана за сорак гадоў дзейнасці музея. Ідэя яго стварэння даўно існавала ў першага дырэктара школы Сямёна Мартынавіча Крапчука. З вучнямі збіраў экспанаты, прысвечаныя вызваленню Дастоева ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Настаўніца рускай мовы і літаратуры Людміла Лявонцьеўна Раманава стварыла куток Ф. М. Дастаеўскага. У розныя гады шмат старання да арганізацыі музея прыклалі краязнаўца Іван Сямёнавіч Крапчук, былы партызан Мікалай Аляксандравіч Кухарчук, педагогі Вячаслаў Андрэевіч Ткачук, Анатоль Іосіфавіч Бурак, Алена Мікалаеўна Мацукевіч. У той час у райвыканкаме займаліся афармленнем дакументаў маёнтка Дастаеўскіх, давялося і мне актыўна ўдзельнічаць у гэтай справе. Потым прапанавалі ўзначаліць музей. З'явілася задума аднавіць маёнтак Дастаеўскіх, спатрэбіўся эрудзіраваны захавальнік. Мая гістарычная адукацыя была дарэчы.

У фондах музея, які адлічвае пятае дзесяцігоддзе, звыш трох тысяч экспанатаў. З дзесяці тэматычных раздзелаў два прысвечаны сусветна вядомаму пісьменніку Фёдару Дастаеўскаму. Карані яго радаводу звязаны з нашымі мясцінамі.

— Як высветлілі, што яны бяруць пачатак ў гэтым глыбінным куточку?

— Давялося прыкласці шмат намаганняў у зборы звестак. Адшукалі ў архівах дакументы Пінскага княства, у якіх упершыню ў 1452 годзе прыгадваецца Дастоева. Частку яго і навакольных вёсак ў 1506-м пінскі князь Фёдар Яраславіч падараваў Даніле Іванавічу Рцішчаву — заснавальніку роду Дастаеўскіх. Яго нашчадкі жылі ў маёнтку Дастоева да другой паловы ХVII стагоддзя. На месцы іх радавой сядзібы ўстаноўлены памятны знак. У экспанатах музея захоўваецца ўнікальная спадарожная кніга манаха Кіева-Пячорскай лаўры ХVІІ стагоддзя. Амаль паўвека таму яе знайшоў трактарыст, калі побач з маёнткам Дастаеўскіх выпадкова выкапаў з зямлі куфэрак. Напоўнены ён быў адзеннем, кнігамі. Пад дажджом знойдзеныя рэчы папсаваліся, а малітваслоў у скураным пераплёце не пашкодзіўся. Надрукаваны ён на стараславянскай мове ў форме пытанняў і адказаў.

У нашых фондах шмат іншых унікальных артэфактаў. Асабліва каштоўныя «Карта земельных наделов деревни Вулька-Достоевская 1865 года», «Карта границ имения деревни Достоево» (1894), падборка часопісаў «Нива» за 1912 год, выданне твораў Ф. М. Дастаеўскага 1912 года, прыжыццёвы фота­здымак Ф. М. Дастаеў­скага 1878 года, запіскі сына пісьменніка Фёдара, поўны збор твораў класіка ў дваццаці тамах. Пяць гадоў таму атрымалі ў дар ад дабрачыннага фонду «Возрождение Тобольска» факсімільнае выданне «Евангелие Достоевского».


— Чым унікальны гэты экспанат?

— Тым, што ў час табольскай высылкі катаржанін Дастаеўскі ніколі з Евангеллем не раставаўся. Арыгінал знаходзіцца ў Расійскай дзяржаўнай бібліятэцы. Выдадзена абмежаваная колькасць факсімільнага выдання. Захоўваецца яно ў сувенірнай скрынцы, падобнай на лагер катаржнікаў. Гэта Евангелле — своеасаблівы ключ да разгадкі многага ў творах пісьменніка. Так, у рамане «Злачынства і пакаранне» Сонечка Мармеладава чытае з Раскольнікавым прытчу пра ўваскрэсенне Лазара:

«...на столе лежала какая-то книга. Это было старое Евангелие 1823 года».

У рамане «Браты Карамазавы» практычна пераказана ўсё Евангелле ад Іаана і Апакаліпсіс. І ў рамане «Бесы» шмат спасылак на Апакаліпсіс. Калі паглыбляешся ў сэнс гэтых твораў, мімаволі адчуваеш прадказанні геніяльнага творцы. На апошняй старонцы рамана «Ідыёт» ён па-прарочы выказаўся пра сённяшнюю Еўропу.

— Адкрыйце гэту таямніцу чытачам «Сельской газеты».

— Няхай шаноўныя сябры паважанага выдання звернуцца да спадчыны Фёдара Дастаеўскага і паразважаюць над філасофіяй аўтара. Многія яго творы прадказальныя, пісаў ён не для свайго часу. У трыццатыя гады мінулага стагоддзя ў Германіі абагаўлялі пісьменніка. Нямецкія газеты таго часу пісалі: «Якім вялікім і шматабяцаючым павінен быць народ, з якога выйшаў такі прадказальнік. Благаслаўлёны народ, які здольны быў яго нарадзіць. Ці не будзе гэты народ народам новай эры, новай страсці. Карацей кажучы, новага свету. Як жа мы далёка адсталі ад гэтага цудоўнага народа».

Да абвяшчэння заходнееўрапей­скімі краінамі санкцый да нас пастаянна наведваліся дэлегацыі з розных куткоў свету. Планетарным стала імя рускага пісьменніка

Фёдара Дастаеўскага. У нямецкага прафесара, які вывучае творчасць Фёдара Міхайлавіча, пацікавілася, ці сапраўды ў Германіі так высока цэняць класіка. У адказ пачула: «Тупы чалавек Дастаеўскага чытаць не будзе». Ён расказаў, што многія, хто прачытаў раманы «Злачынства і пакаранне», «Ідыёт», «Браты Карамазавы», «Падлетак», сталі выдатнымі псіхолагамі. Адзначыў навуковец, што на працягу дзесяцігоддзяў у Германіі па выданнях на першым месцы Біблія, на другім — творы Дастаеўскага.

Многія замежныя наведвальнікі музея адзначаюць, што ў іх краінах высока цэняць творцу. Турысты з далёкай Японіі ў час экскурсіі на пытанне, хто з рускіх найбольш вядомы ў іх, аднагалосна назвалі Фёдара Дастаеўскага.

Нядаўна гасцямі сталі супрацоўнікі раённага следчага камітэта. Мой расповед пра гісторыю стварэння рамана «Злачынства і пакаранне» ператварыўся ў майстар-клас. Дзве гадзіны дэталёва абмяркоўвалі твор з юрыдычнага пункта гледжання. Дзіўна, як за тры допыты літаратурны герой Дастаеўскага следчы Парфірый Пятровіч, не маючы ні адзінага рэчавага доказу, раскрыў злачынцу Раскольнікава і той прыйшоў з пакаяннем. Хваляванне ахоплівала мяне перад сустрэчай з такімі прафесіяналамі. Прыводзіла ім чыста літаратурныя прыёмы аўтара. Юрысты пагадзіліся, што ўсім ім трэба з алоўкам у руках перачытаць гэты геніяльны твор.

Пастаянна ладзім экскурсіі для расійскіх турыстаў, што вандруюць на цеплаходзе «Белая Русь» па Днепра-Бугскім канале. Запомніўся прыезд групы масквічоў, аматараў творчасці пісьменніка з суполкі пры Маскоўскай бібліятэцы імя Ф. М. Дастаеўскага. Перад вандроў­кай у Беларусь яны наведалі ўсе сем існуючых сёння ў свеце музеяў генія. Госці былі ў захапленні ад убачанага ў нашай установе. Аніяк не маглі паверыць у тое, што ў вясковай школе можа быць такі цуд. З цікавасцю аглядалі месца былой сядзібы роду Дастаеўскіх ва ўрочышчы Сад. Пяць гадоў таму падрыхтаваны праект Саюзнай дзяржавы па стварэнні музея-сядзібы Дастаеўскіх у Дастоеве… Раней у Цэнтральным дзяржаўным архіве Украінскай ССР знойдзены дакументы з падрабязным апісаннем маёнтка. Там на 16 старонках на старапольскай мове ўсё апісана. Наш зямляк былы выкладчык Брэсцкага дзяржпедуніверсітэта Андрэй Гарбацкі тэкст пераклаў на родную мову. Стала вядома, як раней выглядала сядзіба. Калі Дастаеўскія пераязджалі з Дастоева ва Украіну, маёнтак у іх набылі продкі вядомага расійскага кампазітара Ігара Стравінскага. Спадзяваемся, што праект па аднаўленні маёнтка будзе рэалізаваны. Вядомы расійскі пісьменнік і гісторык, знаўца творчасці Дастаеўскага, заслужаны прафесар Маскоўскага дзяржуніверсітэта Ігар Волгін пасля наведвання Дастоева выказаў думку, што гэта мясціна магічнага абаяння і тут павінен быць створаны гісторыка-культурны запаведнік, цэнтр міжнароднага турыстычнага паломніцтва. Гэта справа нашага сумлення і любові… Можа знікнуць нафта, газ, але Дастаеўскі — той духоўны рэсурс, які ніколі не скончыцца.


— Ці часта школьнікі прыязджаюць у музей?

— У нашым раёне дзейнічае пілотны праект. Перад вывучэннем творчасці Дастаеўскага юнакі прыязджаюць да нас. Экскурсію звычайна праводзяць нашы вучні. Непадрыхтаванаму чытачу цяжка зразумець псіхалагічныя творы класіка. У нас тры групы экскурсаводаў, навучэнцы набываюць навыкі камуні­катыўных зносін.

Наведвальнікі музея часам задаюць нялёгкія пытанні. Бывае, што надта складана адказваць ім. Некаторыя часткі твораў пісьменніка перачытваю дзясятак разоў, каб запомніць дэталі. Захапілася яго дзённікамі. Знаёміцца з імі вельмі цікава для сентыментальных жанчын. Як вядома, Дастаеўскі быў заўзятым наведвальнікам казіно, прайграваў там вялікія сумы грошай. Пасля ўзяцця другога шлюбу з маладой заможнай жонкай адправіўся ў падарожжа па Еўропе. Не мінулі вядомы нямецкі курорт Бадэн-Бадэн. Там ён так захапіўся гульнёй у казіно, што страціў усе сродкі. Заклаў у ламбард ювелірныя ўпрыгожванні жонкі. Пра тое, як потым на каленях прасіў даравання ў яе, пісьменнік захапляльна расказвае ў падарожным дзённіку.

— Нашчадкі пісьменніка жывуць у Расіі. Ці ведаюць яны пра дастоеўскі школьны музей?

— Першым нам даслаў пісьмо з Санкт-Пецярбурга ўнук творцы Андрэй Фёдаравіч Дастаеўскі. Потым падараваў кнігу з подпісам «Роднай вёсцы Дастоева ад удзячнага нашчадка». Зацікавіўся нашым музеем яго сын Аляксей. Быў у нас і самы маленькі нашчадак роду — дванаццацігадовы Фёдар Дастаеўскі. З цікавасцю слухаў пра карані радаводу, сустракаўся з вучнямі школы. Запомніцца гэта сустрэча і нашым выхаванцам.

— Прозвішча Дастаеўскіх пай­шло ад назвы вёскі ці наадварот?

— Нашчадкі роду пасяліліся тут, як сведчаць архіўныя дакументы, калі ўжо існавала паселішча Дастоева. Назва яго паходзіць ад рускага слова «достойный» (які мае пэўную маёмасць). У нашай мясцовасці прозвішчы тутэйшых сведчаць, чым у асноўным яны займаліся: Ткачукі, Кухарчукі, Бандарукі, Гарбары. З часоў Вялікага Княства Літоўскага пінскія князі ў наваколлі сялілі рамеснікаў, якія іх абслугоўвалі. Гэтыя пасяленцы цудоўна валодалі пэўным рамяством. І зараз у аграгарадку што ні падворак, то сапраўдная казка. Культура трымаецца на высокім узроўні. Не спыняем ў школе краязнаўчую работу. Для мяне праца ў музеі — асалода. Люблю акунуць школьнікаў у свет творчасці, захапіць іх шэдэўрамі Дастаеўскага. Нашы выхаванцы з задавальненнем прымаюць удзел у навуковых канферэнцыях, літаратурных конкурсах. Ладзім для вучняў арыгінальныя ўрокі літаратуры і гісторыі, малявання і музыкі. Навучэнцы выступаюць на канферэнцыях рознага ўзроўню з цікавымі дакладамі. З юнымі даследчыкамі збіраем звесткі пра гісторыю Дастоева. Сёння ў аграгарадку звыш 450 жыхароў, створана спрыяльная інфраструктура. Цэнтральную частку ўпрыгожваюць Палац культуры, кафэ, адміністрацыйны будынак кіраўніцтва ААТ «Дастоева», дзіцячы садзік.

— Валянціна Уладзіміраўна, пачаўся новы навучальны год. Што новага прынёс ён у вашу творчую дзейнасць?

— Галоўнае — не спыняцца і крочыць далей. Асабліва гэта актуальна ў абвешчаны на дзяржаўным узроўні Год міру і стварэння. Цудоўна, што ладзіцца справа ў хлебаробаў. На палях убрана збажына, добра ідзе праца на фермах. Важна быць і духоўна багатым. Побач з будынкам школы ўзвышаецца Святатраецкі храм. Калі сустракаю на школьным двары наведвальнікаў музея, то ля помніка Фёдару Міхайлавічу Дастаеўскаму падкрэсліваю, што яму пашчасціла ў нас ўвекавечыцца паміж духоўным храмам і храмам ведаў. Перад помнікам прыгожы кветнік у выглядзе раскрытай кнігі. Як заклік да чытання. У дні святкавання 200-годдзя з дня нараджэння Фёдара Міхайлавіча злучылі духоўнае са свецкім: у цэнтры аграгарадка прыгожы крыж з вобразам Міколы Цудатворца. Там усталяваны памятны знак у гонар 515-годдзя стварэння маёнтка Дастоева і 200-годдзя з дня нараджэння Фёдара Міхайлавіча Дастаеўскага. На месцы маёнтка навукоўцы з Аляксандра-Неўскай лаўры (Санкт-Пецярбург), дзе навечна спачывае пісьменнік, пасадзілі жалуды. Вырасла 11 дубкоў. Нашчадак знакамітага роду Аляксей Дастаеўскі таксама прыслаў пасылку з прарослымі жалудамі. Пасадзілі іх на алеі і каля нашага храма. Вось такі прыклад сапраўднай духоўнасці.

Шэсць першакласнікаў учора пераступілі парог Дастоеўскай сярэдняй школы імя Ф. М. Даста­еўскага. Безумоўна, застанецца ў іх памяці першы ўрок, праве­дзены Валянцінай Уладзіміраўнай Пуцыковіч ў народным літаратурна-краязнаўчым музеі. Юным шкалярам пашчасціла нарадзіцца і жыць у гэтым духоўна багатым куточку Беларусі.

subbat50@mail.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter